Кпель

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кпель
(Guerze, Kpwele, Gbelle)
Агульная колькасць 1566200 (2024 г.)
Рэгіёны пражывання Заходняя Афрыка:

 Ліберыя — 896000
 Гвінея — 622000

Мова кпель
Рэлігія анімізм, хрысціянства, іслам
Блізкія этнічныя групы мендэ

Кпель (саманазвы: Guerze, Kpwele, Gbelle) — народ, карэнныя насельнікі Заходняй Афрыкі. Жывуць у Ліберыі і Гвінеі. Агульная колькасць (2024 г.) — 1 566 200 чалавек[1][2].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Кпель з'яўляюцца нашчадкамі некалькіх племён мандэ, што ў мінулым насялялі заходнеафрыканскі сахель. У XVI ст. пад ціскам Сангай перасяліліся на поўдзень сучаснай Маўрытаніі, а пазней — на поўдзень. На поўдні Гвінеі і поўначы Ліберыі яны стварылі некалькі племянных аб'яднанняў, найбуйнейшымі з якіх былі гуэрзэ, або кпель. У XIX ст. назіралася масавая міграцыя кпель у Ліберыю, дзе яны знаходзілі працу на плантацыях гевеі. У нашы дні кпель складаюць найбуйнейшую этнічную групу ў гэтай краіне.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі кпель здаўна былі сельская гаспадарка, збіральніцтва і паляванне. Найважнейшыя сельскагаспадарчыя культуры — рыс, маніёк, цукровы трыснёг, кава. У мінулым земляробства было падсечным. Для стварэння і апрацоўкі новых палеткаў мужчыны часцяком былі вымушаны кааперавацца. У нашы дні на палетках часцей працуюць жанчыны, але і для іх характэрна кааперацыя, якая ахоплівае сяўбу, праполку, збор і продаж ураджаю. Мужчыны займаюцца адыходніцтвам, працуюць на камерцыйных плантацыях, дробных прадпрыемствах і у гарадах. Рамяство і дадатковыя заняткі звычайна маюць полавую дыферэнцыяцыю. Жанчыны ловяць рыбу, вырабляюць сеткі і кошыкі. Мужчыны плятуць цыноўкі, вырабляюць мэблю, ткуць тканіны.

Традыцыйна жывуць у вёсках ад 50 да 600 чалавек. У наш час поруч з імі існуюць аддаленыя фермерскія сядзібы. Вялікія вёскі падзяляюцца на кварталы на чале асобных правадыроў. Традыцыйнае жытло ўяўляе сабой круглую аднапакаёвую глінабітную хаціну з канічным саламяным дахам. Навакольныя землі фармальна належаць прамым продкам першапасяленца. Уладальнік зямлі вылучае новыя надзелы па запытах абшчыннікаў.

Сярод кпель вылучаецца некалькі відаў сацыяльных арганізацый: куу — рабочыя кааператыўныя аб'яднанні, мут — рада суседзей і сваякоў, паро — мужчынскія патаемныя таварыствы, сандэ — жаночыя патаемныя таварыствы. Патаемныя таварыствы функцыянуюць адначасова як рэлігійныя, сацыяльныя, палітычныя, прававыя і адукацыйныя ўстановы. Аднак вярхоўная палітычная і судовая ўлада кантралюецца правадыром той ці іншай мясцовасці. Да 1930-х гг., калі кпель перыядычна ўдзельнічалі ў войнах, таксама існавалі ваенныя правадыры.

Сустракаюцца як вялікія пашыраныя, так і малыя нуклеарныя сем'і. Ідэалам з'яўляецца вялікая палігінная сям'я, але такія фармуюцца рэдка. Большасць мужчын маюць толькі адну жонку. Адлік сваяцтва і перадача спадчыны вядуцца па мужчынскай лініі. Разводы лічацца звычайнай справай. Падставамі для іх могуць быць бясплоддзе, здрада, гвалт, эканамічныя складанасці.

Рэгуляванне сексуальных, сацыяльных і палітычных паводзін ускладзены на паро і сандэ. Чальцы гэтых таварыстваў валодаюць пэўнымі ведамі, якія могуць быць раскрыты толькі іншым чальцам. Знутры патаемныя таварыствы пабудаваны па іерархічнаму прынцыпу. Публічныя выступленні кіраўнікоў таварыстваў суправаджаюцца апрананнем маскі знакамітага дзеяча або духа. Лічыцца, што толькі чальцы таварыства ведаюць сапраўдную асобу пад маскай. Далучэнне да таварыства патрабуе асаблівага рытуалу і ўнясенне платы за яго.

Кпель — незвычайна музычны народ. Музыка і спевы суправаджаюць супольную працу, рытуальныя дзеянні, святы і проста збор моладзі або сваякоў. Вядомы музычна-драматьычныя казкі менэ-пеле, якія выконваюцца салістам або хорам. Народныя музычныя інструменты: барабаны, ксілафон, струнныя.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

У нашы дні большасць вернікаў належаць да хрысціян або мусульман. Тым не меней, захаваліся традыцыйныя анімістычныя вераванні, шанаванне духаў продкаў, патаемных таварыстваў, прыроды, вера ў злую і лекавую магію.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]