Паласа Капрыві

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паласа Капрыві (Намібія)
Паласа Капрыві
Паласа Капрыві
Паласа Капрыві на карце Намібіі

Паласа Капрыві (англ.: Caprivi Strip, ням.: Caprivizipfel) — вузкі выступ тэрыторыі Намібіі даўжынёй 450 км на ўсход ад паўночна-усходняга ўскрайку асноўнага масіва тэрыторыі краіны да ракі Замбезі. Шырынёй 32--105 км. Займае участак надзвычай плоскай горнай даліны багністых паўночных ускраін Калахары на вышыні каля 950 м над узроўнем мора. З усходу абмежавана ракой Замбезі, за якой тэрыторыя Замбіі, з поўдня і паўднёвага захаду часткова — ракой Чобэ, за якой тэрыторыя Батсваны, на поўначы мяжуе з Анголай. На захадзе паласу перасякае рака Акаванга. Тэрыторыя паласы ў наш час падзелена паміж намібійскімі правінцыямі Замбезі і Акаванга.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Капрыві — тэрыторыя з трапічным кліматам, вельмі высокімі тэмпературамі і вільготнасцю; са снежня па сакавік — у дажджавы сезон — шмат ападкаў, што робіць Капрыві самым вільготным рэгіёнам Намібіі. Густая рачная расліннасць (асабліва чаротавыя зараснікі), густыя лясы, пясчаныя дзюны і балоты вельмі ўскладняюць перамяшчэнне па рэгіёне; дзікая, цяжкадаступная і некранутая цывілізацыяй мясцовасць. Тут сустракаецца звыш 450 відаў жывёл. Характэрна вялікая разнастайнасць птушак.

Для абароны багатага расліннага і жывёльнага свету на большай частцы тэрыторыі рэгіёна створаны запаведнікі і нацыянальныя паркі, якія апошнім часам прыцягваюць шмат турыстаў. З мэтай развіцця турыстычнай індустрыі праз рэгіён упершыню пракладзена скразная асфальтаваная шаша; астатнія мясцовыя дарогі, у асноўным — наезджаныя грунтавыя.

Вёска ў паласе Капрыві

Колькасць насельніцтва тэрыторыі нязначная, жыве яно невялікімі сёламі. Усходняя частка населена бантумоўным народам лозі, асноўная частка якога жыве ў паўднёва-заходняй Замбіі і Батсване. Лозі займаюцца жывёлагадоўляй, рыбалоўствам і паляваннем; вырошчваюць кукуруза, злакі, а таксама дыні і маніёку. Насельніцтва крайняга ўсходу рэгіёна штогод эвакуіруецца з месцаў пражывання з-за разліву Замбезі. Заходняя частка рэгіёна населена толькі качавымі групамі народа сан (бушменаў).

Гарадок Катыма Муліла на беразе Замбезі — буйнейшы населены пункт рэгіёна і адміністрацыйны цэнтр правінцыі Замбезі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкі канцлер Леа фон Капрыві

У сярэдзіне XIX ст. частку тэрыторыі Капрыві насяляў народ калола. З важдзямі калола меў сяброўскія адносіны англійскі падарожнік і місіянер Дэвід Лівінгстан, які гэтыя землі меў за базу сваіх цэнтральнаафрыканскіх падарожжаў. У канцы XIX ст. калола адсюль выціснулі і практычна знішчылі лозі, якія прыйшлі з-за Замбезі.

Паводле Занзібарскага дагавора, у 1890 годзе рэгіён увайшоў у склад Германскай Паўднёва-Заходняй Афрыкі. Паласа Капрыві павінна была даць Германіі суверэнны доступ да ракі Замбезі; назву атрымала ў гонар графа Леа фон Капрыві, тагачаснага германскага канцлера. Пасля Першай сусветнай вайны рэгіён разам з аснойнай тэрыторыяй краіны перайшоў пад кіраванне Паўднёва-Афрыканскага Саюза (пазней — Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка), які валодаў краінай да 1990 года, калі Намібія атрымала незалежнасць.

Насельніцтва Капрыві вельмі адрозніваецца ад насельніцтва астатняй Намібіі; таму неаднаразова ўзнікалі рознагалоссі паміж лозі і авамба, самым шматлікім народам поўначы Намібіі. Канфлікты прывялі да стварэння ў 1994 годзе Арміі вызвалення Капрыві, якая выступала за незалежнасць Капрыві.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]