Брагін

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Гарадскі пасёлак
Брагін
000 Brahin 09.JPG
Сцяг Герб
Сцяг Герб
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першае згадванне
Гарадскі пасёлак з
Насельніцтва
4 400 чалавек[1] (2020)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2344
Паштовы індэкс
247630
Аўтамабільны код
3
Брагін на карце Беларусі ±
Брагін (Беларусь)
Брагін
Брагін (Гомельская вобласць)
Брагін

Брагін[2] — гарадскі пасёлак у Гомельскай вобласці Беларусі, цэнтр Брагінскага раёна, на беразе ракі Брагінка. Насельніцтва — 4400 чалавек (2020)[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Раннія часы[правіць | правіць зыходнік]

Першы пісьмовы ўспамін пра паселішча, датаваны 1147 годам, сустракаецца ў Іпацьеўскім летапісе. У тую зіму, «како уже рекы сташа», дружыны чарнігаўскіх князёў Ольгавічаў і Давыдавічаў «с Половци воеваша Брягинь», што належаў да Кіеўскага княства Ізяслава Мсціславіча[3]. Імкнуліся гэтак адпомсціць за папярэдняе разрабаванне ім чарнігаўскіх валасцей. Горад паўстаў у зоне кантактнага рассялення дрыгавічоў, палянаў і севяранаў.

У 1187 годзе вялікі кіеўскі князь Рурык Расціславіч падарыў Брагін сваёй нявестцы Верхуславе, васьмігадовай дачцэ суздальскага князя Усевалада Юр’евіча, якую бацькі адпусцілі «в Русь с великою любовью» за яго сына князя Расціслава[4].

Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]

У 1360-я гады Брагін у складзе Кіеўскага княства ўвайшоў у Вялікае Княства Літоўскае, дзе стаў цэнтрам воласці; належаў вялікаму князю. Надалей, побач з Рэчыцай, Мазыром і Оўручам, Брагін згаданы ў «Спісе гарадоў, замкаў і земляў, прыналежных князю Свідрыгайлу», датаваным вераснем-кастрычнікам 1432 года[5]. У 1458 годзе колішні маршалак князя Свідрыгайла (1438), а на той час віленскі ваявода Ян Манівідавіч склаў тэстамэнт сынам Яну і Войцеху на Брагін, Горваль, Любеч і іншыя маёнткі[6], набытыя ім і яго бацькам баярынам Манівідам яшчэ ад вялікага князя Вітаўта[7]. У 1471 годзе Кіеўскае княства было пераўтворана ў аднаіменнае ваяводства.

Пасля смерці Войцеха Манівідавіча ў 1475 годзе Брагінам зноў кіраваў вялікакняскі намеснік, пра што ёсць звестка на 1496 год, калі скарб атрымаў «2 копе грошеи». У 1499 годзе людзі з Брагінскай і іншых валасцей бралі ўдзел у работах на Кіеўскім замку: «А до Киева люди посланы города ωправлѧти с Поднепръ|скихъ волостеи. | З Бобрȣиска с обеюхъ половицъ 80 чоловеков с топоры. | З Мозыра и зо Пчича 80 чоловековъ. | З Брагинѧ 40 чоловековъ. | З Речицы 60 чоловековъ. | З Горволѧ 40 чоловековъ»[8]. У XIV—XVII стагоддзях існаваў Брагінскі замак[9]. У чэрвені 1500 года вялікім князем Аляксандрам выдадзены ліст пану Богушу Багавіцінавічу, намесніку пералайскаму, на збор даніны з падняпроўскіх «и инших руских» валасцей, ў тым ліку з Рэчыцкай, Брагінскай, Мазырскай[10].

Брагін названы ў дамове паміж Вільняй і Масквой 1503 года ў пераліку валасцей, якія кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр прапанаваў вялікаму князю маскоўскаму Івану Васільевічу і сыну яго Васілю Іванавічу «в тые перемиръные лета, шесть летъ, не воевати и не зачепляти ни чым», з свайго боку паабяцаўшы захоўваць недатыкальнасць валасцей у Масковіі. Урэшце бакі ў тым пагадзіліся[11]. 3 чэрвеня 1504 года указам караля Аляксандра з Брагінскай воласці былі вылучаныя Астраглядавічы з Хвойнікамі і падараваныя на вечнасць за вайсковыя заслугі пану Сямёну Палазовічу[12]. 7 ліпеня 1506 года той жа манарх перадаў Брагін з воласцю ў трыманне пану Данілу Дзедкавічу, быўшаму на «нашои службе в Оръде Перекопскои», пакуль той не выбера належныя яму 230 коп грошаў[13]. Але неўзабаве кароль Аляксандр памёр, а яго брат і пераемнік Жыгімонт Стары «взяли есмо тую волостку Брягин къ нашои руце», замест яе аддаўшы пану Д. Дзедкавічу на два гады карчму ў Чаркасах[14]. У тым жа 1506 годзе праз Брагін прайшлі крымскія татары.

Прывілеем ад 25 кастрычніка 1509 года воласць была аддадзена каралём Жыгімонтам князю Міхаілу Васільевічу Збаражскаму «до живота его», які раней ужо карыстаўся даходамі з яе «до воли господаръское»[15]. У 1511 годзе манарх выдаў грамату, паводле якой жыхары места Брагін мелі права плаціць падаткі непасрэдна ў дзяржаўны скарб. У хуткім часе князь М. Збаражскі, жадаючы атрымаць воласць «на вечность», біў чалом аб правядзенні яе абмежавання, што і выканаў у пачатку 1512 года каралеўскі дваранін, дзяржаўца трахцемірскі і дымірскі Іван Андрэевіч Кміціч[16]. У 1514 годзе кароль Жыгімонт Стары і падараваў князю «тую волостку Брягин з местом и с корчмами, и з мытом, и з городищом, и со всими селы, и з людми, кром тых сел, што первеи того кому у тои волости будем дали»[17].

