Міжнародны дзень роднай мовы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Міжнародны дзень роднай мовы, міжнародны дзень матчынай мовы — адмысловы дзень, абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА па прапанове Бангладэша (1999). Мае на мэце заахвочванне моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, цярпімасці і дыялогу. Дзень святкавання — 21 лютага быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

Свята было заснавана рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 года і адзначаецца з 2000 года[1] ЮНЕСКА мае намер стварыць сістэму адсочвання стану моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і садзейнічаць выпраўленню становішча. Паводле ацэнак ЮНЕСКА палова з 6 тысяч моў свету знаходзіцца пад пагрозай знікнення[2]. Генеральная Асамблея ААН падтрымала рашэнне пра абвяшчэнне Міжнароднага дня роднай мовы[3] і заклікала дзяржаў-членаў ААН і Сакратарыят ААН садзейнічаць абароне і захаванню ўсіх моў народаў свету.

Тэмы свята[правіць | правіць зыходнік]

  • 2002 — «Моўная разнастайнасць» (лозунг Міжнароднага дня: «У галактыцы моваў кожная з іх — зорка»)
  • 2004 — «Навучанне дзяцей»
  • 2005 — «Брэйль і мовы знакаў»
  • 2006 — «Мовы і кіберпрастора»
  • 2007 — «Шматмоўная адукацыя»
  • 2008 — «Міжнародны год моў»
  • 2010 — «Міжнародны год збліжэння культур»[4]
  • 2011 — «Інфармацыйныя тэхналогіі і камунікацыі дзеля захавання і папулярызацыі моў і моўнае разнастайнасці»

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Дні роднай мовы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі Беларусі толькі ад часу залічэння ў 2009 годзе Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры беларускай мовы да ліку загрожаных. Ад таго часу бібліятэкі прысвячаюць святу кніжныя выставы беларускамоўных выданняў. Праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, у т.л. у выставу «Захаваем моўную і культурную разнастайнасць і шматмоўе» ў Мінску. Музеі ладзяць публічныя чытанні беларускамоўных твораў мастацкай літаратуры пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі і дзяржаўнымі дзеячамі[5][6].

З 2008 года Таварыства беларускай мовы праводзіць у гэты Дзень агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў. Таксама праводзяцца прэзентацыі новых беларускамоўных кніг, беларускамоўныя дыскатэкі і канцэрты.


Зноскі

  1. Інфармацыя на старонцы ЮНЕСКА (англ.) 
  2. Міжнародны дзень роднай мовы на сайце ЮНЕСКА(руск.) 
  3. Рэзалюцыя № Α/RES/56/262
  4. http://www.tbm-mova.by/dzenrodnajmovy
  5. Бардзілоўская Н. Сёння Міжнародны дзень роднай мовы // Белтэлерадыёкампанія, 21.2.2012
  6. Пастушэнка Т. Мінкультуры заклікае актыўней выкарыстоўваць у штодзённым жыцці беларускую мову // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 22.2.2012