Міхаіл Фёдаравіч Ларыёнаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міхаіл Фёдаравіч Ларыёнаў
руск.: Михаил Фёдорович Ларионов
Фатаграфія
Дата нараджэння 22 мая (3 чэрвеня) 1881[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 10 мая 1964(1964-05-10)[2][3][…] (82 гады)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Жонка Наталля Сяргееўна Ганчарова
Род дзейнасці мастак, сцэнограф, дызайнер касцюмаў, ілюстратар, дызайнер, мастак-гравёр
Жанр партрэт
Вучоба
Мастацкі кірунак неаімпрэсіянізм і Rayonism[d]
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Міхал Фёдаравіч Ларыёнаў (руск.: Михаи́л Фёдорович Ларио́нов; 22 мая [3 чэрвеня] 1881, Ціраспаль, Херсонская губерня, Расійская імперыя — 10 мая 1964, Фантэнэ-о-Роз) — рускі мастак, жывапісец, графік, сцэнограф, тэарэтык мастацтва, адзін з заснавальнікаў рускага авангарда. Муж Наталлі Ганчаровай.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Херсонскай губерні, у павятовым горадзе Ціраспалі. Сын ваеннага фельчара, дзяцінства правёў на поўдні Расіі ў Ціраспалі, куды затым часта вяртаўся на летнія эцюды. У 1891 годзе Ларыёнавы прыехалі ў Маскву, і Міхаіл паступіў у рэальнае вучылішча Васкрасенскага.

У 1898—1910 — вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, разьбярства і дойлідства ў Валянціна Сярова, Ісака Левітана і Каровіна Канстанціна. Там жа пазнаёміўся з Наталляй Ганчаровай, якая стала не толькі яго спадарожніцай жыцця (афіцыйна шлюб быў зарэгістраваны толькі ў 1955 годзе), але і аднадумкай у творчасці.

З пачатку 1900-х гадоў Ларыёнаў актыўна ўдзельнічаў у мастацкім жыцці, выстаўляючыся не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе. Вялікі ўплыў на Ларыёнава аказалі французскія жывапісцы, з творчасцю якіх упершыню ён пазнаёміўся ў маскоўскім зборы Сяргея Шчукіна. У 1902—1906 гадах працаваў у стылі позняга імпрэсіянізму («Куст бэзу ў квецені»). У 1906 годзе па запрашэнні Сяргея Дзягілева ўдзельнічаў у рускай секцыі парыжскага Восеньскага салона.

У 1907 годзе, выпрабоўваючы ўплыў фавізму і наіўнага мастацтва, звярнуўся да прымітывісцкай манеры, ствараючы запамінальныя палотны, якія адрозніваюцца сакавітым колерам, рэзкімі лініямі і вострымі сцэнамі («Адпачываючы салдат», «Вясна»). Адзін з заснавальнікаў мастацкай групы «Вянок-Стэфанас» (1907), на выставах якой перыядычна ўдзельнічаў да восені 1910 года, і актыўны ўдзельнік групы «Залатое руно» (1908—1910). У 1909—1911 гадах прымаў удзел у міжнародных «Салонах» Іздзебскага.

Да 1912 г. стварыў новую мастацкую канцэпцыю — прамянізм, адзін з першых прыкладаў абстрактнага мастацтва ў разрадзе так званай «беспрадметнай творчасці», дзе формы ўтвараліся ў выніку перасячэння прамянёў, адлюстраваных ад розных прадметаў.

У 1914 годзе, пасля пачатку Першай сусветнай вайны, быў прызваны на ваенную службу. Камісаваўшыся па раненні, Ларыёнаў пасяліўся ў Парыжы, дзе ў 1915—1929 гадах разам з Ганчаровай працаваў для Дзягілева, ствараючы касцюмы і дэкарацыі да пастаноў яго «Рускіх балетаў». У жывапісе ён вярнуўся да ранняй, фігуратыўнай, манеры, камернага жанру і нацюрморта. З-за Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расію больш не вярнуўся.

У 1955 годзе афіцыйна зарэгістраваў свой шлюб з Наталляй Ганчаровай. Пасля яе смерці ў 1962 годзе, ажаніўся з А. К. Тамілінай, якая стала афіцыйнай спадкаемніцай абодвух мастакоў. Памёр у парыжскім прыгарадзе Фантэнэ-о-Роз у 1964 годзе.

Зноскі