Ад 1517 года маёнткам валодалі сыны М. Збаражскага[Заўвагі 1] князі Фёдар (†1533), потым Аляксандар (†1555) Вішнявецкія[18]. У 1535 годзе за часамі вайны Вялікага Княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай Брагін спалілі маскоўскія войскі[19]. Прынамсі ад 1541 года пачаліся памежныя спрэчкі ўладальнікаў Брагіна князёў Вішнявецкіх і ўладальнікаў Астраглядавічаў і Хвойнікаў князёў Відэніцкіх (Любецкіх)[Заўвагі 2][20]. У 1559 годзе кароль Жыгімонт Аўгуст пацвердзіў права на Брагінскі маёнтак князям Аляксандру, Максіму і Міхаілу Аляксандравічам Вішнявецкім. Князь Максім у 1565 годзе спачыў, не пакінуўшы нашчадкаў[21].

У ходзе адміністрацыйнай рэформы 1565–1566 гадоў была вызначана мяжа Кіеўскага павету на ўчастку, дзе знаходзілася Брагінская воласць: «… Мозырскою границою до Брагиньское границы, а Брагиньскою границою до Днепра, по левои стороне пущаючи волость Речицкую, до Любеча…_… а Словешнею доловъ ажъ до Припети, по правои стороне поветъ Киевъскии, а по левои Мозырскии, а черезъ реку Припеть, оставуючи полеве Речицу со всими границами, а поправу Брягинь со всим поветомъ Киевским ажъ до Днепра…»[22][Заўвагі 3].

Напярэдадні падпісання акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 года Кіеўскае ваяводства (у тым ліку Брагін) было далучана да Кароны Польскай[23].

Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку 1574 года маёнтак Брагін быў падзелены паміж князямі-братамі Аляксандрам і Міхаілам Аляксандравічамі Вішнявецкімі. Частка замка князя А. Вішнявецкага выглядала так:

…мне зосталася половина замку Брягинского, вшедши в замок, левая сторона, взявши от тое городни шостое, в которой столба ест. Которою столбою на бланковане ходят. Светлица великая над вороты. Церковь в стене святое Троицы зо всим накладом тое церкви: золотом, серебром, книгами и зо всим тым, што одно в той церкви накладу естъ. Также с попом и дьяконом и з их островами, дубровами, чертежами, полми и сеножатми и зо всими их пожитки и доходы, тое церкви належачими. Ку тому теж будоване: светлицы в стене городни, поклеты, погреб, спижарни вси, яко тая сторона полеве в собе ся мает, аж до вежи тое, што от Брягинки, которая зосталася на делу от мене брату моему его милости князю Михайлу. Такжо теж и тые домы, будоване, светлицы, которые на земли стоят в замку. А ку тому место нашо Брягинское яко люди отчизные, бояре, куничники, загородники, дворцы наши на посаде…

У князя Міхаіла Вішнявецкага — свая доля замкавай спадчыны:

А его милости князю Михайлу Вишневецскому, брату моему, зосталася половина замку Брягинского, вшедши в замок, правая сторона, взявши от тое городни шостое, в которой столба ест, которою столбою на бланкованье ходят, аж до вежи, которая от реки Брягинки. Тая вежа вся зосталася брату моему его милости князю Михайлу с тою вежою, што от Глухович, зо всими городнями, свирнами, светлицами, спижарнями, пивницами, пекарнею так, яко тая сторона замку поправе в собе мает. Ку тому церковь за замком в месте святого Николы зо всим накладом тое церкви, с попы их, з их островами, полями, сеножатми и всими пожитки и доходы, ку той церкви належачими._А места нашого Брягинского его милости князю Михайлу, брату моему, зосталася яко людей отчизных, бояр, куничников, огородников ведле рейстров наших, которые промежку себе есмо подавали._...Также теж ворота замковые, мост перед замком и тот, што от места до места, и ровы около замку — то все наполы подданые наши направовати мают… Теж што ся дотыче веж, которые в месте у острозе побудованы. Мне тая вежа зостала, што от Микулич, а его милости князю Михайлу, брату моему, што от Глухович. Ку тому острог около места нашого Брягинского мают подданые мои направовати и робити от тое вежи мое, што от Микулич, поправе, а подданые его милости князя, брата моего, также острог повинни будуть робить от вежи его милости от Глухович поправе, розделивши увес острог с подданными моими наполы.

Акрамя таго, князю Аляксандру дасталіся сёлы Мікулічы, Селце (Сялец), Лісцвін, дварэц (сядзіба) Высокае, сёлы Веляцін, Зашчоб’е, востраў Дудоўшчына, а князю Міхаілу — сёлы Глухавічы, Губаровічы, Бабчын, Юркавічы, Дубно, Крыўча, Галкі, Сеўкоўцы (Сяўкі), Перка, Доблін, Дамамірка, востраў Рудакоў, востраў Удалёўка[24].

