Кіеўская мітраполія Маскоўскага патрыярхату

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кіеўская мітраполія — мітраполія Маскоўскага патрыярхату, якая ахоплівала тэрыторыю сучасных Беларусі і Украіны. Фактычна ўтварылася ў 1686 годзе ў выніку захопу Маскоўскай царквой Кіеўскай мітраполіі Канстанцінопальскага патрыярхату. У 1721 годзе разам з Маскоўскай (Грэка-Рускай) царквой перайшла ў падпарадкаванне «Найсвяцейшага ўрадавага сінода» Расійскай імперыі. У 1918 годзе ўтварылася Украінская аўтаномная царква Маскоўскага патрыярхату (з 27 кастрычніка 1990 года — Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату).

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату выводзіць сваю гісторыю з 988 года, калі Канстанцінопальскі патрыярхат (Візантыйская імперыя; цяпер Турцыя) утварыў Кіеўскую мітраполію ў выніку хрышчэння Русі вялікім князем Уладзімірам Святаславічам. У 1299 годзе кіеўскі мітрапаліт Максім перасяліўся ва Уладзімір-на-Клязьме (цяпер Расія). У 1325 годзе яго пераемнік Пятро Ратэнскі пераехаў у Маскву[1] (Вялікае Княства Маскоўскае). Пагатоў паводле 82-га правіла Карфагенскага сабора 419 года (Заходняя Рымская імперыя; цяпер Туніс), «хай не будзе дазволена ніякаму епіскапу пакідаць галоўнае горад сваёй кафедры і адыходзіць да якойсці царквы, што ў складзе яго епархіі»[2]. Тым часам у 1317 годзе ў Навагрудку (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Беларусь) канстанцінопальскі патрыярхат заснаваў Літоўскую мітраполію. 15 снежня 1448 года Сабор епіскапаў Вялікага Княства Маскоўскага абраў маскоўскім мітрапалітам Ёну Аднавушава, якога канстанцінопальскі патрыярх адмовіўся зацвердзіць. У 1458 годзе Канстанцінопальскі патрыярхат (Асманская імперыя) аднавіў Кіеўскую мітраполію (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Украіна) у сувязі з утварэннем адасобленай Маскоўскай мітраполіі (Вялікае Княства Маскоўскае)[1]. Маскоўскі сабор 1459 года ўтварыў «Маскоўскую царкву»[3], што Канстанцінопальская праваслаўная царква (Асманская імперыя) палічыла за некананічны раскол (схізму). У 1589 годзе Канстанцінопальскі патрыярхат прызнаў самастойнасць (аўтакефалію) Маскоўскай царквы ў межах Маскоўскага царства.

Пасля Берасцейскай уніі 1596 года праваслаўныя епіскапы перападпарадкавалі Кіеўскую мітраполію рымскаму папу ў выглядзе Рускай уніяцкай царквы. У выніку адбыўся раскол праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1620 годзе ерусалімскі патрыярх Тэафан III на даручэнне канстанцінопальскага патрыярха Цімафея II аднавіў Кіеўскую праваслаўную мітраполію і высвяціў на мітрапаліта Ёва Барэцкага. У ліпені 1685 года кіеўскім мітрапалітам абралі Гедэона Святаполк-Чацвярцінскага (Гетманшчына), якога 8 лістапада высвяціў маскоўскі патрыярх Іякім за прысягу Маскоўскаму патрыярхату[1]. Пагатоў паводле 8-е правіла Эфескага сабора 431 года (Візантыйская імперыя; цяпер Турцыя) патрабуе, «каб ніхто з богаласкавых епіскапаў не распаўсюджваў сваю ўладу на чужую епархію, якая раней і спачатку не была пад яго рукой, або яго папярэднікаў»[4]. Таксама паводле 2-га правіла 1-га Канстанцінопальскага сабору 381 года (Рымская імперыя), «Абласныя епіскапы хай не распаўсюджваюць сваёй улады на цэрквы за межамі сваёй вобласці»[5].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1686 годзе маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч прапанаваў Асманскай імперыі дагавор аб міры з умовай згоды новага канстанцінопальскага патрыярха Дыянісія на перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату[6]. У маі 1686 года патрыярх Дыянісій выдаў грамату аб перадачы Кіеўскай мітраполіі маскоўскаму патрыярху, за што атрымаў ад маскоўскага пасла Мікіты Аляксеева 400 залатых манет і 120 сабаліных шкурак[7]. У 1687 годзе Канстанцінопальскі сабор пазбавіў Дыянісія патрыяршага пасаду за хабарніцтва (грэчаск. сыманію), праз якое той адмовіўся ад Кіеўскай мітраполіі на карысць маскоўскага патрыярха[8].

