Каян (даякі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каян
(Kaum Kayan)
Агульная колькасць 30000 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання  Малайзія
Мова каян-мурыкская
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы кеньях

Кая́н (саманазва Kaum Kayan) — даякскі народ, карэнныя насельнікі Калімантана. Жывуць пераважна ў малайзійскім штаце Саравак. Агульная колькасць (2010 г.) — 30 000 чалавек.

Каян звычайна далучаюць да груп даякаў, што жывуць ва ўнутраных раёнах Саравака. Іх назва паходзіць ад наймення ракі на тэрыторыі інданезійскага Калімантана, адкуль яны згодна вуснай гісторыі перасяліліся на поўнач у XVII ст. на землі даякскага народа мурык, які ў выніку асімілявалі. Адна з груп каян прыняла іслам і стварыла султанат Булунган (17311947 гг.) на паўночна-усходнім узбярэжжы вострава. Іх нашчадкі завуцца булунганскімі малайцамі. Тыя каян, што захавалі папярэдні лад жыцця, у 1860-х гг. згубілі частку тэрыторый пад ціскам ібан.

Каян здаўна займаюцца падсечным земляробствам, вырошчваюць рыс, кукурузу, клубневыя культуры, тытунь. Трымаюць курэй, свінняў, коз, сабак. Важную ролю ў забеспячэнні харчам адыгрывае рыбалоўства. Рыбу здабываюць з дапамогай атручэння вадаёмаў. Палююць з дапамогай сабак і духавых трубак. Распаўсюджаныя традыцыйныя рамёствы: апрацоўка металаў і драўніны, выраб халоднай зброі і лодак.

Вёскі каян даволі населеныя, могуць умяшчаць болей за 1000 жыхароў, таму звычайна складаюцца з некалькіх доўгіх шматпакаёвых хацін, кожная з якіх цягнецца да 300 м. Вёска з навакольнымі тэрыторыямі ўяўляе сабою самастойнае палітычнае фарміраванне. У мінулым падчас войнаў некалькі вёсак стваралі саюзы, прычым каян заключалі дамовы не толькі з вёскамі супляменнікаў, але і іншых даякаў, пераважна з кеньях.

Грамадства моцна стратыфікавана. Вылучаецца пласт арыстакратаў хапой, з ліку якіх паходзяць старасты вёсак і ваенныя правадыры. Сярэдняе месца займаюць простыя абшчыннікі. На ніжэйшай прыступцы сацыяльнай лесвіцы стаяць рабы — нашчадкі ваеннапалонных. Апошнія не маюць права на зямлю, таму працуюць на надзелах арыстакратаў або вядуць сваю гаспадарку ад іх імя. Дапамогу правадырам павінны аказваць і простыя абшчыннікі. Многія арыстакраты маюць некалькі жонак, хаця першая жонка, чые дзеці ўспадкоўваюць высокі сацыяльны статус, павінна быць з арыстакратычнай сям'і. Адлік сваяцтва вядзецца як па мужчынскай, так і жаночай лініях.

Фальклор адметны вуснымі паданнямі, песнямі і гісторыямі. Эпічныя паданні прадстаўлены цыклам песень тэкна́.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]