Паводле рэестру 1581 года, апублікаванага Аляксандрам Валерыянам Ябланоўскім, палова Брагіна з сёламі на той час належала князю Міхаілу Вішнявецкаму, старосце чаркаскаму і канеўскаму, а другая палова — удаве яго брата Аляксандра, памерлага ў 1577 годзе. Для часткі князя Міхаіла пададзеная толькі сума пабору — 86 злотых і 5 грошаў. Адносна маёнтку княгіні Аляксандры (з Капустаў) Вішнявецкай паведамляецца пра 32 дымы асадных сялян (×6 — каля 192 чалавек), 21 дым агароднікаў (126 чалавек), 1 святара (6), 5 чабатароў (30), 4 кавалёў і слесараў (24), 2 краўцоў (12), 2 рымараў (12). Асадныя плацілі па 15 грошаў, святар 2 злотыя, агароднікі па 4-6 грошаў, рамеснікі па 15 грошаў падатку, а насельніцтва гэтай часткі Брагіна складала прыблізна 402 чалавекі[25]. У іншым датаваным 13-м сакавіка 1581 года дакуменце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежавання добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаннямі князя Міхаіла Вішнявецкага, кашталяна брацлаўскага, «miasta Brahinia, sioła Chłuchowic [Hłuchowicz], Hubarowa [Hubarowicz] y Babczyna», а таксама княгіні-ўдавы Аляксандравай Вішнявецкай і яе дзяцей «jmienia Brahina, Mikulic, Listwina y innych sioł do Brahinia nalezących»[26].

У 1603 годзе пасля Кіева, Астрога і Гошчы ў Брагіне пры двары князя Адама Аляксандравіча Вішнявецкага з'явіўся будучы Ілжэдзмітрый І, дзе ўпершыню і «прызнаўся», што ён — царскі сын[27].

28 ліпеня 1606 года ў Мазырскі гродскі суд ад імя вяльможнага князя Адама Вішнявецкага была пададзена скарга на яго ўласных слуг Юзафа Лісоўскага, Адама Брозку, як прынцыпалаў, на памагатых Паўла Плядоўскага, Яна Гаварэцкага, Мікалая Шумскага, Себасціяна Савіцкага, Мацюша Брозку, Янкоўскага, Кардышэўскага і іншых за тое, што яны напярэдадні перад світаннем, «не зважаючы на пачцівасць і павіннасць сваю шляхецкую.., змовіўшыся як здраднікі на здароўе пана свайго, да замку места Брагінскага з гасподаў сваіх адначасова сабраўшыся, з полгакамі[Заўвагі 4], з аголенымі шаблямі ў замак гвалтоўна ўламіўшыся, але з-за супрацьдзеяння аховы князя да пакою панскага дайсці не здолеўшы, чэлядзь пры ім тады быўшую, як мужчын, так і белых галоў, разагналі.., як злачынцы і здраднікі да скарбцу, дзе ўся маёмасць рухомая яго міласці захоўвалася, ланцуг і замкі наперад адбіўшы, уламіліся…». А нарабаваўшы ўсялякага дабра, «коней есче до того подданых князя его милости до колко на поли порвавши, з места Брагиня повтекали…». Згаданы сярод слуг-рабаўнікоў Аляксандр Юзаф Лісоўскі — будучы знакаміты правадыр неўтаймоўных «лісоўчыкаў», надта рухавых і баяздольных вершнікаў, якія былі «галаўным болем» не адно для ворагаў, але і для насельніцтва і ўладаў Рэчы Паспалітай, бо аплачвалі ўласную службу жорсткімі рабаўніцтвамі ўсюды, дзе б ні з'явіліся[28].

У 1628 годзе князь Канстанцін Карыбут Вішнявецкі, апякун дзяцей князя Міхаіла, з паловы места Брагіна з 15 дымоў плаціў па 3 злотыя, з 2-х святароў па 6 зл., з 2-х мяснікоў па 6 зл., з млынара 6 зл., з краўца 6 зл., з 6 агароднікаў па 1 зл. і 6 грошаў; усяго разам з сёламі — 271 злоты і 6 грошаў. Пан Ян Точэвецкі з паловы маёнтку Брагін княгіні Адамавай Вішнявецкай[Заўвагі 5] плаціў 200 злотых[29]. Паловай Брагінскага маёнтка валодаў, а ў 1638 г. заставіў яе на чатыры гады за 65 000 злотых пану Лосятынскаму князь Іерамія Міхал, сын Міхаіла, Вішнявецкі[30]. Ён жа і аб'яднаў ў 1641 годзе абедзьве паловы Брагінскай спадчыны малодшай галіны роду Вішнявецкіх у сваіх руках[31].

У часы казацка-сялянскай вайны ў 1648 годзе жыхары Брагіна адчынілі браму войскам Багдана Хмяльніцкага, якім кіравалі палкоўнік Нябаба і Хвясько. Брагінцы і сяляне навакольных вёсак утварылі полк, які выступіў пад камандаю казацкага галавы Магеры. За здраду места разбурана войскам Рэчы Паспалітай. Замак у якасці ранейшага абарончага збудавання не аднаўляўся, але надалей працягваў існаваць, як звычайна ў тыя часы, умацаваны двор князёў Вішнявецкіх і наступных дзедзічных і застаўных уладальнікаў. У хроніках яўрэйскіх аўтараў Натана Гановера і Мейера з Шчэбжэшына ці не ўпершыню згадана «святая грамада Брагін», моцна пацярпелая ад «хмяльніччыны» ў тым жа 1648 годзе[32]. Сярод казакоў, захопленых у палон пасля бітвы пад Загаллем, у датаваным 29 чэрвеня 1649 года дакуменце названы Багдан з Брагіна, падданы князя Іераміі Міхала Вішнявецкага, ваяводы рускага[33].

