Мастацкі стыль
Мастацкі стыль — адзін з асноўных функцыянальных стыляў мовы, што ўтвараецца сістэмай моўных сродкаў мастацкай літаратуры ў яе галоўных родах — эпасе, лірыцы, драме.
Функцыі
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя функцыі:
- камунікатыўная
- уласцівая толькі мастацкаму стылю эстэтычная, функцыя эмацыянальна-вобразнага ўздзеяння на чытача.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]У мастацім стылі назіраецца глыбокае ўзаемадзеянне ўсіх стылістычных рэсурсаў, дапускаецца ўключэнне элементаў і фрагментаў іншых функцыянальных стыляў.
Для мастацкага стылю характэрна метафарычнасць, вобразнасць адзінак розных моўных узроўняў, экспрэсіўнасць, узнёсласць. У ім часта ўжываюцца розныя вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, параўнанні, увасабленні, гіпербалы, літоты, перыфразы) і стылістычныя фігуры (анафара, эпіфара, антытэза, інверсія і інш.), якія дапамагаюць стварыць яркія мастацкія вобразы, даваць больш дэталёвае апісанне з’яў і фактаў рэчаіснасці, моўную характарыстыку персанажаў.
У мастацкім стылі выкарыстоўваюцца не толькі літаратурныя, а і пазалітаратурныя моўныя сродкі (прастамоўная лексіка, жаргон, дыялектызмы і інш.), якія ўжываюцца не ў іх першаснай функцыі, а ў эстэтычнай.
Кожны моўны сродак у мастацкім творы матываваны змястоўна і стылістычна.
Разнавіднасці
[правіць | правіць зыходнік]Разнавіднасці мастацкага стылю:
- паэтычная мова
- мова мастацкай прозы і драматургіі.
Вылучаюць індывідуальныя стылі асобных пісьменнікаў, мова якіх характарызуецца асаблівасцямі экспрэсіўнага адбору слоў, фразеалогіі, сінтаксічных канструкцый і марфалагічных рысаў і з’яўляецца прыватным праяўленнем агульных заканамернасцей.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10).