Усходняя Беласточчына

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Усходняя Беласточчына — гісторыка-культурны рэгіён, які знаходзіцца на паўночным усходзе Польшчы, каля мяжы з Беларуссю, на сутыку этнічных тэрыторый беларусаў і палякаў у басейнах Заходняга Буга і Нарава (Нарвы).

Межы рэгіёну[правіць | правіць зыходнік]

Bialystok Bialorusini.png

Да этнакультурнага арэалу беларусаў на тэрыторыі Польшчы на падставе распаўсюджання беларускіх гаворак, а таксама ўдзельнай долі беларусаў у складзе насельніцтва паводле вынікаў перапісу насельніцтва 2002 можна цалкам аднесці тэрыторыю Гайнаўскага павета, усходнюю частку Бельскага павета (з горадам Бельск-Падляшскі), а таксама тэрыторыю Беластоцкага павета на ўсход ад даліны ракі Нараў на яе субмерыдыянальным адрэзку. У гэты арэал уваходзіць і горад Беласток — паселішча з найбольшай колькасцю беларусаў сярод усіх гарадоў Польшчы. У этнакультурны арэал беларусаў павінна ўключацца большая частка Саколкаўскага павета (без заходніх гмін): з увагі на распаўсюджанне тут дыялектаў найбольш блізкіх да літаратурнай беларускай мовы, трывалыя гістарычныя сувязі гэтай тэрыторыі з Беларуссю. Нарэшце, да азначанага рэгіёну адносіцца ўсходняя частка Сямятыцкага павета.

Такім чынам, плошча рэгіёну, які атрымаў назву Усходняя Беласточчына, складае каля 8 тыс. км². З поўначы на поўдзень гэта тэрыторыя працягнулася на 150—170 км, з захаду на ўсход — на 50-60 км.

Па ўсходняй мяжы Беласточчыны праходзіць дзяржаўная мяжа паміж Рэспублікай Беларусь (Гродзенская і Брэсцкая вобласці) і Рэспублікай Польшча. Частка гэтай мяжы пралягае па прыродных рубяжах: (водападзел Нёмана і Віслы, рака Свіслач, лясны масіў Белавежскай пушчы); але яны не абцяжарваюць кантакты паміж дзвюма краінамі. На поўначы Беласточчына мяжуе з Сувалшчынай па рацэ Бебжа (Бобр) і забалочанай Бебжанскай катлавіне. Заходнюю мяжу беларускага этнакультурнага арэалу можна правесці ад Бебжы на поўдзень уздоўж ракі Бжазоўка (Бярозаўка), далей з усходу ад даліны Нарава на яе субмерыдыянальным адрэзку, з захаду ад Бельска-Падляшскага і Сямятычаў да ракі Буг.

Гістарычны нарыс[правіць | правіць зыходнік]

Землi на захадзе этнiчнай тэрыторыi беларусаў гiстарычна маюць назву Падляшша, цi Падляссе. На мяжы I—II тысячагоддзяў Падляшша з'яўлялася зонай рассялення балцкага племенi яцвягаў, побач з якiмi жылi славяне: дрыгавічы, валыняне (бужане), мазуры.

Усходнеславянскае насельніцтва наплывала сюды з двух галоўных кірункаў: усходняга і паўднёва-ўсходняга. Вынікі гэтага адрознення відаць да сённяшняга дня. Паўночныя дыялекты (на поўнач ад Нарава) чыста беларускія, карыстаецца імі насельніцтва, якое называюць «літвінамі». У паўднёвых, «падляшуцкіх», дыялектах заўважаюцца падабенствы да ўкраінскіх.

У XI—XIII стст. Падляшша было аб'ектам спрэчак памiж галiцка-валынскiмi, лiтоўскiмi, польскiмi князямi i Тэўтонскiм ордэнам. У ХІІІ ст. землі на поўдзень ад ракі Нараў увайшлі ў склад Галіцка-Валынскага княства. Да гэтага мазаўшане, літвіны і крыжакі ў выніку ваенных паходаў вынішчылі ўжо яцвягаў. Тэрыторыі на поўнач ад Нарава былі падпарадкавны літоўскім князям.