Пасля смерці ў 1651 годзе князя Іераміі Брагін пэўны час быў уладаннем сына, будучага караля Міхала Карыбута, але апошні саступіў яго маці княгіні Грызельдзе Канстанцыі з роду Замойскіх Вішнявецкай[34]. Каля 1672 года[Заўвагі 6] Брагінскія добра дасталіся пляменніку княгіні пану Станіславу Канецпольскаму[35], а ў 1682 годзе, паводле тэстамэнта, — усынаўлёнаму апошнім пану Яну Аляксандру Канецпольскаму, ваяводзічу бэлзскаму[36]. У люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага павета Кіеўскага ваяводства ад 25 студзеня 1683 года сказана, што пан Канецпольскі валодаў у месце Брагін 55 дымамі (каля 330 жыхароў), пан Сіліч – 27 (162), пан Бялабжэскі – 6 (36), пан Чэрскі – 3 (18); а яшчэ тут было 8 дымоў яўрэйскіх (48)[37]. 14 верасня 1686 года брагінскі мешчанін Юры Андрыевіч пад прысягай паведаміў у Оўруцкім гродскім судзе, што як з-за казакоў, так і з-за войска Вялікага Княства Літоўскага, з места Брагін, акрамя яўрэяў, адышлі 15 дымоў (прыкладна 90 жыхароў)[38]. 28 чэрвеня 1687 года ў той жа суд Ваўжынцом Лавіцкім, падчашым ноўгарад-северскім, ад імя яснавяльможнага пана Яна Канецпольскага, ваяводзіча бэлзскага і каралеўскага палкоўніка, быў пададзены пратэст супраць «нязносных крыўд, шкод, крыміналаў, наездаў і забоеў», учыненых у маёнтку Брагінскай воласці палкоўнікам Войска Запарожскага Паўлам Апосталам Шчуроўскім, яго сотнікамі і казакамі. Тады 65 домагаспадарак (каля 390 жыхароў) пана Канецпольскага ў месце Брагін былі моцна зруйнаваныя працяглым (ад лістапада 1686 года) пастоем 65 казакоў і 30 коней, для якіх на ўсю зіму і вясну («да самых świątek zielonych») яны сталі своеасаблівай кухняй. Акрамя іншага, сотнік Русановіч моцна збіў брагінскага падстаросту Сташкевіча, а мешчаніна Антоненку ажно да смерці. Здзекваўся са святара Мікольскага, схапіўшы за галаву, цягаў каля царквы і збіваў за тое, што ён словамі ўшчуваў сотніка, які ў Вялікі пост уздумаў іграць музыку і танцаваць. На загад Апостала Русановіч пасля жорсткага катавання абрабаваў, а потым забіў ксяндза дамініканіна Булгака, які ехаў з Пінскага кляштара да сваякоў і заначаваў у Брагіне. Яшчэ сказана, што ўрэшце казакі П. Шчуроўскага гэткімі ўчынкамі «rozegnali chłopów i mieszczanow z Brahińszczyzny za Dniepr». Адным з сведкаў у справе выступіў брагінскі войт Цімафей Ленчанка[39].

14-м лістапада 1705 года датаваная судовая скарга панства Станіслава і Алены Сілічаў на Зыгмунта Шукшту, адміністратара ўладальніка Хойніцкага маёнтку князя Дамініка Шуйскага, за чатырохразовае спаленне іхнай карчмы, збор кірмашовага і гандлёвага мыта з іх і з купцоў у м. Брагін[40]. 16 лютага 1709 года быў актыкаваны ліст каралеўскага ротмістра, лідскага стольніка Валерыяна Антонія Талмонта, у якім паведамляецца, што ён, выправіўшыся да маёнткаў Брагін і Хойнікі, прасіў шляхціча Мельчынскага дастаўляць для яго харугвы правіянт або грошы і загадаў выдаваць ад імя яго, Талмонта, распіскі; што за ўсе страты, нанесеныя шляхце і яе падданым войскамі, мусіць адказваць пан Мельчынскі, выбраны шляхтай дзеля забяспечання войск правізіяй у Кіеўскім ваяводстве; што за ракой Уша стаяць іншаземныя войскі і іх гэты ліст не датычыцца. 18 снежня 1710 г. скаргу ў суд падалі мельніцкі войскі Аляксандр Бандынэлі з жонкай, якія тады валодалі часткай сёл Брагінскага ключа Я. Канецпольскага, на стражніка вількамірскага З. Шукшту з жонкай: за збіццё ў м. Хойнікі іх яўрэя Фроіма Абрамовіча, ад чаго той памёр; за адмову таму ж яўрэю ў святым хрышчэнні, аб чым ён, зыходзячы, прасіў; за таемнае пахаванне трупа, рабаўніцтва ў нябожчыка грошай, пагрозы самым падаўцам скаргі. Тым жа днём датавана і скарга на забойства яўрэя Абрамовіча ўладальніка Брагіна Я. Канецпольскага[41]. 29 ліпеня 1719 году А. Бандынэлі падаў скаргу на ковенскага падстолія З. Шукшту за тое, што ён гвалтоўна адабраў поле ўва ўрочышчы Тварова, падараванае брагінскай царкве св. Мікалая яшчэ князямі Вішнявецкімі, збіўшы пры гэтым царкоўных сялян і перакалоўшы дзідамі валоў. Пазбаўленая угоддзяў царква прыйшла ў заняпад, што ледзь не прывяло да бунту прыхаджан. Таму падаўца скаргі вырашыў вярнуць царкоўныя землі і паслаў сваіх людзей, загадаўшы ім убраць жыта, засеянае падданымі пана Шукшты. Апошні, у сваю чаргу, сабраўшы да 200 чалавек чэлядзі, узброіўшы іх стрэльбамі, дзідамі і інш., з'явіўся на полі, калі туды прыйшлі брагінскія сяляне з святарамі, несшымі крыжы ў руках. Шукшта з сваімі людзьмі напаў на святароў, збіў іх. На абарону апошніх кінуліся брагінскія сяляне і мяшчане, адбылася жорсткая бойка, якая скончылася не на карысць З. Шукшты: ён вымушаны быў адыйсці, маючы шмат людзей параненымі, а аднаго забітым; з брагінцаў двое мяшчан былі цяжка параненыя. А. Бандынэлі заявіў пра адабранне яго людзьмі зброі у пана Шукшты падчас наезду. Возны агледзеў у Брагінскім замку тую зброю: 11 стрэльбаў, 9 бердышоў, 18 кос і г. д.[42]

