Найвышэйшая рада БНР

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Найвышэйшая рада Беларускай Народнай Рэспублікі — орган прадстаўнічай улады БНР, створаны 14 снежня 1919 года ў Менску пасля расколу Рады БНР праз супярэчнасці паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы (Гл. таксама: Народная рада БНР).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) абвінавачвалі сацыял-дэмакратычнае кіраўніцтва Рады БНР у згодніцтве і супрацоўніцтве з польскімі акупацыйнымі ўладамі. У выніку бальшыня Рады (50 чалавек) абвясціла сябе Народнай радай Беларускай Народнай Рэспублікі, а меншыня (37 чалавек), — Найвышэйшай Радай БНР.

Старшынёй Найвышэйшай Рады БНР быў абраны Язэп Лёсік, які дагэтуль узначальваў Раду БНР. У прэзідыум увайшлі Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ян Серада, Аляксандр Уласаў, Кузьма Цярэшчанка. Былі пацверджаныя паўнамоцтвы Антона Луцкевіча ў якасці старшыні Рады Міністраў. Польскія ўлады прызналі Найвышэйшую раду, аднак мала лічыліся з ёй. Гэта прымусіла Антона Луцкевіча 28 лютага 1920 года адмовіцца ад пасады старшыні Рады Міністраў.

Пасля падпісання польска-беларускай дамовы 24 сакавіка 1920 года (афіцыйная назва — «Прапановы супольнай канферэнцыі прадстаўнікоў Беларусі і прадстаўнікоў польскага ўрада», падпісаныя з беларускага боку Вацлавам Іваноўскім і Аркадзем Смолічам) Рада атрымала фінансавыя датацыі, што прывяло да істотнага росту яе ўплыву — праз стварэнне апарату і новыя магчымасці працаўладкавання для беларускіх дзеячаў у Менску. У чэрвені 1920 года Найвышэйшая рада БНР патрабавала ад Польшчы прызнаць незалежнасць БНР, мяркуючы што да выбараў Устаноўчага сейма Беларусі будзе знаходзіцца пад пратэктаратам Лігі Нацый.

З пачаткам наступлення бальшавікоў бальшыня сяброў Найвышэйшай рады БНР эвакуявалася ў Польшчу. Сярод іх пачаліся супярэчнасці. Прыхільнікі супрацоўніцтва з польскім урадам падтрымалі «бунт» Люцыяна Жалігоўскага і ўтварэнне Сярэдняй Літвы. У Варшаве быў створаны Беларускі палітычны камітэт пад кіраўніцтвам Паўла Алексюка, які пазней выконваў функцыі «беларускага ўрада» пры Станіславу Булак-Балаховічу ў часе ягонага Палескага паходу.

Зразумеўшы памылковасць арыентацыі па Польшчу, сацыял-дэмакраты прынялі ўдзел у нацыянальна-палітычнай нарадзе 20 кастрычніка 1920 года ў Рызе, якую праводзілі БПС-Р і БПС-Ф. Сябра прэзідыума Найвышэйшай рады Кузьма Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Народную раду БНР адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа. Найвышэйшая рада спыніла сваё існаванне.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]