У XIII—XIV ст. Падляшша ўвайшло ў склад Вялікага княства Літоўскага. Мазовія тым часам стала часткай Кароны (Польшчы). У 1382-83 дайшло і да ваенных дзеянняў паміж Польшчай і ВКЛ за валоданне Падляшшам. Свае прэтэнзіі на Падляшша мелі ў гэты перыяд і крыжакі.

Замкавая гара ў Драгічыне

Ужо ў XI—XIII стст. на Падляшшы з'явіліся гарады: Драгічын, Мельнік, Бельск, Бранск. У першай палове XIV ст. быў заснаваны Беласток. З 1413 Падляшша знаходзілася ў складзе Трокскага ваяводства ВКЛ. У 1520 створана Падляшскае ваяводства з цэнтрам у Драгiчыне.

З XV ст. пачынаецца ваенна-палітычнае збліжэнне ВКЛ і Каралеўства Польскага. У 1562 ў Бельску праходзiў сойм ВКЛ, дзе абмяркоўваўся план будучай Люблiнскай унii. У 1564 тут на сойме абвешчаны Бельскi прывiлей, нормы якога ўвайшлi ў Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.

Паводле Люблінскай уніі, падпісанай у 1569, ВКЛ і Польшча аб'ядноўваліся ў канфедэрацыю — Рэч Паспалітую. Напярэдаднi Заходняе Падляшша (Драгічынская, Мельніцкая і Бельская землі) было перададзена ў склад Польшчы. У той жа час Усходняе Падляшша (Берасцейская зямля) засталося ў складзе ВКЛ. Дакладныя межы паміж Усходнім і Заходнім Падляшшам пры гэтым не былі вызначаныя, а паўночна-ўсходнія раёны сучаснай Беласточчыны засталіся ў складзе Трокскага ваяводства ВКЛ.

Супрасльскі дабравешчанскі манастыр (сучасны выгляд)

У познім сярэднявеччы Беласточчына адыграла вялікую ролю ў беларускiм этнакультурным працэсе. Супрасльскi манастыр, заснаваны напрыканцы XV ст., стаў духоўным цэнтрам беларускага праваслаўя, меў друкарню і багацейшую бібліятэку. У Заблудаве ў 1567 была заснавана друкарня, дзе працавалi першадрукары Iван Фёдараў i Пётр Мсцiславец. Ім належыць гонар выдання «Заблудаўскага евангелля» (1569) — аднаго з найбольш выдатных помнiкаў старажытнабеларускага пiсьменства i друку. У 1573 друкарня перанесена ў Супрасль, а затым — у Беласток.

У XVI—XVII ст. на Падляшшы хутка раслі гарады (Беласток, Бельск-Падляшскі і інш.), развіваўся гандаль і рамёствы, выкарчоўваліся лясы і ўзнікалі новыя паселішчы. Пад ахову былі ўзяты каралеўскія пушчы (Белавежская, Кнышынская, Аўгустоўская).

Аднак жа з другой паловы XVII ст. назіраецца заняпад гаспадарчага і культурнага жыцця, справакаваны паходамі шведскіх войск, нападамі татараў. У XVIIІ ст. ў сувязі з упадкам многіх гарадоў закладваліся новыя, галоўным чынам прыватныя, якія ўсё ж не займелі важнага значэння (выключэннем сталі бадай што Сямятычы). Буйнешым жа і найбольш важным горадам Падляшша ў гэты час становіцца Беласток.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай у 1795 Беласток i Падляшскiя землi ўключаны ў склад Прусii (Белавежская пушча тым часам адыйшла да Расіі). Беласток стаў цэнтрам аднаго з прускiх дэпартаментаў.

Пасля паражэння Прусii ў вайне з Францыяй паводле Тыльзiцкага міру Беласточчына ўвайшла ў склад Расiйскай iмперыi. У 1808 тут была створана асобная Беластоцкая вобласць, неўзабаве ў 1842 скасаваная i далучаная да Гродзенскай губернi.