3 снежня 1719 года апошні на той час дзедзічны ўладальнік Брагінскіх добраў Ян Канецпольскі, ваявода серадзкі, спачыў. А ўжо 10 жніўня 1720 года пан Зыгмунт Шукшта, падстолі ковенскі, падаў у Оўруцкі гродскі суд сведчанне за подпісамі некалькіх шляхцічаў, якія на ўласныя вочы назіралі ў Брагіне жахлівую карціну: прыходскія могілкі Свята-Мікольскай царквы, зруйнаваныя на загад пана Аляксандра Бандынэлі, войскага мельніцкага, а разам косці і чарапы, раскіданыя паўсюдна. На вызваленым жа месцы адказчыкам па-блюзнерску закладзены быў італьянскі сад (ogród włoski)[43]. 14 чэрвеня 1724 года дорпацкі падкаморы Аляксандр Антоні Бандынэлі з жонкай заявілі ў судзе, што патрацілі вялікія сродкі на засяленне і аднаўленне застаўнога маёнтку Брагін, які атрымалі ў надта зруйнаваным стане[44].

У тарыфе Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводства 1734 года, складзеным паводле звестак папярэдняй люстрацыі, засведчана, што ў частцы места Брагін і яшчэ 36 паселішчах, якія трымаў пан Бандынэлі, налічвалася каля 355 двароў (прыкладна 2130 жыхароў). У частцы Брагіна і прыналежных да яе 19 паселішчах (акрамя Залесся і Зашчоб’я сялецкіх айцоў базылянаў), што знаходзіліся ў заставе ў пана Сіліча, было каля 175 двароў (прыкладна 1050 жыхароў)[45]. А. Бандынэлі спачыў у 1733 годзе і менавіта тады князь Міхал Сервацы з старэйшай галіны і апошні ў родзе Вішнявецкіх ці не ўпершыню падпісаўся як «hrabia... na Brahiniu»[46].

Пасля смерці князя Міхала Сервацыя Вішнявецкага яго вялізныя ўладанні адыйшлі да жонкі княгіні Тэклі з Радзівілаў († канец 1747). Прычым на Брагіне з прылегласцямі ёй было запісана, верагодна, дзеля аднаўлення маёнтку, ажно 400 000 злотых[Заўвагі 7][47].

У 1748 г. мястэчка Брагін названае ў ліку паселішчаў, частка жыхароў якіх (галоўным чынам, шляхта) належала да рыма-каталіцкай Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[48]. Ад студзеня 1749 года маёнтак стаў уласнасцю Замойскіх[49]. Паводле ксяндза Ст. Залэнскага, дачцэ Міхала (†1735) і Эльжбеты (з князёў Вішнявецкіх) Замойскіх Катарыне, якая пабралася шлюбам з Янам Каралем Мнішкам, падкаморым каронным[Заўвагі 8], пры сямейным падзеле ў 1750 годзе дасталося ў трыманне «Брагінскае графства» (мястэчка Брагін з 37 вёскамі). Тады ж яна і фундавала ў Брагіне пры касцёлё, які наноў паставіла, місію, прызначыла езуіцкай рэзідэнцыі ў Юравічах пэўную суму грошай з умовай, каб нехта з місіянераў прыбываў да Брагіна і абслугоўваў духоўныя патрэбы католікаў[Заўвагі 9] [50].

Часам не абміналі Брагін і гайдамакі. У 1750, 1751 годзе мястэчка і ваколіцы, частка якіх была тады ўладаннем пана Францішка Антонія Ракіцкага, ротмістра ашмянскага, пацярпелі ад іх рабаўніцтваў[51]. З паказанняў арыштанта, гайдамацкага ватажкі, Івана Падалякі ў Кіеўскім гродскім судзе ад 20 кастрычніка 1750 г.: «…ідучы да Брагіня каля млыноў, што завуцца Гарадзішчам, здыбалі аднаго чалавека, з імя і прозвішча невядомага, які… ўзяўся дабраахвотна праводзіць, і пайшлі да Брагіня; у Брагіню ўначы зрабавалі двух яўрэяў: сукмані, маніста, серабро і грошы забралі; кожнаму гайдамаку ў цвёрдай манеце дасталася па дзесятку рублёў, а ў дробнай манеце маскоўскай – па пяць рублёў і шэсць грывень; тую дробную манету ўсю аддалі правадніку Сцяпану..; той жа Сцяпан з Брагіня праводзіў іх да дому свайго бацькі і, там накарміўшы, у бацькі пакінуў грошы, а сам павёў іх да сваіх паноў, да Кімбараўкі…»[52]. Нярэдка, рабаўніцтвы суправаджаліся забойствамі. Уражвае наступнае сведчанне: «Тот же секунд-майор Галцов 25 августа 1750 г. рапортовал: «сего августа 25 дня писал к нему польского местечка Лоева, владельца конюшенного и ротмистра Антония Рокицкого местечка Брагина управитель шляхтич Верига, что сего августа против 25-го числа разбойников 12 ч-к, в ночи при селе Игрушине попа Павла Лазниченка разбили и двор огнем спалили, и жида разбили и огнем сожгли, а жидовку до смерти скололи; да в деревне Сувиде жида разбили, а жидовку огнем же зжгли и жиденка до смерти скололи, которое де село Игрушин и дер. Сувида разстоянием от Днепра против Любич с 15 верст». Пазней Ф. Ракіцкі паведамляў кіеўскаму генерал-губернатару М. І. Лявонцеву: «сего 1752 г. мая 10-го н. с. два гайдамаки именем Грицько Киселенко, а другой Пархоменко пойманы с товарищи в розбое и в допросе сего мая 15 в лоевском замке показали: …Из Жаров вышев, имев всякое к пропитанию изобилие, плыли Днепром до реки Брагинки и хотели прийти до местечка Брагина, но имея предосторожность, что были в опасности, поплыли вверх Днепром к Лоеву, мимо Любеча…»[53].

