Кроз
Кроз | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
Κροῖσος | |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Аліят II | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне | 595 да н.э. | ||||||
Смерць |
каля 546 да н.э. |
||||||
Род | Мермнады[1][2] | ||||||
Бацька | Аліят II[1][2] | ||||||
Дзеці | Atys[d][2] | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кроз (стар.-грэч.: Κροῖσος, 595 г. да н.э.—546 г. да н.э.) — валадар Старажытнай Лідыі, апошні прадстаўнік дынастыі Мермнадаў.
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Кроз нарадзіўся ў 595 г. да н. э. у сям’і валадара і выдатнага вайскавода Лідыі, Аліята II. Яго маці была родам з Карыі. Меў дзве сястры, а таксама зводнага брата Панцеляймона, які нарадзіўся ад другой жонкі Аліята II, грачанкі. Згодна паданню, у 560 да н.э. г. да н. э., калі Кроз заняў прастол, Панцеляймон і мачаха паспрабавалі атруціць яго. Аднак змову выкрыў прыдворны кухар.
Першы народжаны Крозам сын быў нямы, таму лічыўся няздатным, каб стаць спадчыннікам. Другі сын Аціс загінуў пры жыцці бацькі.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Ужо пры Аліяце II Лідыя з’яўлялася наймагутнейшай малаазіяцкай дзяржавай, якая здолела спыніць прасоўванне на захад Мідыі. Кроз працягваў палітыку бацькі і пашырыў межы Лідыі на ўсход да ракі Галіс. У склад яго валоданняў увайшлі землі Карыі, а таксама грэчаскія полісы заходняга ўзбярэжжа Малой Азіі. З некаторымі грэчаскімі гарадамі былі заключаны дагаворы, але найчасцей яны падпарадкоўваліся Лідыі на правах аўтаноміі.
Разам з гэтым, Кроз імкнуўся прыцягнуць да сябе грэчаскіх інтэлектуалаў. Палац Кроза ў Сардах наведвалі Салон, Фалес з Мілета і іншыя вядомыя дзеячы. Ён ахвяраваў значныя падарункі храму Апалона ў Дэльфах, а таксама заключыў роўнасны саюз са Спартай. Мяркуецца, што пры Крозе ў Сардах з’явілася яўрэйская абшчына.
У грэчаскай традыцыі Кроз лічыўся вельмі багатым. Яго багацці нават ўвайшлі ў прымаўку. Асновай багаццяў валадара былі здабыча і перапрацоўка металаў, у тым ліку срэбра і золата, а таксама актыўны знешні гандаль і эксплуатацыя заваяваных народаў.
Вайна з Персіяй
[правіць | правіць зыходнік]У 550 або 549 г. да н. э. Мідыя, якая з’яўлялася найбольш небяспечным супернікам Лідыі, была захоплена персідскім валадаром Кірам Вялікім. Кроз выкарыстаў гэта для далейшага прасоўвання сваёй дзяржавы на ўсход і пасля станоўчых адказаў аракулаў першым рушыў на землі Кіра. Першая бітва паміж лідыйцамі і персамі адбылася ў Кападокіі. Але яна не прынесла абодвум бакам ніякага плёну. Паколькі пачынаўся сезон сеяння, Кроз адступіў разам з войскам у Лідыю, адпусціў апалчэнцаў дахаты і даслаў запыт у Спарту, каб атрымаць дапамогу.
Магчыма, лідыйскі валадар чакаў, што Кір таксама адступіць. Аднак у самы нечаканы момант персідская армія з’явілася на раўніне каля Сардаў. Кроз паспеў сабраць конніцу, але пры пастраенні расцягнуў рады, каб больш яго воінаў адначасова маглі прыняць удзел у бітве. Кір пайшоў на хітрасць і пусціў наперад сваёй арміі вярблюдаў. Лідыйскія коні ніколі не бачылі гэтых жывёлін, а таму пужаліся. У выніку, Кроз прайграў. Кір захапіў і разрабаваў Сарды. Лідыя была ўключана ў склад яго дзяржавы.
Згодна грэчаскаму паданню, запалоненага Кроза персы вырашылі спаліць, але яму дапамог сам Апалон, які загасіў полымя. У вавілонскім клінапісным тэксце кажацца, што Кір забіў Кроза.
Зноскі
- ↑ а б Крез, царь // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1895. — Т. XVIа. — С. 625.
- ↑ а б в Любкер Ф. Croesus // Реальный словарь классических древностей по Любкеру / под ред. Ф. Ф. Зелинский, А. И. Георгиевский, М. С. Куторга и др. — СПб.: Общество классической филологии и педагогики, 1885. — С. 356.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Кроз
- Croesus Архівавана 29 чэрвеня 2011.
- Croesus. Between Legend and History