Нанедранік

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Панагія.

Нане́дранік, або энкалпіё́н, або напе́рснік, або панагі́я — прадмет аблачэння праваслаўнага і ўніяцкага духавенства.

  1. Невялікі каўчэжац з выявай крыжа, Багародзіцы, Святых, у які змяшчаліся мошчы Святых або часткі просвіры ў гонар Маці Божай. У сярэднія вякі ў грэчаскіх і рускіх манастырах, а таксама простыя набожныя людзі насілі на шнурках ці ланцужках на грудзях. Адсюль і назва: нанедранік — ад недра (грудзі), энкалпіён (ад грэч. на грудзях), наперснік (ад слав.: персі (грудзі)). У энкалпіёне з храма на трапезу пераносілася багародзічная просвіра. Паколькі як Сама Дзева Марыя, так і просвіра ў Яе гонар спрадвеку называліся Панагія (Усесвятая), то і энкалпіён, у якім пераносілася багародзічная просвіра, называўся панагіяра, а потым — панагія.
  1. Панагія, абавязковая рэч епіскапа, яна даецца яму пры пасвячэнні пасля Святой Літургіі. Першае ўпамінанне аб энкалпіёне як абавязковай прыналежнасці епіскапа адносіцца да XV ст. У XVII ст. епіскапы Візантыйскай Грэчаскай Царквы атрымлівалі каштоўны крыж з мошчамі Святых. Звычай ускладаць энкалпіён на епіскапа пры яго пасвячэнні ад Візантыйскай Грэчаскай Царквы перайшоў у Рускую Царкву, дзе з цягам часу ён стаў уяўляць сабой вобраз Божай Маці. У цяперашні час епіскапы падчас набажэнстваў павінны насіць панагію і крыж як знакі найвышэйшай улады ў Царкве, а ў паўсядзённых абставінах — толькі панагію.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Завальнюк У. М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск, Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. ISBN 978-985-6954-73-6.