У 1750 — 1753 гадах памежныя канфлікты з князямі Шуйскімі, уладальнікамі Хойнікаў і Астраглядавічаў, мелі, відавочна, пакуль што пасэсары Брагінскага маёнтку паны Ян Караль Мнішак, падкаморы літоўскі, і Францішак Антоні Ракіцкі, войскі ашмянскі[54]. У 1754 годзе маёнтак Брагін (Брагінскае графства і Ялчанскі ключ) быў куплены ў княгіні Эльжбеты, дачкі Міхала Сервацыя, Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім (†1759), лідарам групоўкі Чартарыйскіх у Рэчыцкім павеце. Пасля гэтага судовыя прэтэнзіі суседзяў, апекуноў непаўналетніх хойніцкіх Шуйскіх паноў Быстрых, старостаў ліноўскіх, наступных апекуноў князёў Шуйскіх, старостаў ніжынскіх, былі ўжо толькі да паноў Ракіцкіх і іх сваякоў Рафала Аскеркі, Міхала Страшэвіча, якія некаторы час мелі дачыненне да Брагінскіх добраў[55]. На 1754 год у мястэчку Брагін налічвалася 117 двароў (прыкладна 702 жыхары), з якіх «do grodu» (Оўруцкага замка) выплачвалася 18 злотых і 7 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 73 злотых[56]. 2 жніўня 1776 года ў Мазырскім гродскім судзе для пана Міхала Ракіцкага, палкоўніка пяцігорскага, з падачы ротмістра ашмянскага пана Алаізія Ракіцкага, было актыкавана абмежаванне Брагінскай воласці 1512 года, згодна з указам караля Жыгімонта Старога, праведзенае дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збаражскага. У гэты раз дакумент быў запісаны пад назвай «Akt Ograniczenia Hrabstwa Brahińskiego»[57]. Брагін заставаўся ў валоданні Ракіцкіх да 1880-х гадоў.

Яўрэйскія перапісы 1765, 1778 і 1784 гадоў засведчылі, што ў Брагіне налічвалася адпаведна 64 двары з 260 яўрэямі, 31 двор з 90 яўрэямі і 47 двароў з 152 яўрэямі. Мястэчка было цэнтрам аднаіменнага кагала, да якога ў названыя гады належалі насельнікі 41, 28 і 26 вёсак, хутароў і фальваркаў, а ў іх разам з мястэчкам пражывала 532, 189 і 223 яўрэяў; некаторыя ў 1784 годзе запісаліся хрысціянамі, таму пагалоўшчыне не падлягалі — у Лісцвіне, Веляціне, Еўлашах, Дубліне[58]. Прыкметнае ўбыванне колькасці яўрэяў і прыняцце некаторымі з іх хрысціянства магло быць выклікана выбухам гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе, адгалоскі якой дасягалі і Брагіна.

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Брагін апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва, з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павету спачатку Чарнігаўскай, потым Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года — Мінскай губерні Расійскай імперыі[59]. У крыніцы, заснаванай на звестках расійскай рэвізіі 1795 года, сказана, што мястэчка Брагін было ў супольным валоданні графаў Людвіка і Алаізія Ракіцкіх, мела «грунт песковатой 14 уволок», а сена па балотах тамтэйшыя жыхары накошвалі 270 вазоў. Тут існавала адна з сямі ў Рэчыцкай акрузе яўрэйскіх школ, якая месцілася ў драўляным будынку[60].

У парэформенныя часы — цэнтр воласці ў Рэчыцкім павеце.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Брагін, аднак, апынуўся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[61].

1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езду КП(б) Беларусі Брагін з воласцю ўвайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня ён разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзены ў склад РСФСР.

8 снежня 1926 года Брагін і яго значна пашыраную тэрытарыяльна воласць вярнулі БССР. Тады ж ён стаў цэнтрам раёна. 27 верасня 1938 года Брагін атрымаў афіцыйны статус гарадскога пасёлка.

У Другую сусветную вайну з 28 жніўня 1941 да 23 лістапада 1943 года Брагін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. У 1986 годзе ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС мястэчка апынулася ў зоне радыеактыўнага забруджвання.

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

  • 2006 год — 3,7 тыс. чал.
  • 2010 год — 3,9 тыс. чал.
  • 2016 год — 3698 чал.[62]
  • 2017 год — 3662 чал.[63]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Прадпрыемствы харчовай прамысловасці.

