Лідзія Якаўлеўна Ліпкоўская
Лідзія Якаўлеўна Ліпкоўская | |
---|---|
![]() | |
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 10 мая 1884 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 22 сакавіка 1958[1] (73 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Муж | Георгій Андрэевіч Бакланаў[d] |
Альма-матар | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | спявачка, оперная спявачка, музычны педагог |
Пеўчы голас | сапрана і каларатурнае сапрана[d] |
Інструменты | сапрана і вакал[d] |
![]() |
Лідзія Якаўлеўна Ліпко́ўская (рум.: Lidia Lipkovski, укр.: Лідія Липковська, у шлюбе Маршнер; 10 мая 1884, Бабын, Бесарабская губерня, Расійская імперыя — 22 сакавіка 1953, Бейрут, Ліван) — артыстка оперы і аперэты, камерная спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), вакальны педагог, паэтка. Салістка Марыінскага тэатра (1906—1908, 1911—1913) і Тэатра музычнай драмы (1914—1915), удзельніца Рускіх сезонаў Дзягілева ў Парыжы (1909, 1920—1930).
Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]
Нарадзілася 10 мая 1884 года ў вёсцы Бабын Хоцінскага павета Бесарабскай губерні (цяпер — Кэльмэнецкі раён Чарнавіцкай вобласці Украіны) у сям’і Ліпкоўскіх Якава Іванавіча і Дамінікі Валяр’янаўны. У Лідзіі было тры сястры і чатыры браты. Бацька вельмі любіў музыку, сам граў на скрыпцы і арганізаваў дзіцячы хор, у якім спявалі яго дзеці.
Спяваць пачала з пяці гадоў. Пачатковую адукацыю атрымала ў двухкласнай сельскай школе. Затым паступіла ў Марыінскую жаночую гімназію ў Камянец-Падольск. З 12 гадоў спявала ў царкоўным хоры, з 14 гадоў брала ўдзел у дабрачынных канцэртах.
У 17 гадоў, навучаючыся на апошнім курсе гімназіі, выйшла замуж за студэнта факультэта ўсходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта Хрыстафора Маршнера, які быў старэйшы за яе на шэсць гадоў. Муж і жонка з’ехалі ў Пецярбург, дзе нарадзілася дачка Арыядна. Праз два гады Ліпкоўская пакінула мужа, які пярэчыў яе жаданню вучыцца спяваць.
Дебют[правіць | правіць зыходнік]
У 1903 годзе Лідзія Маршнер стала студэнткай Пецярбургскай кансерваторыі па класе вакалу Н. А. Ірэцкай. У кансерваторыі навучалася бясплатна. На другім курсе дэбютавала пад сваім дзявочым прозвішчам у руска-італьянскай прыватнай оперы на бенефісе М. Фігнера 4 студзеня 1904 года. Дваццацігадовая Ліпкоўская замяніла захварэлую спявачку і без рэпетыцый бліскуча выканала партыю Джыльды ў оперы «Рыгалета». Пра поспех напісалі многія газеты — адзначалі выдатную каларатуру, выразныя галасавыя сродкі, музычнасць і высакародны густ маладой спявачкі. Прафесар Ірэцкая аддала належнае вакалу студэнткі, але за самавольны выхад на сцэну адхіліла яе ад заняткаў. Праз некаторы час Ліпкоўскай дазволена было вярнуцца ў кансерваторыю. У другі раз студэнтка не паслухалася педагога і па запрашэнні М. А. Рымскага-Корсакава праспявала на прыватнай сцэне Снягурку ў яго аднайменнай оперы.
Сцэнічная кар’ера[правіць | правіць зыходнік]
Марыінскі тэатр (1906—1908) і гастролі ў Вялікім тэатры[правіць | правіць зыходнік]
Прафесійны творчы шлях спявачкі пачаўся на сцэне Марыінскага тэатра, куды яна была прынята 1 мая 1906 года пасля заканчэння кансерваторыі. Першай роляй у тэатры была Джыльда («Рыгалета»). Затым спявала рэпертуар Мравінай, якая нядаўна пакінула сцэну Марыінскага тэатра, — партыі Алімпіі («Казкі Гофмана»), Цэрліны («Дон Жуан»), Разіны («Севільскі цырульнік»). Па рапарце дырэктара імператарскіх тэатраў Цялякоўскага была накіравана браць урокі спеваў у свайго былога педагога Н. Ірэцкай і сцэнічнага мастацтва ў А. Пятроўскага. Праз год тэатр накіраваў Ліпкоўскую да дырыжора міланскай оперы Ванзо ў «Ла Скала» для вывучэння італьянскай тэхнікі спеваў.
Сваім голасам Ліпкоўская авалодала ў дасканаласці, што дазваляла ёй бліскуча выконваць самыя цяжкія партыі. Яна лёгка спаборнічала са скрыпкай і флейтай. Нават у самым высокім рэгістры (а яна вольна брала тры актавы) голас яе не губляў мяккасці і пявучасці. Патрабавальная публіка імператарскага тэатра была заваяваная і Ліпкоўская неўзабаве стала лічыцца адной з лепшых каларатурных сапрана.
