Паліца (аблачэнне)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паліца 1560-х гадоў, майстэрня княгіні Еўфрасіні Старыцкай

Па́ліца (грэч. ἐπιγονάτιον) — частка багаслужбовага аблачэння візанта-праваслаўнага і грэка-каталіцкага архіерэя, протапрэсвітара, архімандрыта, ігумена ці, у якасці ўзнагароды, прэсвітара. Уяўляе сабой ромб з тканіны з крыжом пасярэдзіне, які прышываецца за востры вугал на стужцы каля правага сцягна (калі духоўная асоба мае набедранік, то ён носіцца на левым баку).

Гісторыя і паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне паліцы прасочваецца да практыкі візантыйскіх імператараў узнагароджваць цырыманіяльнымі мячамі сваіх военачальнікаў у знак прызнання іх доблесці ў абароне імперыі. Узнагарода такімі мячамі часта суправаджалася ўзнагародай набедранымі шчытамі, якія падвешваліся да пояса і абаранялі нагу ад сінякоў, выкліканых пастаянным ударам мяча аб сцягно. Магчыма таксама, што паліца пайшла ад табліёнаў. Ёсць таксама тэорыя, што паліца паходзіць ад арнаментаваных насовак і вылучылася ў асобнае богаслужбовае аблачэнне ў XII стагоддзі. Калі браць за ўвагу апошнюю тэорыю, тады можна сказаць, што праваслаўная і грэка-каталіцкая паліца мае свой аналаг у рыма-каталікоў — субцынкторый да II Ватыканскага Сабора (XXI Сусветны Сабор у каталіцкай традыцыі) выкарыстоўваўся ў літургічным аблачэнні Архіепіскапа Мілана і Папы.

У старажытнасці паліца была часткай толькі епіскапскага аблачэння, потым у грэчаскай і, пасля Берасцейскага царкоўнага сабора, у славянскай (праваслаўнай і візанта-каталіцкай) традыцыях была засвоеная і архімандрытамі і протапрэсвітарамі. З XVIII стагоддзя як узнагароду яе маглі атрымліваць ігумены і протапрэсвітары.

Епіскап Пармаскай епархіі Русінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Мілан Лах, паліца вісіць на правым баку

Выкарыстанне і сімвалізм[правіць | правіць зыходнік]

У славянскай грэка-каталіцкай і рускай праваслаўнай традыцыі паліца — часцей узнагарода за добрую і доўгую службу, а ў грэчаскай традыцыі (Балгарская Грэка-Каталіцкая Царква, Эладская Праваслаўная Царква, Грэчаская Каталіцкая Царква і інш.) паліца даецца ў якасці ўзнагароды за атрыманне навуковай ступені.

У сімвалічным значэнні паліца, як і набедранік, мае сэнс духоўнага мяча, то бок Слова Божага, Якім заўсёды павінен быць узброены пастыр. Але ў параўнанні з набедранікам паліца належыць да больш высокага ўзроўню, бо сімвалізуе яшчэ і край рушніка, якім Ісус Хрыстос амываў ногі вучням. Кажуць таксама, што паліца выкарыстоўвалася для перавозкі дакументаў, якія тычацца становішча чалавека ў царкве. Такія дакументы, якія сведчаць прысвячэнне і званне, будуць найбольш дарэчныя падчас падарожжа. Нашэнне іх на Літургіі было сімвалам нясення сваёй улады здзяйсняць Літургію.

Падчас Таінства Святарства прэсвітар або дыякан тройчы робіць крыжовы ход вакол алтара, пасля кожнага кола ён схіляецца перад епіскапам і цалуе яго паліцу і правую руку. Акрамя таго, у некаторых богаслужбовых традыцыях, калі епіскап здзяйсняе хіратэсію, такую як пастаўленне ў іпадыяканы, ён кладзе сваю паліцу на галаву кандыдата, калі ён прамаўляе малітву.

У армянскім абрадзе ёсць таксама аналаг паліцы, які называецца «гонкер», але насіць яго мае права толькі патрыярх, напрыклад, патрыярх-каталікос Армянскай Каталіцкай Царквы. Вобраз Святога Власія Севасційскага ёсць у армяна-каталіцкім прыходзе Сан-Мікола-так-Таленціна ў Рыме, дзе адлюстраваны святы ў гонкеры.

Малітва пры апрананні[правіць | правіць зыходнік]

Апрануўшы сваю паліцу, святар моліцца:

" Падперажы меч твой да боку твайго, сільны, у дабрыні тваёй, і напружся і паспявай, і пануй дзеля Праўды, лагоды і справядлівасці, і правая рука твая дзівосна падвядзе цябе.
Пс. 44:4,5
"

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Завальнюк У. М. Энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы / У. М. Завальнюк, М. Р. Прыгодзіч, В. К. Раманцэвіч. — Мінск: Изд-во Гревцова, 2013. — 808 с. ISBN 978-985-6954-73-6.