Перайсці да зместу

Тадэвуш Кандрусевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Тадэвуш Кандрусевіч
Герб
Quis ut Deus
Хто ж як Бог
2-і Арцыбіскуп-Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
21 верасня 2007 3 студзеня 2021
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Папярэднік Казімір Свёнтак
Пераемнік Іосіф Станеўскі
3-і Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
3 чэрвеня 2015 3 студзеня 2021
Царква Каталіцкая Царква
Папярэднік Аляксандр Кашкевіч
Пераемнік Алег Буткевіч
4-ы Апостальскі адміністратар sede vacante і ad nutum Sanctae Sedis Пінскай дыяцэзіі
30 чэрвеня 2011 16 чэрвеня 2012
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Папярэднік Казімір Свёнтак
2-і Апостальскі адміністратар[1] sede vacante і ad nutum Sanctae Sedis Мінскай дыяцэзіі
10 мая 1989 13 красавіка 1991
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Папярэднік Баляслаў Слосканс
29-ы Тытулярны біскуп Гіпон-Дыярыцкі
10 мая 1989 11 лютага 2002
Царква Каталіцкая Царква
Папярэднік Франсішку Мануэл Віейра
Пераемнік Хасэ Паала Саласар OP
1-ы Арцыбіскуп-Мітрапаліт мітраполіі Маці Божай з цэнтрам у Маскве
11 лютага 2002 21 верасня 2007
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Пераемнік Паала Пецы
1-ы Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расіі
2 сакавіка 1999 21 студзеня 2005
Царква Каталіцкая Царква
Пераемнік Іосіф Верт
Апостальскі адміністратар для каталікоў лацінскага абраду еўрапейскай часткі Расіі
13 красавіка 1991 11 лютага 2002
Царква Рымска-Каталіцкая Царква

Адукацыя
Навуковая ступень доктар багаслоўя[d]
Дзейнасць каталіцкі святар, каталіцкі біскуп
Нараджэнне 3 студзеня 1946(1946-01-03) (80 гадоў)
Бацька Ігнат Кандрусевіч
Маці Ганна, народ. Шуста
Прэсвітарская хіратонія 31 мая 1981 ад Людаса Павілоніса MIC
Епіскапская хіратонія 20 кастрычніка 1989 ад Яна Паўла II (разам з Эдуардам Ідрысам Касідзі і Франчэска Каласуона)

Узнагароды
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікіцытатніка Цытаты ў Вікіцытатніку

Яго Эксцэленцыя Тадэ́вуш Кандрусе́віч (нар. 3 студзеня 1946) — рымска-каталіцкі іерарх, які служыў у Літве, Расіі і Беларусі. У апошніх дзвюх краінах аднаўляў рымска-каталіцкія царкоўныя структуры падчас Перабудовы і пасля падзення камуністычнай сістэмы. Адзін з нямногіх іерархаў Каталіцкай Царквы, які два разы запар быў арцыбіскупам-мітрапалітам у дзвюх рымска-каталіцкіх мітраполіях, што знаходзяцца на тэрыторыі суседніх краін. Пакінуў пасаду Арцыбіскупа-Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага 3 студзеня 2021 года.

Сын Ігнацыя (1906—1985) і Ганны з Шустаў (1911—1999) Кандрусевічаў, меў сястру Марыю Бурыху (1949—1997). Бацькі будучага арцыбіскупа лічылі сябе палякамі, сам жа ён вызначае сваю нацыянальную і этнічную прыналежнасць як «хрысціянін»[2].

У 1962 годзе паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, адкуль праз год вымушаны быў сысці ў сувязі з абвінавачваннямі ў рэгулярным наведванні касцёла і ўдзеле ў набажэнствах. Адпрацаваўшы год у праектна-будаўнічай арганізацыі ў Гродна, у 1964 годзе паступіў на энергамашынабудаўнічы факультэт Ленінградскага політэхнічнага інстытута, які скончыў у 1970 на «выдатна», атрымаў дыплом інжынера-механіка па спецыяльнасці «гідраўлічныя машыны і сродкі аўтаматыкі». Працаваў інжынерам на Вільнюскім заводзе шліфавальных станкоў: напачатку ў зборачным цэху, потым — у канструктарскім бюро. У складзе групы інжынераў атрымаў аўтарскае пасведчанне на вынаходку «Прамысловы ўзор спецыяльнага высакаскораснага шліфавальнага станка для Волжскага аўтамабільнага завода».