У верасні 1907 года ўпершыню выступіла з Шаляпіным у оперы «Лакмэ» Леа Дэліба. 17 лістапада 1907 гады партнёрам па сцэне ў гэтай жа оперы быў Леанід Собінаў. Мікалай Фігнер запрасіў выканаць партыю Джульеты («Рамэа і Джульета») на сваім развітальным бенефісе 28 снежня 1907 года. Бурныя авацыі і раскошныя букеты суправаджалі спектакль. Прысутнічалі ўся шляхта Пецярбурга і артыстычная багема, запрошаны былі бацькі спявачкі.
У студзені 1908 года ўпершыню выступіла на сцэне Вялікага тэатра ў операх «Рыгалета» і «Лакмэ». Маскоўская публіка сардэчна сустрэла спявачку, але крытыка паставілася стрымана. Пасля вяртання ў Пецярбург атрымала запрашэнне ў Парыж для ўдзелу ў сезонах Рускай оперы пад кіраўніцтвам Дзягілева (1909).
2 лютага 1908 года на сцэне Марыінскага тэатра выступала ў ролі Валянціны ў пастаноўцы аперэты Франца Легара «Вясёлая ўдава».
Замежныя гастролі (1909—1911)[правіць | правіць зыходнік]
У Парыжы спявала на сцэне «Théâtre du Châtelet» (1909).
Гастралявала ў Амерыцы ў 1909—1911 гадах, спявала ў «Metropolitan Opera» у Нью-Ёрку, а таксама ў Бостане (1909) і Чыкага (1910). У ЗША адбылася сустрэча Ліпкоўскай з Энрыка Каруза — ён быў партнёрам спявачкі ў лістападзе 1909 года ў оперы «Рыгалета» і ў лютым 1910 года ў «Травіяце». У гэтай жа краіне артыстка пазнаёмілася і сумесна выступіла з Джакама Пучыні і Руфа.
На сцэне лонданскага «Covent Garden» спявала Сюзану ў прэм’ерным спектаклі Э. Вольфа-Ферары «Сакрэт Сюзаны» (1909) і Мімі ў оперы «Багема» (1911).
У далейшым паспяхова гастралявала ў многіх гарадах: у Маскве, Кіеве, Адэсе, Берліне, Вене, Будапешце.
У кастрычніку 1913 года спявала на сцэне пецярбургскага Народнага дома імператара Мікалая II. 12 лістапада 1913 года спявачка дала дабрачынны канцэрт у Дваранскім сходзе на карысць дзіцячага дома.
У лютым 1914 года ў Монтэ-Карла Ліпкоўская ўдзельнічала ў оперы Рама «Святы Гебы», пастаўленай Раулем Гінзбургам пасля двухсотгадовага перапынку.
20 верасня 1914 года Ліпкоўская, салістка пецярбургскага Тэатра музычнай драмы (1914—1915), з дазволу міністэрства двара арганізавала спектакль на карысць параненых воінаў.
Эміграцыя[правіць | правіць зыходнік]
З 1919 года жыла за мяжой, спачатку ў Францыі, з 1920 года — у Кішынёў, дзе выкладала ў прыватных кансерваторыях, у 1924—1927 гадах — у Бухарэсце. У 1920-1930-х гадах выступала ў краінах Еўропы і Амерыкі. Гастролі ў Харбіне ў 1922 годзе прайшлі з трыўмфам. З лістапада 1927 года па май 1929 года гастралявала ў СССР з канцэртамі і опернымі спектаклямі. За гэты перыяд праспявала ў 160 канцэртах. У 1933—1936 гадах выступала ў Бухарэсце, Берліне, Парыжы. 12 снежня 1936 года адбыўся канцэрт Ліпкоўскай у Палесціне. Пасля парыжскіх гастроляў правяла лета ў родных мясцінах і прыняла рашэнне вярнуцца. У 1936 годзе ў кішынёўскім тэатры «Экспрэс» адбыўся развітальны канцэрт Ліпкоўскай. Яна перабралася ў Бухарэст. У 1937 годзе пераехала ў Кішынёў, дзе жыла па вул. А. Шчусева, д. 111 да 1940 года. У гэты перыяд, з 1931 па 1940 гады, выкладала вакал у прыватных кансерваторыях «Уніра» і «Мунічыпал», у 1940—1941 гадах — у новастворанай Д. Г. Гершфельдам Кішынёўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Сярод вучняў Ліпкоўскай — народная артыстка Малдаўскай ССР Тамара Чабан, спявак і кампазітар Аляксей Стырча, салістка тэатра імя Пушкіна Ганна Даскал, прымадонна Бухарэсцкай оперы Лідзія Бабіч.
