На ростанях

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
На ростанях
На ростанях
Аўтар Якуб Колас
Жанр Раман
Мова арыгінала беларуская
Выпуск Сцяг Беларусі 1955

На ростанях — эпічная трылогія класіка беларускай літаратуры Я. Коласа, адзін з першых беларускіх раманаў, які меў вялікае значэнне для развіцця жанру рамана ў беларускай літаратуры[1].

Трылогія займае выключнае месца ў творчасці пісьменніка[2], ён працаваў над яе тэкстам літаральна ўсё сваё творчае жыццё. Пачатак напісання першай кнігі адносяць да 1921-22 гадоў, а асобным выданнем увесь твор выйшаў толькі ў 1955 годзе[2].

Падыход да тэмы, трактоўка вобраза галоўнага героя вызначаліся навізной: Якуб Колас абраў жанравую форму сацыяльна-псіхалагічнай аповесці з шырокім выкарыстаннем аўтабіяграфічнага матэрыялу. Такі шлях і насамрэч быў новы, бо сталай традыцыі мастацкага псіхалагізму, традыцыі псіхааналізу ў "вялікай прозе" беларуская літаратура на пачатку 20-х гадоў яшчэ не выпрацавала[3].

Гісторыя напісання

Першыя подступы

Яшчэ да рэвалюцыі, падчас працы настаўнікам, Я. Колас пачаў аповесць «Адзін з сотні»[4], галоўны герой якой меў некаторыя рысы Лабановіча. у вершах была запісана легенда пра Яшукову гару, пачатая пісьменнікам у Люсіне[4]. Сцэны ў астрозе, якімі заканчваецца трылогія, нагадваюць успаміны Я. Коласа пра зняволенне ў астрозе, надрукаваныя ім хутка пасля пераезду ў Мінск[4].

Праца над тэкстам

У лістападзе 1921 года Я. Колас напісаў Я. Карскаму[4]:

" Цяпер пішу бытавую аповесць з жыцця настаўніцтва і так званай сельскай інтэлігенцыі. Аповесць мае назву «У палескай глушы» "

Над гэтай часткай трылогіі ён працаваў у 1921—1922 гадах[2]. Яна была ўпершыню надрукавана ў Заходняй Беларусі ў 1923, а ў БССР — у 1927 годзе[2]. Другая частка «У глыбі Палесся» пісалася з 1923 па 1927 годы, яна выйшла асобным выданнем у 1927 годзе[2]. Праца над трэцяй часткай, аднайменнай усё трылогіі, вялася пасля доўгага перапынку з 1948 па 1954 год[2].

На гэтым напісанне не скончылася, аўтар карпатліва правіў аповесці, рыхтаваў іх да выдання ў форме трылогіі, якая і выйшла ў 1955 годзе[2].

Месца дзеяння

Дзеянне трылогіі адбываецца на тэрыторыі Палесся і Наднямоння. Я. Колас змяняе[2] некаторыя геаграфічныя назвы ў першай кнізе: Люсіна→Цельшына, Мікалаеўшчына→Мікуцічы, Пінкавічы→Выганы, Стоўбцы→Стаўбуны, але апісанні ім дае даволі дакладныя, што робіць іх вядомымі для жыхарохоў тых месцаў. Ва ўсім творы аўтар згадвае шмат тапонімаў і мікратапонімаў, якія служаць арыенцірамі для вызначэння мясцін, дзе адбываюцца падзеі трылогіі[2].

Час дзеяння

Першая частка ахоплівае прамежак ад 1902 па 1904 годы. Канчаецца трылогія сцэнаю, для якой аўтар дае[4] дакладную дату — 15 верасня 1911 года. Такім чынам дзеянні трылогіі адбываюцца прыкладна на працягу дзесяцігоддзя[2].

Назва

Назва трылогіі была дадзена аўтарам з пэўнай мэтай паказаць шырыню праблематык, вялікае кола пытанняў і адказаў на іх, якія Я. Колас падымае ў творы. Пісьменнік настойваў, каб назва «На ростанях» была захавана менавіта такой і ў рускім перакладзе[4].

Праблематыка трылогіі

Галоўным матывам трылогіі для Я. Коласа стала імкненне паказаць значэнне ролі інтэлігенцыі ў працэсе асэнсавання беларусамі свайго месца ў свеце, сваёй нацыянальнай самасвядомасці[4].

Асноўным пытаннем, якое ставіць перад сабою галоўны герой з'яўляецца фраза «Для чаго чалавек жыве на зямлі?». У адказе на яго светапогляд Лабановіча змяняецца ад пазіцый забеспячэння ўляснага камфорту і дабрабыту сваёй сямі праз ланцужок «я→сям'я→бліжэйшае асяроддзе→радзіма→увесь народ» да высновы, што чалавек мае маральны абавязак не толькі сумленна працаваць на сваім месцы, але таксама павінен памятаць пра больш агульныя і далёкія мэты на карысць усяго грамадства.

Трылогія ўздымае пытанні класавых адносін у беларускіх вёсках, праблему непісьменнасці сялян тых часоў, міжасобасныя адносіны і г. д. Аўтар паказвае рознакаляровую палітку грамадскага і палітычнага жыцця на фоне маляўнічых краявідаў і прыродных сцэн. Але прырода выступае ў Я. Коласа не толькі фонам, яна актыўны герой яго рамана. Аўтар праводзіць паралелі паміж станам прыроды і станам грамадства. Так, у трэцяй кнізе пасля сцэны разгулу завірухі пісьменік пераходзіць да разваг аб жорсткай рэакцыі, якая наступіла пасля рэвалюцыі 1905 года[4].