Служба ў Літве і Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1976—1981 навучаўся ў Духоўнай семінарыі ў Каўнасе. 31 мая 1981 прыняў святарскае пасвячэнне з рук біскупа Людаса Павілоніса. У 1981—1986 быў вікарыем у віленскім касцёле Св. Тэрэзы пры Вострай Браме, у 1986—1987 — парафіі Маці Божай Шкаплернай у Друскеніках, у 1987—1988 — у віленскім касцёле Святога Духа. 13 лютага 1988 прызначаны пробашчам гарадзенскіх парафій Маці Божай Анёльскай і святога Францішка Ксаверыя (кафедра). У 1985 на тэалагічным факультэце ў Каўнасе атрымаў ступень ліцэнцыята тэалогіі, абараніўшы працу на тэму «Вучэнне Дагматычнай канстытуцыі II Ватыканскага Сабора Lumen Gentium пра Касцёл». У 1988 тамсама абараніў дысертацыю на тэму «Паглыбленне вучэння пра Касцёл у працах II Ватыканскага Сабору і ў яго дакументах» і атрымаў навуковую ступень доктара тэалогіі.

25 ліпеня 1989 года Папа Ян Павел II прызначыў яго тытулярным біскупам Гіпона-Зарыцкім і апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі. Біскупскае пасвячэнне, якое адбылося 20 кастрычніка 1989 у базіліцы Святога Пятра ў Рыме, узначаліў Папа Ян Павел II. Біскупскі дэвіз Тадэвуша Кандрусевіча Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў і прычыніўся да выдання «Парадку Імшы» і «Катэхізіса» на беларускай мове, распачаўшы такім чынам справу адраджэння Касцёла ў Беларусі.

Служба ў Расіі

[правіць | правіць зыходнік]

13 красавіка 1991 названы архібіскупам і прызначаны Апостальскім адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі. У 1994—1999 — член Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў. За час яго біскупскага служэння ў Расіі ў Міністэрстве юстыцыі РФ была афіцыйна зарэгістраваная Апостальская Адміністратура для каталікоў лацінскага абраду, што дало ёй правы юрыдычнай асобы; была праведзена юрыдычная рэгістрацыя вялікай колькасці адноўленых парафій і іншых касцёльных структур. У 1991 у Маскве быў заснаваны Каледж каталіцкае тэалогіі імя святога Тамаша Аквінскага, 3 філіялы якога дзейнічаюць у іншых гарадах (выдаецца часопіс «Puncta…», раней — «Theologia»); у Санкт-Пецярбургу заснавана «Радыё Марыя»; у 1993 у Санкт-Пецярбургу адкрытая Вышэйшая духоўная семінарыя «Марыя — Каралева Апосталаў».

Пасля падзелу Адміністратуры 23 лістапада 1999 прызначаны Апостальскім Адміністратарам для каталікоў лацінскага абраду Поўначы Еўрапейскай часткі Расіі. У лютым 1999 абраны Старшынёй навастворанае Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Расійскай Федэрацыі. 11 лютага 2002 апостальская адміністратура была ўзведзена ў ранг архідыяцэзіі з назвай архідыяцэзія Маці Божай з цэнтрам у Маскве, і Тадэвуш Кандрусевіч стаў яе першым ардынарыем (і, адпаведна, мітрапалітам аднайменнай мітраполіі). Дзякуючы яго намаганням у Расіі распачала працу дабрачынная арганізацыя «Caritas», былі створаны інфармацыйна-выдавецкі цэнтр «Истина и жизнь», салезіянскі і францысканскі выдавецкія цэнтры, а таксама Духоўная бібліятэка (выдадзена больш за 600 найменняў тэалагічнай, рэлігійнай, філасофскай і літургічнай літаратуры), заснаваныя штотыднёвая каталіцкая газета «Свет Евангелия», Літургічная камісія, якая рыхтуе пераклады літургічных тэкстаў на рускую мову, Катэхетычная камісія і камісія па справах сям’і. У 1999 абраны сапраўдным сябрам (акадэмікам) Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі.