Сцэну артыстка пакінула ў 1941 годзе пасля выступленняў у Адэсе. Падчас румынскай акупацыі ў перыяд Другой сусветнай вайны перабралася ў Бухарэст (1943), з 1948 года выкладала ў кансерваторыі ў Тымішаары, у 1950 годзе пераехала ў Парыж, каб быць бліжэй да дачкі. 19 мач 1951 года ў Францыі адбыўся канцэрт Ліпкоўскай з удзелам першага тэнара Жана-Поля Фільёна, піяніста Джона Пенінка і спявачкі Ірыны Іўчанка. З 1952 года выкладала ў Парыжы, дзе на паседжанні мастацка-педагагічнага савета рускай кансерваторыі «Рускага музычнага таварыства за мяжой» была абрана прафесарам па класе спеваў.
У 1953 годзе Ліпкоўскую запрасілі на пасаду дырэктара Бейруцкай кансерваторыі Académie Beaux-Arts у Ліване, дзе ў той час жыла яе сястра. Неўзабаве Ліпкоўская па стане здароўя не змагла працаваць і апошнія гады жыцця пражыла ў галечы і забыцці.
Памерла 22 сакавіка 1955 года. Пахавана на праваслаўных могілках у раёне Хамра Заходняга Бейрута.
Ушанаванне памяці[правіць | правіць зыходнік]
- У 2001 годзе выпушчана паштовая марка Румыніі ў гонар спявачкі.
- У 2007 годзе ў бібліятэцы вёскі Бабын створаны пакой-музей Лідзіі Ліпкоўскай, а ў 2009 годзе ў вёсцы Бабын адкрыты помнік Лідзіі Ліпкоўскай у гонар 125-годдзя з дня яе нараджэння.
Зноскі
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Macy, Laura Williams. The Grove Book of Opera Singers. — Oxford University Press, 2008. — С. 284. — ISBN 9780195337655.
- Агин М. С. Липковская Лидия Яковлевна // Вокально-энциклопедический словарь. (Биобиблиография): В 5 т.. — М., 1992. — Т. 3. — С. 173—175. (недоступная ссылка)
- Арабаджиу Р. Очарованная песней : Страницы жизни и творчества Л. Я. Липковской. — К.: Лит. артистикэ, 1977. — 196 с.
- Арабаджиу Р. Судьба примадонны : воспоминания и документы о жизни и творчестве Л. Я. Липковской. — К.: Лит. артистикэ, 1989. — 236 с.
- Звезда угасшая: О Л. Я. Липковской / Ершов Пётр; Кн. Ишеев П. // Новое русское слово. — Нью-Йорк, 1955.— 27 февраля (№ 15646). — С. 5.
- Иванова Л. Н. Игорь Северянин. Письма к С. И. Карузо (1931—1940) // Ежегодник Рукописного отдела Пушкинского дома на 1992 год : журнал. — С-Пб., 1996. — С. 256—279. — ISSN 5-7331—0075-3.
- Котляров Б. Я. Из истории музыкальных связей Молдавии, Украины, России : журнал. — К., 1996. — С. 88—92.
- Крузенштерн-Петерец Н. Липковская в Харбине // Новое русское слово. — Нью-Йорк, 1968. — 15 августа (№ 20247). — С. 3.
- Липковская Л. Я. [Отрывки из автобиографии] // Наши артисты : сборник. — СПб., 1909. — № вып. 1. — С. 5—6.
- М. К. Памяти Л. Я. Липковской // Новое русское слово. — Нью-Йорк, 1955. — 20 февраля (№ 15639). — С. 4.
- Момотюк В. П. Певица из Бессарабии // Пантелеймон целитель : газета. — Вышгород, 2013. — № 12 (409). Архивировано 5 марта 2016 года.
- Отечественные певцы. 1750—1917: Словарь / Пружанский А. М. — Изд. 2-е испр. и доп. — М., 2008.
- Соловьёва Т. Бессарабский соловей // Кишинёвский обозреватель : газета. — Кишинёв, 2010.
- Степаненко Л. Памяти Л. Я. Липковской // Новое русское слово.— Нью-Йорк, 1955. — 2 марта (№ 15649). — С. 4 (Письмо в редакцию).
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Лідзія Якаўлеўна Ліпкоўская
- Нарадзіліся 10 мая
- Нарадзіліся ў 1884 годзе
- Нарадзіліся ў Бесарабіі
- Памерлі 22 сакавіка
- Памерлі ў 1958 годзе
- Памерлі ў Бейруце
- Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі
- Сапрана
- Асобы
- Музыканты паводле алфавіта
- Памерлі ў 1953 годзе
- Оперныя спевакі і спявачкі XX стагоддзя
- Оперныя спевакі і спявачкі Расійскай імперыі
- Спевакі і спявачкі XX стагоддзя
- Спевакі і спявачкі Расійскай імперыі
- Музычныя педагогі XX стагоддзя