Аўтабіяграфічнасць

Мемарыяльная шыльда на школе ў в. Люсіна, у якой працаваў Я. Колас
Іван Іванавіч Луцкевіч

Многія падзеі, у якіх удзельнічаў Лабановіч, адбываліся з самім Я. Коласам. У першую чаргу ўласна асноўная праца жыцця Лабановіча — настаўніцтва ў невялікіх вёсках — была ўзята з аўтабіяграфіі пісьменніка, які пачынаў свой працоўны шлях у в. Люсіна, якая стала правобразам Цельшына[4].

Аўтар, як і галоўны герой, удзельнічаў у рэвалюцыйных выступленнях, нелегальным настаўніцкім з'ездзе. Ён быў звольнены з пасады, пераехаў у Вільна, працаваў у рэдакцыі газеты «Наша ніва», быў асуджаны і зняволены ў турме[2]. Нават імя па бацьку Лабановіча спачатку было Міхайлавіч, як і ў пісьменніка, толькі потым яно змянілася на Пятровіч[2].

Амаль усе асноўныя падзеі, з аглядкай на мастацкую перапрацоўку, адбываліся з блізкімі і знаёмымі Я. Коласа[2]. Многія героі маюць сваіх прататыпаў, выступаючы пад іх уласнымі імёнамі ці пад крыху або зусім змененымі[2]. Напрыклад, у вобразе Алеся Садовіча выведзены Аляксандр Антонавіч Сянкевіч, які вучыўся разам з Я. Коласам[5]. Прататыпам рэдактара-выдаўца Уласюка Мікіты Аляксандравіча стаў рэдактар «Нашай нівы» амаль ад пачатку яе выхаду да 1914 г. Аляксандр Уласаў, а ў Ясі і Стафане Ліскоўскіх можна пазнаць братоў Івана і Антона Луцэвічаў[6]. Прататыпам Івана Тадорыка стаў Янка Маўр, з якім Колас сябраваў, а потым і парадніўся праз шлюб сына Коласа Міхася з дачкой Маўра Натальяй[7].

Трылогія ў тэатры і кіно

У 1958 інсцэніравана пад назвай «Навальніца будзе» (аўтар п'есы — Алесь Звонак, пастаўлена ў Драматычным тэатры імя Якуба Коласа), у 1960—1961 быў пастаўлены фільм «Першыя выпрабаванні» (аўтары сцэнарыя А. А. Куляшоў і М. Лужанін)[8].

Пераклады

Трылогія перакладалася на рускую мову, у 1963 годзе выходзіла на балгарскай, у 1928 на харвацкай («У Палескай глушы» ў перакладзе С. Кірына, Заграб), у 1960 — на чэшскай.

У культуры

Трылогія натхніла на графічныя работы розных мастакоў. Графік Л. П. Асецкі стварыў серыю «Паводле матываў трылогіі Я. Коласа „На ростанях“» у 1973 годзе[9], а У. Я. Сулкоўскі намаляваў шэраг карцін, тэматычна звянаных з трылогіяй, у тым ліку «Люсінскае наваколле. (Целяшоў дуб)», «Ядвіся»[10].

Ілюстрацыі для выдання трылогіі 2006 года стварыў М. С. Басалыга[11][12].

Зноскі

  1. Акадэмік МІЦКЕВІЧ Канстанцін Міхайлавіч (Якуб Колас) (руск.)
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н Трылогія «На ростанях». Беларуская літаратура: Падручнік для 10 кл. / В. Я. Ляшук, А. А. Майсейчык, К. М. Мароз і інш. пад рэд. В. Я. Ляшук.- Мн.: Рэдакцыя часопіса «Крыніца», 1997.-608 с.: іл. ISBN 5-87659-009-6
  3. Прадмова М. І. Мушынскага, доктара філалагічных навук, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, прафесара
  4. а б в г д е ё ж з Трылогія «На ростанях». Шкраба Р. В. Беларуская літаратура: Падр. для 10-га кл. сярэдн. шк.— Мн.: Маст. літ., 1996.—223 с.: 121 л. іл.
  5. Кісялёў У. І прататып у класічных творах // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — Мн.: Полымя. — ISSN 0131-2669., № 4, 1987. С.12—13
  6. Нашаніўцы ў трылогіі Якуба Коласа «На ростанях»: вобразы і прататыпы
  7. 125 лет Янке Мавру (руск.)
  8. Книжно-документальная выставка к 125-летию со дня рождения Якуба Коласа (1882—1956) (руск.)
  9. т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  10. Колас Якуб. Новая зямля (паэма), На ростанях (трылогія). Сулкоўскі Уладзімір. Радзіма Якуба Коласа (серыял жывапісных палотнаў)
  11. Вокладка кнігі
  12. Ілюстрацыя М. С. Басалыгі

Літаратура

  • Пшыркоў, Ю. С. Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» / Ю. С. Пшыркоў. — Мінск : Выдавецтва Акадэміі навук БССР, 1956. — 226 с.
  • Пшыркоў, Ю. С. Эпас рэвалюцыі : паэмы Я. Коласа «Новая зямля» і «Сымон-музыка», трылогія «На ростанях» / Ю. С. Пшыркоў. — Мінск : Вышэйшая школа, 1975. — 238 с.
  • Прастора ў трылогіі Якуба Коласа "На ростанях" / Алеся Шамякіна // Полымя: Літ.-грамад. і грамад.-паліт. часоп. / Заснав.: М-ва інфарм. Рэсп. Беларусь ― 2007. ― № 11. ― С. 103―109

Спасылкі