Нацыянальна-палітычная нарада (1920)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нацыяна́льна-паліты́чная нара́да 1920 го́да — сход сябраў Народнай рады Беларускай Народнай Рэспублікі, сфармаванай ёй Рады народных міністраў і дыпламатычных прадстаўнікоў БНР. Адбылася 20 кастрычніка 1920 года ў Рызе (Латвія). Мела на мэце выпрацоўку стаўлення да «Дамовы аб замірэнні і прэлімінарных умовах міру паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай з другога» ад 12 кастрычніка 1920 года, а таксама да акупацыі Вільні і Віленшчыны войскамі генерала Люцыяна Жалігоўскага 9 кастрычніка 1920 года.

Была заслуханая справаздача Рады народных міністраў Вацлава Ластоўскага. На нарадзе выступілі з дакладамі Язэп Варонка, Клаўдзій Дуж-Душэўскі, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Ластоўскі, Язэп Мамонька. Акрамя сацыялістаў-рэвалюцыянераў і сацыялістаў-федэралістаў, якія ўваходзілі ў Народную раду і Раду народных міністраў БНР, у нарадзе ўдзельнічаў сацыял-дэмакрат Антон Аўсянік, прысутнічалі таксама Аляксандр Вальковіч, Юры Гладкі, У. Грунтоў, Уладзмір Пігулеўскі, Янка Чарапук.

Нарада прыняла рэзалюцыю, у якой асудзіла падпісанне прэлімінарнага міру і пастанавіла лічыць яго «для беларускага народу неабавязковым», выказалася за неабходнасць усімі спосабамі і сродкамі і надалей весці барацьбу за незалежнасць і непадзельнасць Беларускай Народнай Рэспублікі з усімі яе ворагамі, патрабаваць абавязковага ўдзелу дэлегацыі ўрада БНР у рыжскіх перамовах аб міры. Нарада прызнала дзейнасць урада Ластоўскага «згоднай з воляй усяго беларускага народа». На нараду прыехаў сябра Прэзідыума Найвышэйшай Рады БНР Кузьма Цярэшчанка. Ад імя Найвышэйшай рады ён склаў яе паўнамоцтвы і прызнаў Народную раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа. Народная Рада БНР стала ізноў называцца Радай БНР. Было вырашана стварыць вакол урада Ластоўскага адзіны нацыянальны блок. Гэтае рашэнне было выкананае на Першай Усебеларускай канферэнцыі 1921 года ў Празе. Віленскае пытанне Нарада прызнала справай толькі Беларусі і Літвы. Пасля нарады была заключаная дамова паміж урадамі БНР і Літвы аб узаемным прызнанні і сумеснай барацьбе супраць польскіх акупантаў у Віленскім краі і Заходняй Беларусі.

Пасля Нарады далейшая дзейнасць урада Ластоўскага ў Рызе стала немагчымай, паколькі Латвія паводле ўмоў мірнай дамовы з РСФСР (жнівень 1920) абавязвалася не падтрымліваць сілы, скіраваныя супраць Савецкай Расіі. Урад Ластоўскага пераехаў у Коўна (Каўнас) — сталіцу Літоўскай Рэспублікі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]