Мастацкія тканіны
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/e/e7/Batik_Indonesia.jpg/220px-Batik_Indonesia.jpg)
Маста́цкія ткані́ны[1] — від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ткацкія вырабы ручной ці машыннай вытворчасці, якія вызначаюцца мастацкасцю арнаментацыі, прыгажосцю расфарбоўкі, высокім майстэрствам выканання.
Вырабляюць мастацкія тканіны з шарсцяных, ільняных, баваўняных, шаўковых, сінтэтычных нітак. Аздабляюць перапляценнем у працэсе ткацтва, набіваннем малюнка (набіванка), вышыўкай, батыкам, аплікацыяй і іншымі спосабамі. Выкарыстоўваюцца для вырабу адзення, аздаблення інтэр’ераў, мэблі і інш.
Характар мастацкага афармлення мастацкіх тканін абумоўліваецца іх прызначэннем, матэрыялам, тэхнічнымі магчымасцямі выканання. Адлюстроўвае стылістычныя асаблівасці ў развіцці мастацтва розных часоў, нацыянальныя, этнічныя і іншыя асаблівасці і традыцыі.
Мастацкія тканіны вядомы з глыбокай старажытнасці. Высокай мастацкасцю з II тысячагоддзя да н.э. вызначаліся кітайскія і японскія (пераважна шаўковыя), індыйскія баваўняныя з набіўным арнаментам, іранскія і турэцкія шарсцяныя тканіны, вырабы народаў Закаўказзя і Сярэдняй Азіі, карункі, габелены, тканіны з Італіі, Францыі і іншых краін.
На тэрыторыі Беларусі мастацкія тканіны вядомы з XI—XIII стагоддзяў, калі ва ўжытак увайшлі ткацкія станкі (кросны) і пашырылася вышыўка[1].
У цяперашні час мастацкія тканіны падарункавага, сувенірнага, мастацкага характару, для аздаблення грамадскіх будынкаў, сцэнічных касцюмаў і спектакляў і іншых мэт вырабляюць самадзейныя майстры, мастакі-тэкстыльшчыкі, прадпрыемствы мастацкай і тэкстыльнай прамысловасці.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б БелЭн 2002.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Сахута Я. М. Ткані́ны маста́цкія // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 470—471. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Тка́ни худо́жественные // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. — М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 9—10. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
- Віннікава М. М., Курыловіч Г. М. Тка́цтва // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 495—497. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.