Крк (востраў)
Крк | |
---|---|
харв. Krk | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 405,78 км² |
Насельніцтва | 20 165 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 49,69 чал./км² |
Размяшчэнне | |
45°04′44″ пн. ш. 14°36′03″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Адрыятычнае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Крк (харв.: Krk) — востраў у Адрыятычным моры. Уваходзіць у склад Харватыі. Плошча — 405,78 км². Насельніцтва — 20165 чал. (2011 г.). Адміністрацыйны цэнтр — горад Крк.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Крк — адзін з найбуйнейшых астравоў Харватыі і ўсяго Адрыятычнага мора. Аддзелены ад мацерыка вузкім пралівам (каля 1430 м), праз які ў 1980 г. быў пабудаваны мост. Сфарміраваны пераважна вапнякамі. Паўночныя берагі скалістыя. Паўднёвыя — спадзістыя, са шматлікімі пляжамі. Найвышэйшы пункт — 568 м. На цэнтральных і паўднёвых узгор’ях захаваліся рэшткі шыракалістых і хваёвых лясоў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Крк быў населены ў эпоху неаліту. Знойдзены таксама рэшткі паселішчаў бронзавага веку, жалезнага веку і рымскіх часоў. Відавочна, у перыяд знаходжання ў складзе Рымскай імперыі быў населены выхадцамі з Італіі, бо кіраваўся італійскімі законамі. У 49 г. да н.э. не далёка ад Крк адбылася марская бітва паміж Цэзарам і Пампеям.
У ранняе Сярэднявечча ўваходзіў у склад Візантыі, што было падцверджана дагаворам 812 г. паміж візантыйскім і франкскім імператарамі. У гэты час на востраў перасяляліся славяне, якіх адціскалі авары. Відавочна, насельніцтва ў гэты час было змешаным, бо крыніцы сведчаць, што жыхары Крк размаўлялі на «стракатай мове». Акрамя харвацкай мовы, тут доўгі час карысталіся веглійскім дыялектам далмацкай мовы.
У XI ст. захоплены венецыянцамі. Яны перадалі ўладу над Крк мясцовай сям’і Дуджамаў, прадстаўнікі якой атрымалі тытул графаў Крк. Дуджамы выплачвалі Венецыі падаткі, аднак захоўвалі ўнутраную аўтаномію і вялі актыўную знешнюю палітыку. У XIII ст. яны захапілі таксама частку мацерыковага адрыятычнага ўзбярэжжа і фармальна падпарадкаваліся Венгрыі. У 1430 г. за іх сям’ёй замацавалася прозвішча Франкапанаў. Сцвярджалася, што яны маюць старажытнае рымскае паходжанне. Адгалінаванні Франкапанаў заставаліся дамінуючымі магнатамі Харватыі да сяр. XVII ст.
XIV — XVI стст. адзначаныя культурным росквітам Крк. Дзякуючы дзейнасці графаў, востраў наведвалі многія інтэлектуальныя дзеячы Харватыі. Тут доўгі час карысталіся глаголіцай.
У 1480 г. Крк зноў адышоў да Венецыі. У 1797 г. далучаны да Аўстрыйскай імперыі. У 1918—1920 гг. акупаваны Італіяй. У 1920 г. стаў часткай Югаславіі. У гады II Сусветнай вайны зноў акупаваны Італіяй, а ў 1943—1945 гг. — нацысцкай Германіяй. Пасля вайны вярнуўся ў склад Югаславіі. З 1991 г. у складзе незалежнай Харватыі.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Год | 1525 | 1527 | 1539 | 1603 | 1636 | 1727 | 1770 | 1853 | 1880 | 1890 | 1921 | 1931 | 1948 | 1953 | 1961 | 1971 | 2011 |
Колькасць | 10.000 | 10.461 | 8.000 | 6.637 | 5.000 | 8.000 | 9.571 | 15.570 | 18.089 | 22.230 | 20.842 | 20.043 | 17.689 | 16.820 | 14.548 | 13.110 | 20.165 |
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Асновай эканомікі з’яўляюцца сельская гаспадарка, вытворчасць белага віна і абслугоўванне турыстаў.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Мост, які злучае з мацерыком
-
Помнік рыбаку ў Нівіцэ
-
Карставая пячора Бісеруйка
-
Пляж каля горада Башка
-
Лес на ўзбярэжжы
-
Рака
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Крк (востраў)
- Island Krk Архівавана 27 верасня 2013.
- Turistička zajednica otoka Krka