Еўрапейскі вожык

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Звычайны вожык)
Еўрапейскі вожык
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Erinaceus europaeus Linnaeus, 1758

Натуральны арэал звычайнага вожыка
выява
Таксама звычайныя вожыкі штучна ўключаны ў прыроду Новай Зеландыі.
Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  633540
NCBI  9365
EOL  13995149
FW  104181

Еўрапе́йскі во́жык, або звыча́йны во́жык (Erinaceus europaeus) — млекакормячае сямейства вожыкавых. Еўрапейскія вожыкі маюць на целе характэрныя іголкі для абароны ад драпежнікаў і харчуюцца пераважна насякомымі, чарвякамі і мнаганожкамі. На працягу пэўнага часу гэты біялагічны від знаходзіўся пад пагрозай праз забруджванне навакольнага асяроддзя і інтэнсіўны дарожны рух, але ў сучаснасці гэтыя праблемы былі ліквідаваныя.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Лацінская назва вожыка — Erinaceus — паходзіць ад слова «ericius», што ў перакладзе значыць «калючы бар'ер». У Польшчы вядомы як «заходні вожык» (Jeż zachodni). Назва «звычайны вожык» у беларускай мове на сённяшні дзень не адпавядае рэальнаму становішчу рэчаў, паколькі на тэрыторыі Беларусі ўсе апісаныя экзэмпляры заалагічных калекцый належаць да віда белагрудыя вожыкі (Erinaceus concolor). Зрэшты, вылучэнне белагрудых вожыкаў у асобны від (раней іх разглядалі як падвід еўрапейскіх вожыкаў — вожык звычайны паўднёвы[1]) адбылося адносна нядаўна.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Еўрапейскі вожык — жывёла невялікіх памераў. Даўжыня яго цела складае 22,5—27,5 см, хваста — 2,0—3,5 см, маса цела — 0,45—1,2 кг. Вушы адносна невялікія (звычайна менш 3,5 см). Пыса выцягнутая. Нос у жывёльнага востры і пастаянна вільготны. У звычайных вожыкаў, якія жывуць на Кіпры, вушы больш буйныя. На верхняй сківіцы ў вожыкаў 20 дробных вострых зубоў, а на ніжняй — 16. Верхнія разцы шырока расстаўленыя, пакідаючы месца для прыкусу ніжняга разца. Галава адносна буйная. На верхняй частцы лапаў па 5 пальцаў з вострымі кіпцюрамі. Заднія канечнасці больш доўгія, чым пярэднія. Іглы ў звычайнага вожыка кароткія, не больш за 3 см. На спіне, баках і галаве іголкі дасягаюць у даўжыню 2 см. Унутры яны полыя, напоўненыя паветрам. Растуць іголкі з такой жа хуткасцю, як і валасы. Паміж іголкамі размяшчаюцца тонкія, доўгія, вельмі рэдкія валасы. Галава і чэрава пакрытыя грубаватымі і звычайна цёмнаафарбаванымі валасамі. У дарослых вожыкаў звычайна 5—6 тысяч іголак, у больш маладых асобін — каля 3 тысяч.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Распаўсюджаны ва ўмераным клімаце Заходняй і Цэнтральнай Еўропы (да захаду і поўначы Польшчы), Скандынавіі і на паўночным захадзе еўрапейскай часткі Расіі. Зрэдку сустракаецца на поўнач ад 60° пн.ш. Паводле некаторых звестак, не пацверджаных калекцыйнымі экзэмплярамі, сустракаецца на поўначы і ўсходзе Віцебскай вобласці Беларусі[2]. Інтрадукаваны ў Новай Зеландыі.

Селіцца ў лясах, на высечках, у пасевах сельскагаспадарчых культур, на агародах, у садах, поймах рэк.

Экалагічна падобны з белагрудым вожыкам. Заўважана, што ў месцах, дзе сустракаюцца абодва віды вожыкаў, еўрапейскага вожыка знаходзяць звычайна ў глыбіні лясных масіваў, а белагрудага — па ўзлесках, высечках, хмызняках.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Жыве па адным або парамі. Гнёзды на зямлі, часам у норах.

Начная жывёла. Корміцца насякомымі, жабамі, яшчаркамі, змеямі, мышападобнымі грызунамі, сакаўнымі пладамі і ягадамі.

Зіму праводзіць у спячцы. Нованароджаныя вожыкі трапляюцца ўсё лета. У прыплодзе 3—8 дзіцянят.

Утрыманне ў няволі[правіць | правіць зыходнік]

Добра пераносіць няволю.

Зноскі

  1. ЭПБ. Т. 1. С. 483
  2. Гричик В. В., Бурко Л. Д. Животный мир Беларуси. Позвоночные: учеб. пособие. — Мн.: Изд. центр БГУ, 2013. — 399 с. ISBN 978-985-553-128-0

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гричик В. В., Бурко Л. Д. Животный мир Беларуси. Позвоночные: учеб. пособие. — Мн.: Изд. центр БГУ, 2013. — 399 с. ISBN 978-985-553-128-0
  • Корачкіна Л. Вожык звычайны // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 1. — Мн.: БелСЭ. 1983.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]