Народная рада БНР

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Народная рада Беларускай Народнай Рэспублікі — орган прадстаўнічай улады Беларускай Народнай Рэспублікі ў 19191920 гадах. Створана 13 снежня 1919 у Менску пасля расколу Рады БНР праз супярэчнасці паміж яе дзеячамі па пытанні аб адносінах да Польшчы. Прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф) выступілі супраць супрацоўніцтва сацыял-дэмакратычнага кіраўніцтва Рады БНР з польскімі ўладамі. Рада БНР падзялілася на 2 часткі: большая яе частка (50 чалавек) абвясціла сябе Народнай радай БНР, меншая (37 чалавек) — Найвышэйшай радай БНР.

Старшынёй Народнай рады абраны Пётра Крэчэўскі (БПС-Ф), яго намеснікамі — Палута Бадунова (БПС-Р), Васіль Захарка (БПС-Ф), сакратарамі — Навум Козіч, Язэп Мамонька (БПС-Р). Яны склалі прэзідыум Народнай рады, які ў перыяд паміж сесіямі выконваў яе паўнамоцтвы. Раду міністраў узначаліў Вацлаў Ластоўскі (БПС-Р). Пастановай Рады было прадугледжана, што ўсе дзеянні ўрада ўзгадняюцца з прэзідыумам Рады.

Польскія акупацыйныя ўлады не прызналі Народную раду, выдалі загад пра яе роспуск, Бадунову, Ластоўскага і Мамоньку зняволілі ў турму. У студзені 1920 года патаемна выехалі з Менска ў Берлін Крачэўскі і Захарка. У траўні 1920 года Бадунова, Грыб, Ластоўскі і Мамонька атрымалі дазвол выехаць у Рыгу, дзе да іх далучыліся Крачэўскі і Захарка.

4 ліпеня 1920 пачалося паспяховае наступленне Чырвонай Арміі на савецка-польскім фронце. Паводле дагавора РСФСР і Літвы, Літоўскай Рэспубліцы была перададзена значная частка беларускіх зямель. Гэта выклікала абурэнне і Найвышэйшай, і Народнай рады. Захарка ўручыў ноту пратэсту наркаму замежных спраў РСФСР Георгію Чычэрыну. У адказ Чычэрын сарваў перагаворы. Стала зразумела, што РСФСР не прызнае БНР. Беларускія эсэры адмовіліся супрацоўнічаць з бальшавікамі і не падпісалі Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Яны патрабавалі абвясціць поўную незалежнасць Беларусі ў яе этнічных межах, стварыць самастойнае беларускае войска і кааліцыйны сацыялістычны ўрад, прызнаць беларускую мову дзяржаўнай. Марнымі аказаліся спадзяванні і Найвышэйшай рады БНР на тое, што беларускую дзяржаву прызнае Польшча. Пасля заключэння 12 кастрычніка 1920 прэлімінарнага міру паміж РСФСР і Польшчай у Рызе 20 кастрычніка адбылася нацыянальна-палітычная нарада з удзелам прадстаўнікоў БПС-Р, БПС-Ф і беларускіх сацыял-дэмакратаў.

Член прэзідыума Найвышэйшай рады БНР Кузьма Цярэшчанка ад яе імя прызнаў Народную раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком беларускага народа. З гэтага часу Народная рада стала называцца Радай БНР.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]