Фалес Мілецкі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Фалес з Мілета

Фалес з Мілета (стар.-грэч.: Θαλῆς ὁ Μιλήσιος) — старажытнагрэчаскі філосаф і матэматык з Мілета (Малая Азія). Традыцыйна лічыцца заснавальнікам грэчаскай філасофіі і навукі і першым сярод «Сямі мудрацоў». Належаў да Мілецкай школы вучоных.

Жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Фалес быў сынам Эксамія з Мілета і жыў, паводле большасці сведчанняў, між 35-й і 58-й алімпіядамі, г.зн. паміж 640 і 545 гг. да н.э. Большасць даследчыкаў прымае ў якасці дат яго жыцця 625—547 гг.[1] Герадот сцвярджае, што Фалес па паходжанню быў фінікійцам, і, магчыма, семіцкая кроў у гэтым выпадку стала крыніцай яго таленту.

Калі Фалес быў маладым чалавекам, Мілет, у той час «заможны і магутны горада» і маці шматлікіх калоній, трапіў пад кіраванне тырана Трысабула. Фалес, магчыма па гандлёвых справах, наведваў Егіпет, дзе пазнаёміўся з геаметрыяй і астранамічнымі вылічэннямі. Магчыма, што ў Егіпце ён атрымаў веды ў геалогіі. Падчас панавання Крэза мілетыйцы аднавілі незалежнасць, і Фалес прапанаваў мяшчанам не дапамагаць лідыйскаму каралю ў яго змаганні супраць Кіра — гэтая парада выратавала горад[2].

Крыніцы аб Фалесе[правіць | правіць зыходнік]

Невядома, ці пісаў штосьці Фалес.[3] Паводле няпэўнага падання, Фалес пакінуў рад твораў, у тым ліку філасофскую працу «Аб пачатках» на якую спасылаюцца Сенека, Плутарх і Гален. Аднак найпэўней, што гэта несапраўднае сачыненне, складзенае не раней за пачатак нашага летазлічэння. Ва ўсякім выпадку, да нас не дайшло нават фрагментаў твораў Фалеса і хутчэй за ўсё, ён не пісаў нічога наогул, абмяжоўваючыся вусным выкладаннем.[4] Аб вучэнні Фалеса нам паведамілі Платон, Арыстоцель, а магчыма і Гіпій.[3][4]

Уплыў на творчасць Фалеса[правіць | правіць зыходнік]

Грэкі ўспрынялі некаторыя формы ўсходняга мыслення і ўдыхнулі ў іх новае жыццё.[5] Светапогляд Фалеса быў да таго шырокім, што яго магла інцыяваць толькі даволі шырокая светапоглядная ўстаноўка. Сувязь «комплексу душы» мы можам знайсці ў даволі распаўсюджанам на Блізкім Усходзе міфалагічным уяўленні аб сувязі ўраджаю, і як вынік, самога жыцця, з вільготай. Але ўплыў мог быць не толькі ўсходнім — Арыстоцель праводзіць аналогію між поглядам Фалеса і «паэтамі», якія лічылі Акіян і Тэфіду першапачынальнікамі ўсяго сутнага, а сведкамі клятвы багоў прадстаўлялі воду — раку Стыкс, якая акружала краіну мёртвых. Уяўленне аб тым, што зямля трымаецца на вадзе, зыходзіць пэўна, з егіпецкае міфалогіі, дзе Зямля ўяўлялася ў выглядзе плоскай талеркі, якая плавае ў вадзе, тады як Сонца паказваецца плывучым па небу ў лодцы. Пры гэтым, то не столькі міф, колькі штодзённае ўяўленне егіпцяніна, даступнае разуменню чужынца, які знаёміцца са звычаямі края, і тым больш, прадстаўніку такога звязанага з морам народа як іанійцы.[6]

Вучэнне[правіць | правіць зыходнік]

Астраномія[правіць | правіць зыходнік]

Веды аб вавілонскай астраноміі Фалес атрымаў, найверагодней, з Фінікіі і Лідыі. Знаёмства з астранамічнымі вылічэннямі дазволілі яму прадбачыць сонечнае зацьменне 585 г. да н.э. Паданні прыпісваюць яму таксама ўстанаўленне часу раўнадзенстваў і сонечных стаянняў, адкрыццё гадавога руху Сонца на фоне зорак; таксама, па паданнях, ён устанавіў працягласць года ў 365 дзён і іншае.[1]

