Кулажын
Вёска
Кулажын
|
Кула́жын[1] (трансліт.: Kulažyn, руск.: Кулажин) — былая вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіла ў склад Камарынскага пассавета. На тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.
За 39 км на паўднёвы захад ад Брагіна, 67 км ад чыгуначнай станцыі Хойнікі (на галіне Васілевічы — Хойнікі ад лініі Калінкавічы — Гомель), 156 км ад Гомеля. Транспартная сувязь па прасёлкавай, затым аўтамабільнай дарозе Камарын — Брагін.
На поўнач ад вёскі меліярацыйныя каналы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Выяўленае гарадзішча (мясцовая назва Гарадок) 1-га тысячагоддзя да н.э. на левым беразе Несвічы, сведчыць пра засяленне мясцін з даўняга часу.
Вядома з XVIII стагоддзя. У 1811 годзе згадана як вёска ў Рэчыцкім павеце Мінскай губерні, уладанне Ракіцкіх. У 1908 годзе ў Савіцкай воласці.
Падчас 1-й сусветнай вайны і германскай акупацыі ў 1918 годзе партызанскай атрад пад кіраўніцтвам Ф. І. Скараходава (з Брагіна) разграміў створаную тут акупантамі камендатуру.
З 8 снежня 1926 да 30 снежня 1927 — цэнтр Кулажынскага сельсавета Камарынскага раёна Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 года — Гомельскай акругі. У 1929 годзе арганізаваны калгас.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў маі 1943 года акупанты цалкам спалілі вёску і забілі 33 жыхароў.
Паводле перапісу 1959 года ўваходзіла ў склад калгасу імя У. І. Леніна (цэнтр — вёска Крукі).
З 30 снежня 1927 да 8 студзеня 1987 года вёска ўваходзіла ў склад Крукоўскага сельсавета[2], да 13 снежня 1991 года — у склад Гдзенскага сельсавета, пасля — у адміністрацыйным падпарадкаванні Камарынскага пассавета.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і радыяцыйнага забруджання жыхары (100 сем’яў) пераселены ў 1986 годзе ў чыстыя месцы.
Ліквідавана 20 жніўня 2008 года[3].
Планіроўка складалася з троху выгнутай працяглай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад і няшчыльна забудаванай драўлянымі дамамі сядзібнага тыпу.
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]- 1850 год — 6 двароў, 31 жыхар.
- 1897 год — 38 двароў, 208 жыхароў (паводле перапісу).
- 1908 год — 65 двароў, 333 жыхары.
- 1940 год — 132 двары, 573 жыхара.
- 1959 год — 461 жыхар (перапіс).
- 1986 год — жыхары (100 сем’яў) пераселены.
- 2010 год — жыхароў няма.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (1-е тысячагоддзе да н.э. — пачатак 1-га тысячагоддзя н.э.), за 0,85 км на поўдзень ад паўночна-заходняга канца былой вёскі Кулажын, 1,49 км на захад ад паўднёва-ўсходняга канца былой вёскі Кулажын, 1,4 км на паўднёвы захад ад моста пры ўпадзенні канала Радзінскага ў раку Несвіч, на павышэнні паміж рэчышчамі двух правых асушаных прытокаў Несвічы, ва ўрочышчы Гарадок —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000114.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ Рашэнне выканкама Гомельскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 8 студзеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901).
- ↑ «Об упразднении сельских населенных пунктов Брагинского района». Решение Брагинского районного Совета депутатов от 20 августа 2008 г. № 68 Архівавана 17 сакавіка 2018. (руск.)
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т.1, кн.1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; Рэдкалегія: Г. П. Пашкоў (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. 632с.: іл. Тыраж 4000 экз. ISBN 985-11-0303-9 ISBN 985-11-0302-0