Беласток заставаўся найбольш значным гаспадарчым цэнтрам рэгіёну і на працягу ХІХ ст. Напачатку ХХ ст. колькасць насельнiцтва горада наблiзiлася да 100 тыс. чал. (з iх каля 2/3 складалi яўрэi). А. Смолiч характарызуе тагачасны Беласток як «найбольшае хвабрычнае места Беларусi». Акрамя таго, прамысловасць (у першую чаргу, суконная) развiвалася ў шэрагу невялiкiх мястэчках паблiзу Беластока: Супраслi, Заблудаве, Хорашчы, Міхалове, Гарадку i iнш. Паводле заселенасцi тэрыторыі i шчыльнасцi насельнiцтва Беласточчына пераўзыходзіла іншыя рэгіёны Беларусi. Тут склалася ўзорная сельская гаспадарка, арыентаваная на вырошчванне азiмых (пшанiцы i жыта), бульбы, гароднiны, садавiны, тэхнiчных культур (лён, хмель, табака) i прадукцыйную жывёлагадоўлю. У 1906 была заснавана першая беларуская арганізацыя на Беласточчыне: Бельская арганізацыя Беларускай сацыялістычнай грамады.

У 1915 пад час І сусветнай вайны Беласточчына акупiравана германскiмi войскамi. Затым у вынiку польска-савецкай вайны гэты край паводле Рыжскага мiру ў 1921 ўвайшоў у склад Польшчы. У 1920-я — 30-я гг. на Беласточчыне дзейнiчалi палiтычныя i грамадскiя арганiзацыi, што аб'ядноўвалi беларусаў (КПЗБ, БСРГ, БХД), палякаў, яўрэяў. У гэты перыяд праявіў сябе партызанскі рух, адбывалiся выступленнi працоўных.

У вераснi 1939, пасля пачатку ІІ сусветнай вайны на Беласточчыну ўступiлi войскi Чырвонай Армii. У Беластоку быў скліканы Народны сход Заходняй Беларусi, які абвясціў яе далучэнне да Беларускай ССР; 4 снежня 1939 ў складзе БССР была ўтворана Беластоцкая вобласць. У 1939-41 на Беласточчыне актывiзавалася беларускае культурнае жыццё, пачаў дзейнiчаць шэраг беларускiх тэатральных і музычных калектываў, у гэты час быў створаны Дзяржаўны польскі тэатр БССР. Акрэслены перыяд быў, аднак, адзначыны і рэпрэсіямі, дэпартацыяй часткі насельніцтва.

Гл. таксама: Уз'яднанне Заходняй Беларусі з БССР

23 чэрвеня 1941 Беласток акупiраваны германскімі войскамi. Нацысцкая акупацыя прынесла вялiзарны ўрон, асабліва жорстка фашысты вынішчалі яўрэйскае насельніцтва Беласточчыны. Супрацiўленне акупантам аказвала Беластоцкая абласная антыфашысцкая арганiзацыя, ваенныя фармiраваннi Армii Краёвай, у 1943 адбылося паўстанне ў Беластоцкiм гета. У лiпенi 1944 войскi 2-га Беларускага фронту вызвалілі Беласточчыну ад нацыстаў.

У 1944—1945 гадах паводле пагаднення паміж савецкім і польскім урадамі Беласточчына зноў перададзена Польшчы, у складзе якой было адноўлена Беластоцкае ваяводства. У 1944-46 дзясяткі тысяч беларусаў пераселены адсюль у БССР, аднак і пасля гэтага ў рэгіёне заставалася шматлікае беларускае насельніцтва. Пасля вайны арганізаваная нацыянальна-культурная дзейнасць беларусаў на Беласточчыне пачалася з аднаўлення тут беларускага школьніцтва. У 1956 было створана Беларускае грамадска-культурнае таварыства, на беларускай мове пачала выдавацца газета «Ніва», з 1957 выдаецца «Беларускі каляндар», з 1958 дзейнічае літаратурна-мастацкае аб'яднанне «Белавежа», створаны беларускія ліцэі ў Бельску-Падляшскім і Гайнаўцы.

З канца 1980-х гг. беларускае грамадска-культурнае жыццё на Беласточчыне прыкметна актывізуецца. У 1980-я гг. адкрыты Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры, заснавана Беларускае аб'яднанне студэнтаў. У 1990-я гг. створаны Беларускі саюз у РП, Звяз беларускай моладзі, Беларускае гістарычнае таварыства, Аб'яднанне беларускіх журналістаў і іншыя грамадскія арганізацыі, на беларускай мове выйшаў шэраг новых выданняў.