Матэматыка[правіць | правіць зыходнік]

Разам з Піфагорам Фалес падзяляе славу заснавальніка навуковай матэматыкі. Кажуць, што ён першым упісаў трохвугольнік у акружнасць, устанавіў роўнасць вертыкальных вуглоў, вуглоў пры аснове раўнабедранага трохвугольніка, частак, на якія акружнасць дзеліцца дыяметрам, і іншае.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Як географ, Фалес, паводле недакладнага падання, быў аўтарам «Марской астралогіі», гэта значыць, дапаможніка па навігацыі па зорках, хаця яе аўтарства прыпісваюць таксама самосцу Фоцы. Дакладна вядома, што Фалес тлумачыў разлівы Ніла пасaтамі, якія дуюць супраць цячэння ракі.

Філасофія[правіць | правіць зыходнік]

Фалес быў матэрыялістам, а яго тэорыі — матэрыялістычнымі.[7] Захавалася даволі дакладнае ўяўленне аб філасофскіх поглядах Фалеса. Ёсць вялікае мноства цытат, якія традыцыйна прыпісваюцца як Фалесу, так і іншым мудрацам, напрыклад: «Не прыгажуйся знешнасцю, але будзь гожы справамі», «Якія паслугі зробіш бацькам, тыя ж чакай у старасці ад дзяцей» і г.д. Аднак ёсць рад цытат, якія маюць асаблівы характар. Вось яны ў рэдакцыі Плутарха:

«Што старэй за ўсё? — Бог, бо ён не народжаны. Што больш за ўсё? — Прастора, бо яна ахоплівае цэлы свет, у якім змяшчаюцца рэчы. Што цудоўней за ўсё? — Свет, бо ўсё, што цудоўна створана, з'яўляецца яго часткай. Што разумней за ўсё? — Час, ён ужо спарадзіў адно і спародзіць іншае. Што агульнае ўсім? — Надзея: яе маюць і тыя, у каго няма нічога іншага. Што карысней за ўсё? — Цнота, бо дзякуючы ёй усё іншае можа знайсці сабе прымяненне і стаць карысным. Што найшкоднейшае? — Загана, бо ў яе прысутнасці сапсуецца амаль усё. Што наймацнейшае? — Неабходнасць, бо яна не перадольваецца. Што найлягчэйшае? — Тое, што адпавядае натуры, бо нават асалода часта стамляе».[8]

У гэтых цытатах відзен наяўны пераход ад звычайнае жыццёвае мудрасці да трывалых і глыбокіх установак светапогляду, якія ўключаюць момант рацыянальнага тлумачэння.[4]

Філасофская сістэма Фалеса[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыя такая: Фалесу належалі два комплексы ідэй: першы, тычыцца пачатку свету, «комплекс вады», а другі — «комплекс душы». Сінтэз двух аспектаў ці тэндэнцый дае першую ў гісторыі навукі філасофскую адукацыю.

«Комплекс вады»[правіць | правіць зыходнік]

Фалес лічыў воду першапачатковым элементам ці першаснай субстанцыяй. Пры гэтым, вада не толькі «пачатак», але і «стыхія» усіх рэчываў і знаходзіцца ў няспынным руху. Такая тэорыя была цалкам матэрыялістычнай і не дапускала нейкай іншай першапрычыны — духоўнай ці разумовай.[9]

Вось што паведамляе аб гэтым Арыстоцель: «Колькасць і форму для гэтага пачатку не заўважаюць усе аднолькава, але Фалес — пачынальнік такога роду філасофіі — лічыць яго вадой (у выніку чаго ён і выказаў меркаванне, што зямля знаходзіцца на вадзе… Да такога меркавання ён, можна думаць, прыйшоў, відзячы, што ежа ўсіх істот — з'яўляецца вільготнай, і што само цяпло атрымоўваецца з вільготнасці і ім жыве… а таксама таму, што насенне ўсяго (што ёсць) мае вільготную натуру, а ў вільготных рэчываў пачаткам іхняй прыроды лічыцца вада».[10]

