Перайсці да зместу

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Новы Пагост)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы
55°29′46″ пн. ш. 27°28′29″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Новы Пагост
Канфесія Каталіцтва
Епархія Віцебская дыяцэзія
Дэканат Шаркаўшчынскі
Архітэктурны стыль народнае дойлідства
Першае згадванне 1593
Дата пабудовы 1766 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000566шыфр 213Г000566
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Касцёл Найсвяцейшай Тройцы — драўляны каталіцкі храм у вёсцы Новым Пагосце Мёрскага раёна Віцебскай вобласці. Размешчаны ў заходняй частцы вёскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першы касцёл у Новым Пагосце быў фундаваны канцлерам Вялікага Княства Літоўскага Львом Сапегам і каралём Жыгімонтам III у 1593 годзе. Ён быў спалены маскоўскімі войскамі падчас войнаў пры каралі Яну Казіміру. У 1656 годзе касцёл быў адбудаваны пасля пажару.

У 1766 годзе вернікі пабудавалі новы драўляны касцёл. Ён быў невялікі, на мураваным падмурку, асвечаны ў гонар Найсвяцейшай Тройцы. У галоўным алтары знаходзіліся тры сярэбраныя кароны. У адным з бакавых алтароў размешчаны абраз Маці Божай Балеснай, а ў другім — Святога Антонія. Навокал касцёла былі могілкі. Будаўнік гэтай святыні ксёндз Пясляк дабіўся ад тагачаснага віленскага біскупа адасаблення Пагосту ад Іказні і стаў першым пробашчам у Пагосце. Віленскі біскуп Ігнацы Якуб Масальскі дэкрэтам ад 14 ліпеня 1766 года зацвердзіў самастойную парафію Пагост.

У 1845 годзе касцёл згадваецца як струхнелы. Ён патрабаваў значнага рамонту. У 1859 годзе яго адрэстаўраваў і павялічыў пробашч ксёндз Ян Шырын.

Пасля арышту савецкімі ўладамі ксяндза пробашча Юзафа Інгелевіча ў 1949 годзе касцёл зачынілі. Спачатку ў ім быў склад збожжа, пасля — спартыўная зала.

У 1990 годзе святыню аддалі вернікам. 15 мая 1990 года біскуп Эдвард Кісель з Беластока, ураджэнец мясцовай парафіі, у прысутнасці ксяндза біскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Адміністратара Касцёла на Беларусі, і біскупа Эдварда Азароўскага з Беластока ўрачыста асвяціў касцёл.

На тэрыторыі парафіі таксама знаходзяцца капліца пад тытулам Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Більдзюгах, капліца ў вёсцы Воўкаўшчына, найстарэйшая — пабудавана ў 1750 годзе — драўляная капліца пад тытулам Святога Міхала ў маёнтку Стафанова.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Помнік народнага дойлідства. Вырашаны прамавугольным зрубам пад двухсхільным дахам, які выходзіць на фасад трохвугольным франтонам, завершаным трох’яруснай чатырохграннай сігнатуркай, над алтарнай часткай — 1-яруснай. Да пяціграннай апсіды далучаны бакавыя квадратныя ў плане высокая і нізкая сакрысціі. Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі.

Касцёл абкружаны бутавай агароджай, у вуглу якой, перад храмам, пастаўлена 4-гранная 2-ярусная драўляная вежа-званіца. Верхні каркасны адкрыты ярус-звон накрыты пакатым шатровым дахам, ніжні глухі гарызантальна ашаляваны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]