Двухмоўная шыльда пры ўездзе ў вёску Маліннікі, Бельскі павет

У 1999 ў Польшчы ўведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, згодна з якім Беластоцкае ваяводства скасавана і ўвайшло ў Падляшскае ваяводства з цэнтрам у Беластоку. Зараз беларусы засялюць пераважна ўсходнія і паўднёва-ўсходнія раёны названага ваяводства.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

У Белавежскай пушчы

Для акрэсленай тэрыторыі характэрны раўнінныны рэльеф, умераны клімат. Беласточчыну перасякаюць даволі значныя рэкі, якія адносяцца да басейну Балтыйскага мора. Тэрыторыя амаль цалкам належыць да вадазбору Віслы, толькі ля мяжы з Беларуссю асобныя вадатокі належаць басейну Нёмана. Асноўныя рэкі Беласточчыны: Буг, Нараў (Нарва), Супрасль, Бебжа, Нурэц. Найбольшае па плошчы вадасховішча — Семяноўка, на Нараве, паблізу мяжы Польшчы і Беларусі; яно было напоўнена вадой у 1992-93 г.

Глебы Беласточчыны ападзоленыя, у параўнанні з іншымі рэгіёнамі Польшчы не адрозніваюцца высокай урадлівасцю. Землі сельскагаспадарчага прызначэння займаюць каля 60 % тэрыторыі. Тут да нашага часу захаваліся яшчэ значныя лясныя масівы, між якіх асабліва выдзяляюцца Белавежская і Кнышынская пушчы. Рэгіён цалкам належыць да функцыянальнага абшару «Зялёных лёгкіх Польшчы», які ахоплівае найбольш экалагічна чыстыя і каштоўныя ў прыродных адносінах тэрыторыі краіны.

Гаспадарчае развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Беласточчына размяшчаецца на чыгуначных і аўтамабільных шляхах, галоўны транспартны калідор перасякае яе з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад.

Гаспадарка рэгіёну аграрна-прамысловая, вырошчваць тут збожжавыя культуры, бульбу, цукровыя буракі, рапс, лён, займацца жывёлагадоўляй.

Найбольшыя гарады, занчныя прамысловыя і культурныя цэнтры дадзенага рэгіёну: Беласток, Гайнаўка і Бельск-Падляшскі. Развіццё атрымалі машынабудаванне, дрэваапрацоўка, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў, лёгкая і харчовая прамысловасць.

Дынамічна развіваецца невытворчая сфера. Для рэгіёна вялікае значэнне мае прыгранічны гандаль, банкаўскі і страхавы сектары.

Вельмі перспектыўным сектарам эканомікі з'яўляецца турыстычны: перадусім, эка- і агратурызм.

Беларусы на Беласточчыне[правіць | правіць зыходнік]

Ядро Усходняй Беласточыны як этнакультурнага арэалу беларусаў утвараюць тэрыторыі, што ляжаць на ўсход і паўднёвы ўсход ад Беластока, дзе пераважае праваслаўнае насельніцтва (належыць да Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы). Прыналежнасць да праваслаўя стала важным чыннікам захавання нацыянальнай тоеснасці сярод беларусаў Польшчы. Перавага прыхільнікаў каталіцкай веры на Сакольшчыне спрыяла таму, што гэта тэрыторыя стала перыферыяй для беларусаў.

Навучанне беларускай мове ў школах Беласточчыны

На прыкладзе арганізацыі навучання беларускай мове ў школах Усходняй Беласточчыны відаць, што беларускае школьніцтва мае 2 асноўных цэнтры, Бельск-Падляшскі і Гайнаўка, дзе размяшчаюцца ліцэі адпаведнага профілю. Па-за гэтым арэалам у шэрагу выпадкаў (у тым ліку ў Беластоку) ёсць тэндэнцыя да павелічэння колькасці вучняў, для якіх праводзяцца заняткі па беларускай мове. У той жа час агульная колькасць вучняў, ахопленых навучаннем беларускай мовы, памяншаецца (з 3753 вучняў у 2002/2003 навучальным годзе да 3544 у 2005/2006). Апошняя тэндэнцыя найбольш выразная ў невялікіх сельскіх школах Гайнаўскага павета, дзе яна абумоўлена змяншэннем колькасці дзяцей.