Архіпастырская служба ў Беларусі

[правіць | правіць зыходнік]

21 верасня 2007 Папа Бенедыкт XVI вызваліў архібіскупа Тадэвуша ад кіраўніцтва архідыяцэзіяй Маці Божай і прызначыў яго архібіскупам-мітрапалітам Мінска-Магілёўскім. 10 лістапада 2007 адбылося кананічнае ўступленне на пасаду. Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч уваходзіць у адмысловую раду па Еўропе пры Генеральным сакратарыяце Сінода Біскупаў, у Кангрэгацыю па справах духавенства, а таксама ў Папскую Раду «Справядлівасць і мір». З'яўляецца віцэ-прэзідэнтам Еўразійскага аддзялення Міжнароднай асацыяцыі рэлігійнай свабоды (МАРС). 25 кастрычніка 2009 у мінскай архікафедры быў урачыста прыняты ў Мальтыйскі ордэн. 30 чэрвеня 2011 года быў прызначаны Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. 3 чэрвеня 2015 года быў абраны старшыней Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

Падчас свайго біскупскага служэння ў Беларусі іерарх заснаваў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю, спрыяў вяртанню і адкрыццю каля 100 раней зачыненых касцёлаў, прычыніўся да выдання літургічнай літаратуры[3]

У 2018 г. з нагоды 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі выступіў з казаннем, дзе назваў БНР «Звеставаннем беларускай незалежнасці».[4]

У 2019 годзе арцыбіскуп стаў цэнтральнай фігурай кампаніі па зборы подпісаў да Адміністрацыі прэзідэнта А. Лукашэнкі з просьбай увесці крымінальную адказнасць за прапаганду гомасэксуалізму сярод непаўналетніх. Кампанія атрымала шырокі розгалас, асвятлялася ў каталіцкіх, пралайф і некаторых незалежных СМІ.[5][6] Архібіскуп выступіў на выніковай прэс-канферэнцыі, дзе былі прадстаўлены 55 тысяч сабраных подпісаў.[7][8]

Пасля масавых фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, жорсткага разгону акцый пратэстаў, збіцця і катаванняў затрыманых пратэстоўцаў, 14 жніўня архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да беларускіх уладаў з заклікам распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць насілле і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян[9]. У сваім звароце ён назваў пралітую кроў і жорсткае абыходжанне з людзьмі «цяжкім грахом на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насілле»[10]. 18 жніўня архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да міністра ўнутранных спраў Юрыя Караева з просьбай дазволіць святарам наведваць людзей, затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў, каб аказаць ім патрэбную дапамогу, перадусім духоўную, і прыняць яго, каб абмеркаваць цяперашнюю складаную сітуацыю з мэтай прадухілення насілля ў будучыні, а таксама заклікаў міністра неадкладна вызваліць затрыманых[11].

19 жніўня архібіскуп памаліўся пад сценамі ізалятараў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску, якія сталі сімвалам катаванняў мірных грамадзян, нязгодных з фальсіфікацыямі на выбарах[12]. Нягледзячы на тое, што ўнутр яго не пусцілі, ён маліўся разам з вернікамі пад дажджом і размаўляў з вызваленымі і валанцёрамі[13]. 21 жніўня ў МУС адбылася сустрэча міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам[14]. Падчас сустрэчы Кандрусевіч падкрэсліў, што Касцёл выступае ў абарону слабых і пацярпелых, а Караеў заявіў, што не даваў загаду да жорсткіх дзеянняў і «суперажывае пацярпелым»[15].

22 жніўня Аляксандр Лукашэнка на мітынгу ў сваю падтрымку ў Гродне заявіў, што яго здзіўляе пазіцыя канфесій, у храмы людзі павінны прыходзіць маліцца, а не для палітыкі, і заклікаў не ісці на павадзе ў «адшчапенцаў». У той жа дзень у Браславе падчас урачыстасцяў у гонар Маці Божай Валадаркі Азёраў архібіскуп сказаў[16]:

" Згодна з духам Евангелля і сацыяльнага вучэння Касцёла, улада павінна служыць людзям і дбаць пра агульнае дабро ўсіх без выключэння грамадзянаў. У сучасным дэмакратычным грамадстве нармальнай справай павінна быць розніца поглядаў, а іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць «адшчапенцамі» ці ворагамі — гэта шлях да канфрантацыі. Пры гэтым кожная палітычная і грамадская сіла павінна служыць не сваім вузкім інтарэсам і выгодам, а ўсяму народу. "

23 жніўня на Беларускім радыё ўпершыню за шмат гадоў не выйшла традыцыйная нядзельная трансляцыя святой Імшы з архікафедральнага касцёла ў Мінску[17]. 27 жніўня Кандрусевіч рашуча асудзіў блакаванне сілавікамі Чырвонага касцёла ў Мінску, назваўшы гэта «неадэкватнымі і супрацьпраўнымі дзеяннямі», якія павінны быць расследаваныя[18].

