Паліян

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Паліян
(பழையர்)
Рассяленне паліян
Агульная колькасць 11 тыс.
Рэгіёны пражывання Індыя
Мова тамільская
Рэлігія анімізм, шаманізм, культ продкаў
Блізкія этнічныя групы тамілы

Паліян, або паліяр (саманазва பழையர்) — малы народ на поўдні Індыі. Ізаляваныя групы насяляюць горныя раёны ўздоўж Заходніх Гатаў. Налічваецца каля 7,6 тыс. чалавек у штаце Тамілнад і 2,8 тыс. чалавек у штаце Карнатака[1]. Размаўляюць на тамільскай мове.

У адрозненне ад тамілаў, паліян маюць ясна выяўленыя рысы аўстралоіднай расы, знешне падобныя да ведаў Шры-Ланкі. У мінулым займаліся вандроўным збіральніцтвам і паляваннем, будавалі часовыя жытлы паміж скаламі[2]. У нашы дні практыкуюць падсечнае земляробства, працуюць па найму на плантацыях, хаця для горных жыхароў збіральніцтва ўсё яшчэ мае важную ролю. Некаторыя перасяліліся ў даліны і займаюцца сучаснай сельскай гаспадаркай.

Племянная сацыяльная структура была разбурана да сярэдзіны XX стагоддзя, аднак паліян афіцыйна маюць статус племені, што дае ім пэўныя прывілегіі. У нашы дні пераважаюць нуклеарныя сем’і. Эмацыянальныя сувязі з іншымі сваякамі слабыя. Некаторыя групы захоўваюць матрылакальны адлік сваяцтва, іншыя — патрылакальны.

Шлюбны звычай прадстаўлены абменам клятвамі вернасці, соллю і лісцем бетэля. Муж і жонка лічацца роўнымі паміж сабою. Пасля некалькіх першых гадоў сталення разам з маці, дзяцей адлучаюць ад сям’і і перадаюць на выхаванне блізкім старэйшым сваякам.

У грамадстве забаронены гвалтоўныя канфлікты, не заахвочваецца канкурэнцыя. У выпадку пагрозы жыхары пэўнай вёскі могуць пакінуць наседжанае месца[3].

Традыцыйная рэлігія — анімізм, шанаванне шматлікіх духаў прыроды і продкаў. Вылучаецца пласт шаманаў тхеварадзі, пасрэднікаў паміж светам людзей і духамі.

Зноскі