Перайсці да зместу

Минское слово

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мінскае слова)
«Минское слово»
Арыгінальная
назва
руск.: Минское слово
Тып газета
Заснавана 4 (17) лістапада 1906
Спыненне публікацый 15 (28) чэрвеня 1912
Галоўны офіс

«Минское слово» — штодзённая грамадска-палітычная газета вялікадзяржаўнага шавіністычнага кірунку, якая выдавалася з 4 (17) лістапада 1906 да 15 (28) чэрвеня 1912 у Мінску на рускай мове. Рэдактары і выдаўцы Г. Шмід, Д. В. Скрынчанка, І. Паўловіч, А. Краскоўскі, Л. Цвяткоў.

Выступала як пераемнік газеты «Минская речь». Спачатку прымыкала да правых акцябрыстаў[1], з 1907 года рэдактары газеты ўзначальвалі мінскае аддзяленне Саюза рускага народа. Атрымлівала грашовыя субсідыі з фондаў царскага ураду, падрымлівалася асабіста прэм’ер–міністрам П. Сталыпіным. Друкавала матэрыалы, якія дыскрэдытавалі беларускае нацыянальнае адраджэнне, негатыўна ставілася да беларускага друку. Адмаўляла нацыянальную і энтнакультурную самастойнасць беларускага народа, раіла выкрэсліць назвы Беларусь і беларусы, бо іх «у палітыцы і па нацыянальнасці не павінна быць» (4.11.1907, артыкул «Русские или белорусы»). Абражала беларускіх пісьменнікаў Багушэвіча, Купалу, Коласа, Цётку і інш. Заклікала губернскую ўладу не абмяжоўвацца рэпрэсіямі беларускіх нацыянальных дзеячаў і «Нашай нівы», а «вырвать зло в самом корне». У шматликіх аўтарскіх і рэдакцыйных артыкулах патрабавала ад урада забароны беларускай нацыянальнай культуры.

На працягу 1912 года газета збірала і друкавала ў рубрыцы «Матэрыялы па гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Беларусі» рознага кшталту дакументы (праграму БСГ, беларускія брашуры і лістоўкі, матэрыялы пра настаўніцкі сход у Мікалаеўшчыне з удзелам Я. Коласа[2] і іншыя матэрыялы), да якіх дадавала тэндэнцыйныя каментарыі і тлумачэнні. Фактычна гэта было формай палітычнага даносу з боку газеты.

Накідвалася на рускую дэмакратычную прэсу, у форме лаянкі і паклёпу пісала пра творчасць Горкага, Андрэева, Брусава і інш. Сацыял–дэмакратаў называла «оружием в руках евреев и их наймитов» (8.3.1908). Публікавала нататкі, якія носяць антысеміцкі характар. У рэдакцыйным артыкуле «Мазепинцы» (11.1.1912) пісала: «Еврейско–масонский план разрушения русского государства в своей основе имеет объединение всех инородцев для совместного натиска на русскую государственность». За распальванне варожасці паміж народамі Расіі губернскія ўлады канфіскоўвалі асобныя нумары газеты, а на яе рэдактараў накладвалі спагнанні.

Праграму «Минского слова» працягвалі газеты «Минское русское слово», «Северо-Западная жизнь».

Зноскі

  1. Г. Шмід быў абараны ў III Дзяржаўную думу па спісе акцябрыстаў.
  2. Адбыўся 9.7—10.7.1906 года, разагнаны паліцыяй