Кеньях

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кеньях
(Kenyah Leppo’ Tau)
Агульная колькасць 95300 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання Калімантан
Мова кеньях
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы каян

Кеньях (саманазва Kenyah Leppo’ Tau) — даякскі народ, карэнныя насельнікі Калімантана. Жывуць пераважна ў малайзійскім штаце Саравак, а таксама ў памежных раёнах інданезійскага Калімантана. Агульная колькасць (2023 г.) — 95 300 чалавек[1][2][3][4][5][6][7][8].

Кеньях паходзяць з пагорыстай мясцовасці на поўдні Саравака, адкуль у другой палове XVII ст. былі часткова выціснуты ібан. Войны з апошнімі прывялі да даволі дысперснага рассялення, так што ў нашы дні вылучаецца каля 40 субэтнічных груп, якія часцяком не кантактуюць адна з іншай. Звычайна яны носяць назвы па найменню рэк, на якіх жывуць.

Кеньях здаўна займаюцца падсечным земляробствам. Вырошчваюць рыс, клубневыя культуры, тытунь, гевею. Апрацоўкай рысавых палеткаў займаюцца жанчыны, у той час як збор сока гевеі лічыцца мужчынскім заняткам. Дадатковыя заняткі: рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва. Лес мае важнае значэнне ў жыцці абшчын, таму да яго ставяцца ашчадна, ствараюць запаведныя зоны tana’ ulen.

Паселішчы засноўваюць на ўзвышшах каля рэк. Кожнае з іх уяўляе 1, радзей 2 доўгія хаціны на па́лях. У хаціне маецца свой стараста, так што пры наяўнасці другой хаціны ў аднаго паселішча можа быць 2 кіраўнікі. У мінулым вышэйшую сацыяльную ступень займалі ваенныя правадыры. Іх улада перадавалася па спадчыне. Большасць грамадства складалі простыя абшчыннікі. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы знаходзіліся рабы. У наш час пачэснае становішча правадыроў мае болей рытуальны характар. Нашчадкі рабоў па-ранейшаму маюць абмежаваныя правы ў параўнанні з астатнімі абшчыннікамі.

Фальклор адметны міфалагічнымі і генеалагічнымі паданнямі, што перадаюцца ў вершаванай або спеўнай формах. У нашы дні большасць вернікаў спавядае хрысціянства, і традыцыйныя спевы часцяком суправаджаюць набажэнствы.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]