31 жніўня 2020 года, пасля вяртання з паездкі ў Польшчу, беларускія памежнікі на памежным пераходзе Кузніца Беластоцкая – Брузгі[pl] адмовілі мітрапаліту ва ўездзе ў краіну без тлумачэння прычыны[19]. Ніводнае з ведамства не пракаментавала сітуацыю[20]. Арцыбіскуп правёў на мяжы больш за тры гадзіны, але быў вымушаны вярнуцца ў Польшчу. Пазней стала вядома, што МУС прызнала яго пашпарт несапраўдным[21]. У сваім звароце з выгнання Кандрусевіч назваў гэтае рашэнне «неабгрунтаваным і беззаконным», спасылаючыся на права грамадзян бесперашкодна вяртацца на радзіму[22].

У час знаходжання ў Польшчы Кандрусевіч заявіў аб наяўных падставах меркаваць, што прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі праходзілі несумленна[23].

1 верасня Аляксандр Лукашэнка сказаў, што кіраўнік каталіцкай царквы выехаў з краіны для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у спіс неўязных[20].

" Нам не важна, хто ён – галоўны каталік, галоўны праваслаўны ці галоўны мусульманін. Павінен жыць па законе. А калі ты яшчэ і ў палітыку ўлез і пацягнуў за сабой вернікаў, каталікоў, якія цудоўныя людзі, тады двайная адказнасць[20]. "

Знаходзячыся ў выгнанні ў польскай парафіі Святога Антонія ў Саколцы, Кандрусевіч працягваў кіраваць касцёлам дыстанцыйна, выступаў з пропаведзямі і пасланнямі, заклікаючы да міру, дыялогу і прабачэння[24]. У кастрычніку ён наведаў Ватыкан і сустрэўся з дзяржсакратаром Папы кардыналам П’етра Паралінам і арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам для абмеркавання сітуацыі[25]. 18 снежня з візітам у Беларусь прыбыў пасланнік Папы Рымскага, Апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі Клаўдзіа Гуджэроці, які прывёз ліст, адрасаваны кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. У ім выкладалася просьба, звязаная з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам. 22 снежня кіраўнік МЗС Уладзімір Макей паведаміў, што Лукашэнка даручыў знайсці рашэнне сітуацыі з улікам просьбы Папы Рымскага[26].

Пасля вяртання

[правіць | правіць зыходнік]

24 снежня 2020 года, на каталіцкае Раство, Тадэвуш Кандрусевіч вярнуўся ў Беларусь. На мяжы ён папрасіў спыніць машыну, стаў на калені і пацалаваў зямлю, са слязамі сказаўшы: «Гэта мая зямля!»[27]. У той жа дзень ён правёў святочныя імшы ў мінскай архікафедры. У сваім звароце па вяртанні ён падзякаваў усім за падтрымку і адзначыў: «Ва ўзросце амаль што 75 гадоў я нечакана для сябе апынуўся ў складанай сітуацыі, якую ўспрымаю як чарговы досвед Божага Провіду і як свой жыццёвы крыж»[28].

Ужо 3 студзеня 2021 года Кандрусевіч падаў прашэнне аб адстаўцы па дасягненні 75 гадоў, як тое рэкамендуецца Кодэксам кананічнага права. Прашэнне было прынята Папам Францыскам у той жа дзень. Адначасова Пантыфік прызначыў Апостальскім Адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі на перыяд sede vacante біскупа Казіміра Велікасельца OP[3].

Валоданне мовамі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Беларуская мова
  • Руская мова
  • Польская мова
  • Англійская мова
  • Італьянская мова
  • Літоўская мова
  • Ганаровы канвентуальны каплан Вялікага крыжа Мальтыйскага ордэна — Cappellano Gran Croce Conventuale «ad honorem» (2009 год)
  • Медаль «У памяць 300-годдзя Санкт-Пецярбурга»
  • Нагрудны знак «200 гадоў МУС Расіі»
  • «Doctoratum in Sacra Teologia, honoris causa», St. Mary’s Seminary and University, Baltimore (USA), 02.03.1993.
  • «Doctor of Humane Letters, honoris causa», Catholic University of America, Washington (USA), 08.03.1993.
  • Ганаровы медаль імя святога брата Альберта (Варшава, Польшча, 2008 год) — за пастырскую, дабрачынную і экуменічную дзейнасць
  • Ганаровы доктар Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта (Польшча)

