Перайсці да зместу

Мар’ян Пецюкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мар'ян Пецюкевіч)
Мар’ян Пецюкевіч
Дата нараджэння 24 верасня (7 кастрычніка) 1904
Месца нараджэння
Дата смерці 25 верасня 1983(1983-09-25) (79 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці мемуарыст, этнолаг, фалькларыст, этнограф
Месца працы
Альма-матар
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Марыян Язэпавіч Пецюкевіч або Мар’ян Пецюкевіч (24 верасня (7 кастрычніка) 1904, Цяцеркі, Дзісенскі павет, Віленская губерня, цяпер Браслаўскі раён, Віцебская вобласць — 25 верасня 1983, часам даецца 13 верасня, Торунь, Польшча; Псеўданімы і крыптанімы: Марвіч; Дзед Марцін; М.П.) — беларускі этнограф, педагог і мемуарыст.

Нарадзіўся ў сям’і малазямельнага селяніна-каталіка. Пачатковую адукацыю атрымаў у Шаўлянскім народным вучылішчы і самастойна. Пасля Першай сусветнай вайны з дапамогай беларускіх ксяндзоў В. Шутовіча і А. Станкевіча трапіў у Віленскую беларускую гімназію, прымаў актыўны ўдзел у беларускім нацыянальным руху, пасля вучыўся Радашковіцкай беларускай гімназіі (да 1928). Паспрабаваў выехаць для вучобы ў Прагу. Пры нелегальным пераходзе мяжы затрыманы. Адпраўлены служыць у польскае войска. Пасля службы ў войску паступіў на гуманітарны факультэт Універсітэце Стэфана Баторыя, дзе вывучаў этнаграфію, археалогію, славістыку і ў 1938 атрымаў ступень магістра філасофіі. Яшчэ падчас вучобы ўладкаваўся на працу ў бібліятэцы Інстытута Усходняй Еўропы (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), меў доступ да спецфондаў, сярод якіх былі выданні з БССР. Дапамагаў многім віленскім беларусам знаёміцца з забароненымі ў Польшчы выданнямі. Быў членам Беларускага студэнцкага саюза, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, Беларускага навуковага таварыства. У 1930—1935 — першы рэдактар часопісу «Шлях моладзі», змяшчаў у ім свае творы пад псеўданімам Марвіч, пры канфіскацыях нумароў часопіса двойчы прыцягваўся да судовай адказнасці, некалькі разоў быў пакараны грашовымі штрафамі. На грамадскіх пачатках супрацоўнічаў з Беларускім музеем імя І. Луцкевіча.

Пасля заняцця Вільні Чырвонай Арміяй падчас паходу ў Заходнюю Беларусь (1939), Пецюкевіч быў рэдактарам беларускіх перадач на Віленскім радыё, выконваў абавязкі дырэктара Дзяржаўнай бібліятэкі (цяпер Бібліятэка імя Урублеўскіх), а пасля перадачы Вільні Літве, з кастрычніка 1940 — дырэктар Беларускага музея імя І. Луцкевіча. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны пераехаў на нейкі час у вёску. Скончыў настаўніцкія курсы ў Вільні, працаваў павятовым інспектарам асветы ў Ашмянах. Потым выкладаў беларускую мову ў эвакуіраваным з Магілёва у Новую Вільню Медыцынскім інстытуце. Арыштаваны савецкімі ўладамі 1.1.1945; утрымліваўся ў Лукішскай турме. Вызвалены 19.3.1945. Пасля 2-й сусветнай вайны жыў на вёсцы і працаваў з сям’ёй на гаспадарцы ў Неменчынку на Віленшчыне. Быў абраны старшынёй Ажулаўскага сельскага савета на Віленшчыне. 27.3.1949 разам з сям’ёй (жонкай і дзвюма дачкамі) арыштаваны і сасланы ва Ужурскі раён Краснаярскага края. Працаваў у калгасе імя Жданава пчалаводам. 31.7.1952 паводле Пастановы Генеральнага пракурора ЛітССР арыштаваны, дастаўлены ў Вільнюс і асуджаны за «нацыяналізм» да 25 гадоў пазбаўлення волі. У канцы сакавіка 1953 года адпраўлены ў Варкуту. У 1957 года пасля перагляду справы быў вызвалены, па рэпатрыяцыі пераехаў у Польшчу, куды ўжо раней выехалі яго жонка і дачка. Дзякуючы дапамозе прафесараў-этнолагаў Казіміра Машынскага і Марыі Знамяроўскай-Прыферовай, з 1959 года ўладкаваўся на працу ў этнаграфічны аддзел акруговага музея Торуні, адкуль выйшаў на пенсію ў лістападзе 1970 года.

У Польшчы Марыян Пецюкевіч, хоць жыў у Торуні, быў звязны з беларускім рухам на Беласточчыне. Дзейнічаў у навуковым гуртку БГКТ, апрацаваў «Апытальнік да народнага адзення, абутку і аздоб», выдадзены БГКТ у 1959. Шмат увагі ў сваёй дзейнасці ўдзяляў вывучэнню народнай культуры беларусаў Беласточчыны, правёў этнаграфічныя экспедыцыі на Сакольшчыне і Гайнаўшчыне. Хацеў арганізаваць Беларускі музей у Польшчы. Як сведка і ўдзельнік беларускага нацыянальнага руху супрацоўнічаў з гісторыкамі Юрыем Туронкам і Аляксандрай Бергман. Быў адным са стваральнікаў літаратурнага аб’яднання «Белавежа».

Творчасць, даследчыцкая дзейнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Аўтар прац «Увагі дзеля запісання беларускай народнай творчасці і абрадаў» (1933), «Мікола Нікіфароўскі — беларускі этнограф» (1935), «Беларуская мелаграфія» (1936), «Аб паходжанні назвы Беларусь», «Родная мова — найдаражэйшы скарб» (1957), «Аб паходжанні імён» (1958), «Старадаўнія велікодныя звычаі ў беларусаў» (1960), «Беларуская этнаграфія ў працах польскіх даследчыкаў» (1968).

Друкаваўся ў шматлікіх часопісах і газетах. Выступаў у беластоцкай газеце «Ніва» з артыкулы пра беларускую мову, імёны і прозвішчы, традыцыйныя святы і абрады, з успамінамі пра дзеячаў беларускага руху, напрыклад Браніслава Тарашкевіча, з якім быў асабіста знаёмы. Таксама «Ніва» змяшчала ў «Этнаграфічным куточку» здымкі з этнаграфічных экспедыцый Пецюкевіча.

Аўтар жартоўных гісторый, пад псеўданімам Дзед Марцін. Пакінуў успаміны.

Зноскі