Славутасці[правіць | правіць зыходнік]

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Раней, у 1490, 1511, 1512 гадах ён ужо, бывала, падпісваўся Вішнявецкім, а ў 1517 годзе, незадоўга да смерці, Вішнявецкім і Збаражскім.
  2. Тады Брагінам валодаў князь Аляксандр Міхайлавіч Вішнявецкі, а Астраглядавічамі і Хвойнікамі князь Дзмітры Раманавіч Відэніцкі.
  3. Калісьці А. Ябланоўскі адвольна, без апоры на крыніцы, выключна з геаграфічных меркаванняў, змясціў Брагінскую воласць у складзе Любецкай акругі (павету) побач з Любецкім і Лоеўскім староствамі (Źródła dziejowe (далей: ŹD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów–Bracław) / A. Jabłonowski. – Warszawa, 1894. S. 26). І. В. Кандрацьеў пайшоў у гэтым пытанні яшчэ далей, абсалютна беспадстаўна залічыўшы Брагін (у іншых выпадках яго палову) да Любецкага староства і нават да Любецкай воласці (!) [Кондратьєв І. В. Любецьке староство (XVI – середина XVII ст.). /І. В. Кондратьєв – Чернігівський національний педагогічний університет ім. Т. Г. Шевченка; Історико-археологічний музейний комплекс «Древній Любеч». – Чернігів: Видавець Лозовий В. М., 2014. С. 20, 69, 79, 196–97]. Відавочна, аўтар не змяніў сваю пазіцыю і дагэтуль, бо ў яго аўтарэфераце (тэкст самой дысертацыі, на жаль, недаступны) сустракаем фразу – «В цей час змінюються і кордони Любецького староства, в основному після відпадіння у 1564 р. Брагінської волості.» (тут аўтар паўтарае яшчэ і старую памылку М. К. Любаўскага, запазычаную А. Ябланоўскім і П. Г. Кляпацкім; яны меркавалі, што Брагінская воласць была часткай Мазырскага павету) [гл.: Кондратьєв І. В. Лівобережні староства Київського воєводства Великого Князівства Литовського та Речі Посполитої: Соціально-територіальні трансформації XIV – XVII ст.: Автореферат дисертації на здобуття наукового ступеня доктора історичних наук. – Київ, 2020. С. 19]. Гэта, як бачым з прыведзенага ўрыўку, не так, бо — «Брягинь со всим поветомъ Киевским», не з Мазырскім. Да Любецкай воласці і староства належалі некалькі паселішчаў сучаснага Брагінскага раёна, аніяк не колішняй воласці. "Воласць Брагіня" у пачатку XVI ст. межавала з Мазырскай, Рэчыцкай, Любецкай и Чарнобыльскай валасцямі (гл.: Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 4 — 9; 41 (ілюстрацыя): Jakubowski J. Mapa Wielkiego Księstwa Litewskiego w połowie XVI wieku. 1, Część północna, skala 1 : 1.600.000: objaśnienie do mapy. – Kraków: Skł. gł. w księgarniach Gebethnera i Wolfa, 1928. На карце – Брагінская воласць у атачэнні Мазырскай, Рэчыцкай, Чарнобыльскай і Любецкай валасцей.)
  4. Полгак – кароткая стрэльба, калібрам удвая меншым, чым у гакаўніцы.
  5. Яе мужа не стала ў 1622 годзе.
  6. Год спачыну княгіні Грызельды.
  7. Параўнання дзеля: на Вішняўцы cum attinentiis - «усяго» 111 000 злотых.
  8. На самой справе — падкаморым літоўскім.
  9. Некаторыя звесткі пра місіянераў-езуітаў сустракаем ў метрычных кнігах Астраглядаўскага касцёла: ксяндзы Вітвіцкі (1751), Ігнацы Барановіч (1752), Адальберт Чэрскі (1756—1760, 1767), Юзаф Артэльскі (1769, 1773), Стэфан Маргелевіч (1773); трое апошніх названыя менавіта місіянерамі брагінскімі, гл.: НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 153адв., 154—155адв., 156адв., 158—158адв.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. 1,0 1,1 Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2020 г. па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (8 красавіка 2020). Праверана 9 чэрвеня 2020.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
  3. Полное собрание русских летописей (ПСРЛ). Т. 2. Ипатьевская летопись. — СПб., 1908. Стб. 359.
  4. ПСРЛ. Т. 2. Стб. 658.
  5. Полехов С. В. Наследники Витовта. Династическая война в Великом княжестве Литовском в 30-е годы XV века. — Москва: «Индрик», 2015. С. 521—525
  6. Semkowicz W. Przywileje Witolda dla Moniwida, starosty Wileńskiego, i testament jego syna Jana Moniwidowicza. // Ateneum Wileńskie. — Wilno, 1923. № 5 (6). S. 261.
  7. Вячаслаў Насевіч. Манівідавічы. // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя: у 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. Т. 2. К-Я. С. 270.
  8. Акты, относящиеся к истории Западной России — Т. 1(6): Сборник документов канцелярии великого князя литовского Александра Ягеллончика, 1494—1506 гг. Шестая книга записей Литовской метрики / М. Е. Бычкова (отв. сост.), О. И. Хоруженко, А. В. Виноградов; отв. ред. тома С. М. Каштанов — Москва; С.-Петербург: Нестор-История, 2012. С. 397, 399.
  9. Ткачоў М. А. Замкі і людзі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1991. С.123 — 124
  10. Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 5 (1427 – 1506) / E. Banionis. – Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1993. С. 295
  11. Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 5 (1427 – 1506) / E. Banionis. С. 209; Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским. — Т. 1. (1487—1532). — С.- Петербург, 1882. С. 395, 400
  12. Аrchiwum Główny Akt Dawnych. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (далей: AGAD. APiJ). Sign. 1. S. 3, 200
  13. Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 1(6). С. 37.