Але ці паходзяць у Фалеса паветра, агонь і зямля таксама з вады? Спецыяльна аб такой пастаноўцы пытання Арыстоцель не гаворыць, але ў пазнейшых творах, у Іпаліта мы чытаем:

«Ён (Фалес) гаварыў, што вада ёсць пачатак і канец усяго, бо з яе шляхам згушчэння і выпарэння складаецца ўсё і ўсё ёю падтрымліваецца, у выніку чаго адбываюцца хваляванні зямлі і віхры і рухі свяціл, і ўсё захапляецца і цячэ адпаведна натуры першапрычыны ўсяго сутнага».[11]

Пэўна, што Фалес першым сфармуляваў, у якасці здагадкі, не ўзведзенай яшчэ ў агульны прынцып, вучэнне аб узнікненні ўсіх рэчываў і стыхій з першапачатка і адваротнага знішчэння, г.зн. раскладання ў яго. Але і нельга выключыць таго, што Фалес прытрымліваўся больш прымітыўнага ўяўлення: зямля ўзнікае з вады ў тым сэнсе, што яна першапачаткова была пакрыта вадой, а пасля вызваляецца з яе падчас высыхання (выпарэння) першаснае вільготы.[12]

Наконт вучэння аб вадзе як аб першапрычыне захаваўся жарт — Фалес упаў у калодзеж, свой любімы першаэлемент.[13]

«Комплекс душы»[правіць | правіць зыходнік]

У «комплексе душы» захавалася два палажэнні. З аднаго боку, «Арыстоцель і Гіпій сцвярджаюць, што ён прысвойваў душу нат бяздухоўным целам, спасылаючыся на магніт і бурштын».[3][14] У Арыстоцеля мы чытаем: «Пэўна, таксама і Фалес, слухаючы тое, што аб ім расказваюць, лічыў душу нейкім рухаючым пачаткам, кажучы, што магніт мае душу, бо ён прыцягвае жалеза».[15][16]

Але ёсць і іншае палажэнне, якое прыпісваецца Фалесу: «Некаторыя кажуць, што душа змешана з усім, і магчыма, Фалес таму лічыў, што ўсё напоўнена багамі».[3][17]

Такім чынам, увесь свет, паводле Фалеса, у нейкай ступені мае душу і прасякнуты жыццём. Такое вучэнне атрымала ў гісторыі філасофіі назву гілазаізму (ст.-грэц. hylē — матэрыя, zoē — жыццё). Яно ідзе каранямі ў міфалогію, аднак у Фалеса атрымоўвае ўжо неміфалагічны сэнс. Натура, прырода як адзінае і жывое цэлае валодае, згодна яму, унутраным прынцыпам руху, «рухаючым пачаткам», які і азначаецца прывычнымі тэрмінамі «душа» і «богі».[18]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.41
  2. Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.278
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.279
  4. 4,0 4,1 4,2 Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.42
  5. Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.281
  6. Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.43-44
  7. Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.280
  8. Плутарх, Пир семи мудрецов, Т. I. М., 1907; (Septem sapientum convivium.) 9, б. 153, cd.
  9. Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.279-280
  10. Аристотель, Метафизка, М.- Л., 1934 (Metaphysica) Т. І, 3, 938 b
  11. Diels H. Doxographi Graeci. Berolini et Lipsiae, 1879, 1929/ б. 555
  12. Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.44
  13. Древняя Греция / Генри Бернард Коттерилл; [Пер. С англ. К. Сошинской; под ред. В. П. Пазиловой]. — М.: ЭСКМО, 2006. — (Тайны древних цивилизаций) б.279-280
  14. Диоген Лаэртский. О жизни, учениях и изречениях знаменитых философов. М. 1979; Diogenis Laertii vitae philosophorum. Rec. H. S. Long. London, 1958 / I, б. 24
  15. Аристотель, О душе, М. (De anima) Т. І, 5, 405а
  16. Аристотель, О душе, М. (De anima) Т. І, 5, 411а
  17. Аристотель, О душе, М. (De anima) Т. І, 5, 411а
  18. Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985, б.44

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

1.Богомолов А. С. Античная философия. — М.: Изд-во Моск. Ун-та, 1985

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

ЭРШ Жана Філасофскае здумленне Гісторыя заходняй філасофіі