Кратэт Мальскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Кратэт Мальскі
Дата нараджэння II стагоддзе да н.э.
Месца нараджэння
Дата смерці каля 145 да н.э.
Род дзейнасці філосаф, бібліятэкар
Навуковая сфера бібліятэкар
Вядомыя вучні Panaetius[d], Asclepiades[d], Herodicus[d], Zenodotus of Mallus[d] і Tauriscus[d]

Кра́тэт Мальскі (Кратэт з Мала, Кратэт Маласкі — стар.-грэч.: Κράτης Μαλλώτης; II стагоддзе да н.э., ? — каля 145 да н.э.) — старажытнагрэчаскі філосаф-стоік і граматык, глава пергамскай граматычнай школы, стваральнік мадэлі глобуса. Вядомы таксама пад імем Кратэт Пергамскі.

Жыццё і дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся верагодна ў малаазіяцкім горадзе Мале (Маласе), у Кілікіі. Атрымаў адукацыю ў Тарсе. Затым Кратэт жыў пры двары цара Атала II у Пергаме (адсюль мянушка «Пергамскі»), дзе заснаваў уласную граматычную школу.

Каля 167 года да н.э.[1] Кратэт быў адпраўлены Аталам у Рым у якасці пасла. З-за хваробы (пералому нагі) ён быў вымушаны застацца ў Рыме на даволі працяглы час. Там ён чытаў лекцыі і вёў гутаркі, якія далі першы штуршок граматычным даследаванням (мовазнаўству і літаратуразнаўству) у старажытных рымлян[2].

Сачыненні[правіць | правіць зыходнік]

Ад шматлікіх сачыненняў Кратэта засталіся толькі загалоўкі і невялікія фрагменты. Галоўнай працай быў шырокі крытычны каментарый да Гамера («Выпраўленне Іліяды і Адысеі» — стар.-грэч.: Διόρθωσις Ἰλιάδος καὶ Ὀδυσσείας). Яму таксама належалі каментарыі да Гесіёда, Еўрыпіда і Арыстафана; «Карціны» (стар.-грэч.: Πίνακες) і іншыя сачыненні[3].

Філалогія[правіць | правіць зыходнік]

Кратэт быў адным з выдатных старажытнагрэчаскіх граматыкаў II стагоддзя да н.э.. Узначаленая ім пергамская граматычная школа супрацьстаяла александрыйскай школе граматыкаў, якую ўзначальваў Арыстарх Самафракійскі. Гэта тэарэтычнае разыходжанне мела месца як у сферы тэарэтычнай граматыкі, так і ў сферы інтэрпрэтацыі Гамера. Кратэт быў галоўным прадстаўніком алегарычнай тэорыі экзегезы, і настойваў на тым, што Гамер выражаў навуковыя ці філасофскія ісціны ў паэтычнай форме.

Касмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Кратэт займаўся таксама даследаваннем будовы зямнога шара. Паводле рымскіх крыніц каля 150 года да н.э. ён пабудаваў першы глобус. Высунутая ім ідэя чатырохчастковага глобуса прадвызначыла антычныя і заходнееўрапейскія ўяўленні пра свет аж да канца Сярэднявечча.

Зямля падзелена на 5 кліматычных зон. У абедзвюх палярных абласцях занадта холадна, а ў экватарыяльнай зоне занадта горача для людзей. Толькі 2 умераных зоны прыдатныя для жыцця.

Суша падзелена на 4 кантыненты. Гэты падзел ствараюць сусветныя акіяны, які перасякаюцца пад прамым вуглом, адзін з якіх цягнецца ўздоўж экватара, а іншы злучае палюсы праз мерыдыян.

Вядомыя часткі свету (Азію, Афрыку і Еўропу) Кратэт назваў агульным імем «Айкумена». Кантынент, магчыма, размешчаны за Атлантычным акіянам, атрымаў імя «Перыайкумена», а недасягальныя з-за экватарыяльнага пояса спякоты часткі свету «Антайкумена» і «Кантынент антыхтонаў». Кратэт таксама прызнаваў, што поры года ў паўднёвым паўшар'і павінны быць процілеглыя порам года паўночнага паўшар'я.

Зноскі

  1. Некаторыя крыніцы называюць 169 ці 170 гады да н.э.
  2. Светоній. Пра граматыкаў і рытараў, 1-2.
  3. Любкер Ф. Кратет // Реальный словарь классических древностей.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]