Зноскі

  1. Для каталікоў рымскага абраду на ўсёй тэрыторыі Беларусі.
  2. Мітрапаліт Кандрусевіч сыходзіць у адстаўку — вялікая архіўная гутарка
  3. 1 2 catholic.by
  4. Беларускія цэрквы і Дзень волі 2018 года. Царква і крызіс у Беларусі (25 сакавіка 2021).
  5. «Гэта ініцыятыва Кандрусевіча». Навошта каталікі зьбіраюць подпісы за закон супраць прапаганды аднаполых адносін. Радыё Свабода (1 кастрычніка 2019). Праверана 7 лютага 2021.
  6. Андрэй Стэцкевіч. Касцёл падтрымлівае збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта ў абарону традыцыйнай сям’і. Catholic.by (24 верасня 2019). Праверана 7 лютага 2021.
  7. Мікола Гракаў. Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Людзі з гомасексуальнасцю — нашыя браты і сёстры». Catholic.by (9 сакавіка 2020). Праверана 7 лютага 2021.
  8. Мікола Гракаў. Сямейныя каштоўнасці — праява беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Catholic.by (9 сакавіка 2020). Праверана 7 лютага 2021.
  9. Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь
  10. «Пралітая кроў, катаванні — гэта цяжкі грэх»: зварот кіраўніка беларускіх католікаў Тадэвуша Кандрусевіча да беларускіх уладаў. Наша Ніва (15 жніўня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  11. Арцыбіскуп Кандрусевіч звярнуўся да Караева: Патрабуе вызваліць затрыманых
  12. Арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся ля ізалятараў на Акрэсціна
  13. Арцыбіскуп Кандрусевіч памаліўся ля ізалятараў на Акрэсціна. Наша Ніва (19 жніўня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  14. Караеў — Кандрусевічу: Акцыі пратэсту былі добра прадуманы і не былі мірнымі
  15. Караеў сказаў, што суперажывае пацярпелым. Наша Ніва (22 жніўня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  16. Арцыбіскуп Кандрусевіч: Іншадумцаў ні ў якім выпадку нельга лічыць «адшчапенцамі» ці ворагамі — гэта шлях да канфрантацыі
  17. На Беларускім радыё не выйшла трансляцыя імшы з Каталіцкай катэдры. Наша Ніва (23 жніўня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  18. «Неадэкватныя дзеянні павінны быць расследаваныя, а вінаватыя панесці пакаранне»: заява Тадэвуша Кандрусевіча наконт блакавання Чырвонага касцёла. Наша Ніва (27 жніўня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  19. Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь. 31.08.2020
  20. 1 2 3 «Ты ў палітыку ўлез, уцягнуў каталікоў»: Лукашэнка сказаў, што Кандрусевіч аказаўся ў спісе неўязных
  21. Памежны камітэт: Тадэвуша Кандрусевіча не прапусцілі ў Беларусь, бо пашпарт прызнаны несапраўдным. Наша Ніва (14 верасня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  22. Зварот арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да католікаў у Беларусі. Catholic.by (1 верасня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  23. Лібералізм не вядзе да духоўнага дабра. Архібіскуп Кандрусевіч выступіў на польскім хрысціянскім тэлеканале
  24. «Нікому не пажадаў бы аказацца ў такой сітуацыі»: арцыбіскуп Кандрусевіч распавёў пра жыццё пад Беластокам і візіт у Ватыкан. Наша Ніва (21 кастрычніка 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  25. Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з ватыканскімі іерархамі. Наша Ніва (19 кастрычніка 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  26. Макей заявіў, што Лукашэнка пайшоў насустрач Папе Рымскаму ў сітуацыі з Тадэвушам Кандрусевічам. Наша Ніва (22 снежня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  27. «Гэта мая зямля!» Тадэвуш Кандрусевіч эмацыйна расказаў, што зрабіў пасля перасячэння беларускай мяжы. Наша Ніва (24 снежня 2020). Праверана 13 лютага 2026.
  28. Кандрусевіч у Мінску: Ва ўзросце амаль што 75 гадоў я нечакана для сябе апынуўся ў складанай сітуацыі. Наша Ніва (24 снежня 2020). Праверана 13 лютага 2026.