Круглыя чэрві
Круглыя чэрві | |||||||||||||||||
Heterodera glycines (патаген соі) | |||||||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | |||||||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
прамежныя рангі
| |||||||||||||||||
Міжнародная навуковая назва | |||||||||||||||||
Nematoda Rudolphi, 1808 | |||||||||||||||||
Класы | |||||||||||||||||
|
Круглыя чэрві, нематоды (Nematoda) — тып свабоднажывучых і паразітуючых першаснаполасцевых чарвей. Паводле колькасці асобін — самыя шматлікія з шматклетачных жывёл.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Даўжыня звычайна 0,05-10 мм, радзей да 50 мм; некаторыя паразітычныя формы дасягаюць у даўжыню 20-40 см і нават больш за 8 м (Placentonema gigantissima з плацэнты кашалота). Цела цыліндрычнае, верацёна- ці ніткападобнае, завостранае на канцах, нерасчлянёнае, на папярочным разрэзе круглае.
Шчыльная кутыкула цалкам укрывае цела, мае складаную паслойную будову, валодае выбіральнай пранікальнасцю для розных рэчываў, выконвае механічную абарону цела і з'яўляецца часткай апорна-рухальнай сістэмы. Скурна-мускульны мяшок складаецца з кутыкулы, скурнага эпітэлію і аднаго слоя падоўжных мышцаў. Пад кутыкулай эпідэрміс утварае падоўжаныя патаўшчэнні, т. зв. хорды; самыя шырокія з іх (бакавыя) раздзяляюць спінную і брушную стужкі падоўжанай коса зчэрчанай мускулатуры (кольцавыя мышцы адсутнічаюць). Пры перамяшчэнні пачаргова скарачаюцца спінныя і брушныя мышцы, цела змеепадобна выгінаецца ў спінна-брушной плоскасці.
Поласць цела запоўнена вадкасцю. Стрававальная сістэма ў выглядзе скразной кішэчнай трубкі, якая ўключае рот, глотку, сярэдні і задні аддзелы кішэчніка. Рот знаходзіцца на пярэднім канцы цела. Мышачная помпавая глотка мае ўнутраны кутыкулярны трохвугольны прасвет. У сярэдняй кішцы мышачны слой адсутнічае, яна адмежавана ад суседніх аддзелаў кішэчніка клапанамі; задняя кішка пакрыта кутыкулай. Падоўжаныя нервовыя ствалы размешчаны ў тоўшчы эпідэрміса і звязаны каляглотачным нервовым кольцам.
Органы пачуццяў (сенсілы з нерухомымі рэцэптарнымі раснічкамі) пераважна ў выглядзе хема- і механарэцэптараў, размешчаных у тры кругі на пярэднім канцы цела і ўздоўж бакоў. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена выдзяляльнымі каналамі. Нервовая сістэма ўключае каляглотачнае нервовае кольца, нервовыя ствалы і нервовыя перамычкі, якія іх злучаюць. Дыхальнай і крывяноснай сістэм няма.
Большасць раздзельнаполыя жывёлы з выразным палавым дымарфізмам. Палавая сістэма самцоў прадстаўлена адным ці двума семяннікамі, семяпровадам (адкрываецца ў клааку), двума капулятыўнымі кутыкулярнымі спікуламі, прыдатачнымі залозамі і інш. У самак адрозніваюць яечнік, семяпрыёмнік і матку.
Пашырэнне
[правіць | правіць зыходнік]Вядомы з верхняга карбону. Апісана каля 20 тыс. відаў, агульная колькасць відаў па розных ацэнках ад 100 тыс. да 1 млн. Пашыраны ўсюды.
Жывуць у морах і прэснай вадзе, у глебе. Свабоднажывучыя сустракаюцца ў грунце вадаёмаў любой салёнасці і ва ўсім дыяпазоне глыбінь, у абрастаннях падводных цвёрдых паверхняў. Нематодам належыць важная роля ў экасістэмах глебы і грунта вадаёмаў, дзе іх колькасць можа дасягаць некалькіх мільёнаў асобін на 1 м².
Многія — паразіты раслін, жывёл і чалавека. Фітанематоды пранікаюць ва ўнутраныя тканкі сцёблаў, лістоў і семяпупышак або высмоктваюць змесціва клетак каранёў. Зоанематоды сустракаюцца ў жывёл амаль усіх тыпаў і практычна ва ўсіх органах. У чалавека выяўлена каля 30 відаў.
Найбольш вядомыя аскарыды (Ascarididae), вастрыцы (Enterobius), воласагаловы (Trichuris), трыхіна (Trichinella), бульбяная нематода (Globodera rostochiensis), галавыя нематоды (Meloidogyne), трыхацэфаліды (Trichocephalidae) і інш.
Асаблівасці біялогіі
[правіць | правіць зыходнік]Свабоднажывучыя формы кормяцца бактэрыямі, водарасцямі, дэтрытам, ёсць драпежнікі. Сярод круглых чарвей маюцца віды, якія паразітуюць у тканках раслін. Аднак большасць відаў круглых чарвей — мікраскапічныя насельнікі дна вадаёмаў і глебы, якія жывяцца мёртвымі арганічнымі рэчывамі.
Апладненне ўнутранае. Адкладваюць яйцы, ёсць жывародныя. Развіццё прамое, жыццёвы цыкл звычайна складаецца з чатырох ювенільных (лічынкавых) і дарослай стадый.
Некаторыя здольныя да анаэрабіёзу і анабіёзу.
Значэнне
[правіць | правіць зыходнік]Нематоды адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе і працэсах глебаўтварэння.
Многія паразіты выклікаюць хваробы: аскарыдоз, гельмінтозы, нематадозы, нематодныя хваробы раслін, трыхінелёз і інш.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]Для паляпшэння артыкула пажадана |
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Біялогія: вучэб. дапам. для 8-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. мовай навучання / Л. В. Камлюк, А. С. Шалапёнак; пер. з рус. мовы Г. І. Кулеш. — 3-е выд., дап. — Мн.: Нар. асвета, 2010. — 222 с. : іл. ISBN 978-985-03-1367-6.