Гайнаўскі павет, які выдзяляецца найбольшай удзельнай вагой беларусаў, мае самыя хуткія тэмпы натуральнай убылі насельніцтва ў выніку малой нараджальнасці і высокай смяротнасці, церпіць ад міграцыйнага адтоку. Тым часам найбольш дынамічна сярод гарадоў апісанага рэгіёну развіваецца Беласток — самы вялікі горад усёй паўночна-ўсходняй Польшчы, важны адміністрацыйны, гаспадарчы і культурны цэнтр.

Самай высокай канцэнтрацыяй беларускага насельніцтва адрозніваюцца гарады Беласток, Гайнаўка і Бельск-Падляшскі (паводле вынікаў перапісу 2002 адпаведна — 7,4, 6,0, 5,6 тыс. чал.), яны сталі цэнтрамі грамадска-культурнага жыцця беларусаў.

Ва Усходняй Беласточчыне дзейнічае больш за 10 грамадскіх арганізацый, што аб'ядноўваюць беларусаў.

На беларускай мове выдаецца тыднёвік «Ніва», па-беларуску друкуюцца матэрыялы ў іншых перыядычных выданнях («Czasopis», «Białoruskie Zeszyty Historyczne» і інш.). Беларускія пісьменнікі Беласточчыны (Сакрат Яновіч, Віктар Швед, Мікола Гайдук, Міра Лукша і інш.) праявілі сябе ў самых розных літаратурных жанрах. Літаратурна-мастацкае аб'яднанне «Белавежа» спрыяе развіццю беларускай літаратуры ў Польшчы, выдала больш за 100 кніг.

У эфір Беластоцкага радыё выходзяць праграмы падрыхтаваныя беларускай рэдакцыяй.

Паспяхова працуе кафедра беларускай культуры ў Беластоцкім універсітэце.

Беларускі музей у Гайнаўцы

Дзейнічае Беларускі музей у Гайнаўцы. Аснову экспанатаў музея складаюць сельскагаспадарчыя прылады працы, творы народнага мастацтва і культурныя здабыткі беларусаў у Польшчы.

На Беласточчыне існуюць шматлікія беларускія мастацкія калектывы, клубы, арганізуюцца культурна-мастацкія фестывалі, святы. Штогод адбываецца фестываль «Беларуская песня» (Беласток), «Басовішча — Фестываль музыкі маладой Беларусі» (Гарадок), «Бардаўская восень» (Бельск-Падляшскі), свята «Купалле» (Белавежа).

Даследаваннем гісторыі і культуры беларусаў займаюцца мясцовыя навукоўцы Я. Мірановіч, А. Мірановіч, А. Латышонак, В. Харужы і інш.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларусы: этнаграфія, дэмаграфія, дыяспара, канфесіі: Атлас / Рэдкал.: С. А. Польскі і інш., — Мн., 1996.
  • Кундрат Ю. Беласточчына як частка этнакультурнага арэала беларусаў / Ю. І. Кундрат // Геаграфія: праблемы выкладання: Штокв. навук.-метад. часоп. / Заснав.: Рэд. часоп. «Адукацыя і выхаванне» ― 2007. ― № 6. ― С. 50―53.
  • Латышонак А. Карысны перапіс // Ніва, № 4 (2489), 2004.
  • Смолiч А. Географiя Беларусi. — 4-е выд. — Мн.: Беларусь, 1993.
  • Ширяев Е. Е. Беларусь: Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. — Мн., 1991.
  • Informacja dotycząca nauczania języka mniejszości narodowych w województwie podlaskim w roku szkolnym 2002/2003. — Kuratorium Oświaty w Białymstoku. 2002.
  • Kowalski M. Polacy na Białorusi, Białorusini w Polsce — obraz pogranicza dwóch narodów. — Warszawa, IGiPZ PAN, 2002.
  • Szkoły prowadzące dodatkowe nauczanie języka białoruskiego w roku szkolnym 2005/2006. — Kuratorium Oświaty w Białymstoku. 2005.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]