У 1691 годзе епіскап перамышальскі прыняў Берасцейскую унію, у 1700 годзе — епіскап львоўскі, у 1702 годзе — луцкі. Па гэтым у складзе Кіеўскай мітраполіі Маскоўскага патрыярхату на тэрыторыі Рэчы Паспалітай засталася толькі Магілёўская (Беларуская) епархія. З утварэннем у 1721 годзе «Найсвяцейшага ўрадавага сінода», аднаго з міністэрстваў Расійскай імперыі, Кіеўская мітраполія трапіла пад яго фактычную ўладу. «Найсвяцейшы ўрадавы сінод» узначальвалі прызначаныя маскоўскім гаспадаром свецкія обер-пракуроры. Урад Рэчы Паспалітай разглядаў падпарадкаванне яму Кіеўскай мітраполіі як парушэнне дзяржаўнага суверэнітэту, таму зноў пачаў уціск вернікаў з мэтай далучэння іх да Уніі. У XVIII ст. рабіліся спробы перадаць Беларускую (Магілеўскую) епархію полацкаму ўніяцкаму епіскапу. Упартае змаганне за захаванне Беларускай епархіі ў другой палове XVIII ст. вёў магілеўскі епіскап Георгій Каніскі. У 1768 годзе пад націскам замежных дзяржаў, у тым ліку Расійскай імперыі, сойм Рэчы Паспалітай згадзіўся ўраўнаваць правы дысідэнтаў (пратэстантаў і праваслаўных) з каталікамі.

З сярэдзіны 1780-х гадоў уладу над мітрапаліцкая епархіяй у Вялікім Княстве Літоўскім ажыццяўляў Віктар (Садкоўскі) з рэзідэнцыяй у Слуцку, якога аднак неўзабаве зняволілі паводле звінавачвання ў дзяржаўнай здрадзе. Каб скасаваць залежнасць Праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай ад уладаў Расійскай імперыі Пінская кангрэгацыя ў 1791 годзе і Чатырохгадовы сойм у 1788—1792 гадах пастанавілі стварыць у межах Рэчы Паспалітай асобную праваслаўную мітраполію ў юрысдыкцыі Канстанцінопалькага патрыярхату. Ажыццявіць гэту пастанову не далі падзелы Рэчы Паспалітай[9].

У 1918 годзе ўтварылася Украінская аўтаномная царква Маскоўскага патрыярхату (з 27 кастрычніка 1990 года — Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату).

Мітрапаліты[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в Гісторыя Кіеўскай мітраполіі (укр.)(недаступная спасылка). Свята-Ільінская царква Кіеўскай мітраполіі УПЦ (МП) (23 красавіка 2008). Архівавана з першакрыніцы 28 лістапада 2017. Праверана 4 снежня 2017.
  2. Правілы Карфагенскага сабора (руск.)(недаступная спасылка). Бібліятэка Якава Кротава (23 красавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 23 верасня 2017. Праверана 11 верасня 2017.
  3. Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни (рэпрынт: Буэнос-Айрес, 1966) — Минск: Белорусский экзархат Русской православной церкви, 1990. С. 116.
  4. Правілы Эфескага сабора 431 (руск.)(недаступная спасылка). Бібліятэка Якава Кротава (23 красавіка 2017). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2011. Праверана 4 снежня 2017.
  5. Правілы 2-га Сусветнага сабора 381 года ў Канстанцінопалі (руск.). Праваслаўная энцыклапедыя «Сядміца» (23 красавіка 2017). Праверана 4 снежня 2017.
  6. Аляксандр Крамар. Патрыярхат-рэйдэр(укр.) = Патріархат-рейдер // Украінскі тыдзень : часопіс. — 11 лютага 2011. — № 6 (171). — ISSN 1996-1561.(недаступная спасылка)
  7. Павел Саладзько. Гісторыя і сучаснасць украінскага праваслаўя (укр.). Анлайн-выданне «Гістарычная праўда» (Кіеў) (25 ліпеня 2013). Праверана 4 снежня 2017.
  8. Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни (рэпрынт: Буэнос-Айрес, 1966). — Минск: Белорусский экзархат Русской православной церкви, 1990. С. 209.
  9. Пазднякоў В. Кіеўская мітраполія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т.. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. С. 92.
  10. Атрымаў прызначэнне на Кіеўскую мітраполію Канстанцінопальскага патрыярхату бяз згоды патрыярха канстанцінопальскага

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]