Палац Сан-Крыставан
Славутасць | |
Палац Сан-Крыставан | |
---|---|
парт.: Paço de São Cristóvão | |
22°54′21″ пд. ш. 43°13′34″ з. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Дата заснавання | 1803 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Палац Сан-Крыставан (парт.: Paço de São Cristóvão, таксама вядомы як Імператарскі палац) — палац, размешчаны ў парку Кінта-да-Боа-Віста ў горадзе Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія). Палац Сан-Крыставан — былая рэзідэнцыя імператараў Бразіліі. Цяпер тут размяшчаецца Нацыянальны музей Бразіліі.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У пачатку XIX стагоддзя тэрыторыя вядомая як Кінта-да-Боа-Віста належала Эліашу Антоніу Лопешу, багатаму партугальскаму купцу, які пабудаваў у 1803 годзе сядзібу на версе ўзгорка. Калі партугальскі каралеўскі двор пераехаў у Бразілію ў 1808 годзе, Эліаш Антоніу Лопеш падарыў сваю сядзібу прынцу-рэгенту Жуану VI. Жуан VI ацаніў падарунак і падоўгу заставаўся ў ёй.
Партугальская каралеўская сям'я жыла ў Імператарскім палацы з моманту іх прыбыцця ў Рыа-дэ-Жанейра ў 1808 годзе. Для лепшага іх размяшчэння ў 1819 годзе Жуан VI загадаў перабудаваць сядзібу, ператварыўшы яе ў каралеўскі палац. Займаўся рэканструкцыяй, якая завяршылася ў 1821 годзе, англійскі архітэктар Джон Джонстан. Перад палацам Джонстан усталяваў дэкаратыўны порцік, які быў падораны ад імя Англіі Бразіліі Х'ю Персі, 2-м герцагам Нартумберлэнда.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Бразіліі ў 1822 годзе, палац стаў рэзідэнцыяй імператара Бразіліі Педру I. Рэканструкцыя і пашырэнне палаца праводзіліся партугальскім архітэктарам Мануэлем да Коштай (1822-1826), працягнутыя французскім архітэктарам Пэдра Жазэ Пезератам (1826-1831), які лічыцца аўтарам канчатковага аблічча будынка. Ён усталяваў новую вежу з левага боку ад галоўнага фасада, а таксама дабудаваў трэці паверх палаца. Працы над палацам былі працягнутыя пасля 1847 года бразільскім мастаком Мануэлем дэ Араужа Порту-алегрэ, які надаў гармонію фасаду будынка, далей над палацам Сан-Крыставан працаваў немец Тэадор Маркс (1857-1868). Італьянскі мастак Марыё Брагальдзі ўпрыгожыў мноства пакояў палаца, уключаючы Тронную залу і Пакой для прыёму паслоў, карцінамі з прыёмам падманкі.
Пасля вяселля Педру I і прынцэсы Марыі Леапальдзіны Аўстрыйскай у 1817 годзе імператарская пара жыла ў палацы. Тут жа нарадзілася будучая каралева Партугаліі Марыя II, а таксама будучы імператар Бразіліі Педру II. Імператрыца Марыя Леапальдзіна памерла ў сценах палаца ў 1826 годзе.
Педру II, будучы імператар, вырас і атрымаў адукацыю ў палацы, а ў 1869 годзе загадаў рэканструяваць яго сады. Французскаму садоваму дызайнеру Агусту Франсуа Мары Глазіу быў даручаны гэты праект, у які ўваходзіла стварэнне маляўнічых азёр, масткоў, пячор і будынкаў, якія пераймаюць антычнасць, прытрымліваючыся рамантычнай модзе таго часу. Дзеці Педру II таксама нарадзіліся ў палацы Сан-Крыставан, уключаючы Ізабэлу Бразільскую, якая адмяніла рабства ў Бразіліі ў 1888 годзе.
Пасля абвяшчэння рэспублікі ў 1889 годзе імператарская сям'я пакінула краіну і палац са сваімі садамі апусцеў.
У 1891 г. будынак палаца выкарыстоўваўся бразільскімі палітыкамі як месца напісання Першай канстытуцыі Бразіліі.
У 1892 годзе дырэктар Нацыянальнага музея ў Рыа-дэ-Жанейра дамогся яго пераезду з будынка Кампу-дзі-Сантана ў палац Сан-Крыставан. Ранейшае ўнутранае ўбранне палаца перастала існаваць, але яго адноўленыя дэталі можна ўбачыць у розных музеях Бразіліі, да прыкладу адноўленую Тронную залу ў Імператарскім музеі ў горадзе Петропаліс.
Палац моцна пашкоджаны агнём у выніку пажару 2 верасня 2018 года.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Зноскі
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 6 красавіка 2015.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- museunacional.ufrj.br — афіцыйны сайт Нацыянальнага музея Бразіліі
- Quinta da Boa Vista e Paço de São Cristóvão Rio de Janeiro Aqui. Retrieved on 2009-07-04. (парт.)