  14. Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499—1514). / A. Baliulis ir kt.- Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidykla, 1995. С. 131—132, 168—169.
  15. Lietuvos Metrika. Kniga Nr. 8 (1499—1514). С. 431.
  16. НГАБ у Мінску. Ф. 1728. Врп. 1. Спр. 19. А. 1049—1050адв.
  17. Lietuvos Metrika. Knyga Nr. 9 (1511—1518). Užrašymų knyga 9 / Metryka Litewska. Księga Nr 9 / 9 księga wpisów / Księga-kontynuacja (1508—1518). Wydał K. Pietkiewicz (Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu). — Vilnius: Žara, 2002 [2004]. С. 240
  18. Зимницька С. П. Родові володіння Вишневецьких на території Волині, Брацлавщини і Київщини в рецепції українських і польських істориків / С. П. Зимницька // Гуманітарний журнал. — 2005. — № 1-2. — С. 128, 130
  19. Грынявецкі В. Брагін. // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. Т. 1. А-К. С. 340.
  20. AGAD. APiJ. Sign. 1. S. 3, 4
  21. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. — Warszawa, 1895. S. 553, 556
  22. Русская историческая библиотека (далей: РИБ). Т. XXX. Литовская метрика. Отд. 1-2. Ч. 3. Т. 1. – Юрьев, 1914. Стб. 892, 893
  23. Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
  24. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік — Выпуск 1. — 2000. — С. 187—192.
  25. ŹD. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. IX. – Wykazy… S. 36, 37, 38
  26. Руська (Волинська) метрика [Текст] : регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569 – 1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. – Київ, 2002. С. 301 – 302
  27. Акты, собранные в библиотеках и архивах Российской империи археографической экспедицией Императорской академии наук. Т. 2. 1598 – 1613. – С.-Петербург, 1856. С 143; РИБ.– С.-Петербург, 1891. Т. XIII. Стб. 22, 973
  28. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 19 — 23
  29. Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 393 — 394, 399
  30. Tomkiewicz W. Jeremi Wiśniowiecki (1612–1651) / W. Tomkiewicz. – Warszawa, 1933. S. 112, 113
  31. Czamańska I. Wiśniowieccy. Monografia rodu. – Poznań, 2007. S. 145, 171
  32. Еврейские хроники XVII столетия (Эпоха ”хмельничины”). Исследование, перевод и комментарии С. Я. Боровского. – Иерусалим: Гешарим, 1997. С. 112, 164
  33. Джерела з історії Національно-визвольної війни українського народу 1648—1658 рр. Т. 1 (1648—1649). — Київ, 2012. С. 264, 266
  34. Мацук А. Брагін. // Князі Вишневецькі. – Київ, 2016(2017). С. 213 – 215
  35. Czamańska I. Wiśniowieccy. S. 334–335; аўтар прывяла сведчанне аб валоданні Ст. Канецпольскім Брагінам на 1676 год.
  36. Pamiętniki o Koniecpolskich. Przyczynek do dziejów polskich XVII wieku. / Wydał Stanisław Przyłęcki. — Lwów, 1842. S. 375—389
  37. АрхивЮЗР. Ч. 7. T. 1. С. 489, 490, 502
  38. Архив ЮЗР. Ч. 7. Т. 1. С. 550—551
  39. Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679–1716). – Киев, 1868. С. 148–158
  40. Опись актовой книги Киевского центрального архива. № 25 / Сост. А. Т. Белоусов. – Киев, 1881. С. 12
  41. Опись актовой книги Киевского центрального архива. № 27 / Сост. А. Т. Белоусов. – Киев, 1882. С. 5, 45
  42. Опись актовой книги Киевского центрального архива. № 34 / Сост. А. И. Савенко. – Киев, 1906. С. 28–29
  43. Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648–1798). – Киев, 1871. С. 401–402
  44. Опись актовой книги Киевского центрального архива. № 38 / Сост. Е. П. Диаковский – Киев, 1906. С. 28
  45. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 21, 39, 283—285
  46. Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (АВАК) – Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  47. Czamańska I. Wiśniowieccy. S. 451–452
  48. Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  49. Czamańska I. Wiśniowieccy. S. 452
  50. Załęski S. Jezuici w Polsce. Kraków, 1905. T. 4. Cz. 4: Kolegia i domy założone za królów Jana Kazimierza, Michała, Jana III, obydwóch Sasów i Stanisława Augusta. 1648—1773. S. 1551
  51. Белоруссия в эпоху феодализма. Сборник документов и материалов. Том 2: С середины XVII до конца XVIII века, до воссоединения с Россией / Под ред. А.И. Азарова, А.М. Карпачева, Е.И. Корнейчик. – Минск: Издательство Академии наук БССР, 1960. С. 396–398
  52. Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 3. Акты о гайдамаках (1700–1768). – Киев, 1876. С. 529–530
  53. Исторические материалы из архива Киевского губернского правления. Выпуск 5. / Сост. ред. неофициальной части Ал. Андриевский. – Киев, 1883. С. 13, 16, 30
  54. AGAD. APiJ. Sign. 1. S. 70—71
  55. AGAD. APiJ. Sign. 1. S. 71 etc.
  56. Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 188; гл. таксама: С. 13—15, 20—22
  57. Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. С. 7—11
  58. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391—392, 710—711
  59. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182
  60. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 71, 75
  61. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
  62. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
  63. Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.) . Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
  64. [1]
  65. [2]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]