Платон Мікалаевіч Жуковіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Платон Жуковіч
Płaton Žukovič — Платон Жуковіч.Jpg
Дата нараджэння 26 верасня (8 кастрычніка) 1857
Месца нараджэння Пружаны
Дата смерці 13 снежня 1919(1919-12-13) (62 гады)
Месца смерці Петраград
Грамадзянства
Род дзейнасці гісторык
Навуковая сфера гісторыя
Месца працы Літоўская духоўная семінарыя
Санкт-Пецярбургская духоўная акадэмія
Навуковая ступень магістр багаслоўя[d]
Альма-матар Санкт-Пецярбургская духоўная акадэмія
Навуковы кіраўнік Міхаіл Каяловіч

Плато́н Мікала́евіч Жуко́віч (26 верасня 1857, Пружаны, Расійская імперыя — 12 снежня 1919, Петраград, РСФСР) — расійскі гісторык Беларусі, Польшчы і Украіны XVII—XVIII стст. Прафесар Пецярбургскай духоўнай акадэміі, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі навук (1918).

Найбуйнейшы з дарэвалюцыйных даследчыкаў міжканфесыйных адносін у Рэчы Паспалітай, даследаваў палітыку Расіі на тэрыторыі Беларусі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Стаяў на пазіцыях афіцыйнай гістарыяграфіі Расійскай імперыі. Пісаў свае даследаванні ў «заходнерускім духу»[1], сцвярджаючы, што праваслаўнае насельніцтва ВКЛ заўжды імкнулася пад уладу расійскага цара.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Платон Жуковіч нарадзіўся 26 верасня 1857 у горадзе Пружаны Гродзенскай губерні ў сям'і патомнага двараніна і мітрафорнага протаіерэя Аляксандра-Неўскага сабора Мікалая. У 1867 годзе паступіў у Кобрынскае духоўнае вучылішча, скончыўшы яе ў 1871 годзе адным з трох лепшых вучняў. Пасля паступіў у Літоўскую семінарыю. Па яе сканчэнні ў 1877 годзе працягнуў навучанне ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі на царкоўна-гістарычным аддзяленні, якое ўзначальваў Міхаіл Каяловіч, выхадзец з Беларусі і адзін са стваральнікаў ідэалогіі заходнерусізму[2]. Платон Жуковіч з'яўляўся адным з лепшых студэнтаў, пра што сведчаць не толькі адзнакі, але і ўспаміны сяброў і выкладчыкаў. На трэцім курсе ён пачаў курсавую працу на тэму «Кардынал Гозі і Польская царква яго часу», якая пасля перарасла ў кандыдацкую дысяртацыю, абароненую ў 1881 годзе. Платон Жуковіч скончыў акадэмію са ступеняй кандыдата багаслоўя па царкоўна-гістарычным аддзяленні.

Пасля сканчэння вучобы быў размеркаваны на абавязковае выкладанне (паўтара гады за кожны рок навучання) ў Полацкае духоўнае вучылішча. Выкладаў геаграфію і арыфметыку, адначасна працягваючы навуковыя даследаванні. Ён істотна дапрацаваў сваю дысяртацыю і 16 студзеня 1883 паспяхова абараніў яе, атрымаўшы ступень магістра багаслоўя.

Пасля гэтага ён атрымаў прапанову заняць кафедру царкоўнай гісторыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, аднак адмовіўся дзеля старога месца работы. У лістападзе 1883 года на загад Свяшчэннага Сінода ён быў пераведзены на пасаду даглядчыка Віленскага духоўнага вучылішча, а ў 1884 годзе стаў выкладчыкам царкоўнай гісторыі ў Літоўскай духоўнай семінарыі.

Жывучы ў Вільні, Жуковіч займаўся даследаваннямі каталіцкай духоўнай адукацыі і яе ўплыву на духоўнае жыццё Літвы і Беларусі. Ён меў досяг да рэдкіх дакументаў, у выніку чаго яго працы мелі надзвычайную вартасць. Працяглы час займаючыся вывучэннем каталіцкай адукацыі, Жуковіч прыйшоў да высновы, што адукацыя ў Віленскай навучальнай акрузе павінна быць адабранай з-пад апекі каталікоў, бо ў гэтым прыхаваная сур'ёзная пагроза для целаснасці расійскай дзяржавы.

У жніўні 1891, па смерці Міхаіла Каяловіча, Платон Жуковіч абраны на пасаду загадчыка кафедры грамадзянскай гісторыі ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. З 1891 — дацэнт, з 1894 — экстраардынарны, з 1901 — ардынарны прафесар акадэміі. У 1901 ён атрымаў доктарскую ступень, абараніўшы дысяртацыю на тэму «Соймавая барацьба праваслаўнага заходнерускага дваранства з царкоўнай уніяй да 1609 р.». У 1910 выйшаў па-за штат, а ў 1912 абраны ганаровым членам Духоўнай акадэміі.

З'яўляўся членам Рускага гістарычнага таварыства з 1914 года. Акрамя таго, з'яўляўся ганаровым членам Імператарскага Археалагічнага інстытута ў Санкт-Пецярбургу і Палтаўскай царкоўнай гісторыка-археалагічнай камісіі, пажыццёвым членам Уладзімірскай губернскай вучонай архіўнай камісіі, дзейным членам Камісіі для разбору і парадкавання архіву Свяшчэннага Сінода, Імператарскага рускага гістарычнага таварыства, Імператарскага маскоўскага археалагічнага інстытута імя імператара Мікалая II і Рускага бібліялагічнага таварыства.

З 1914 займаўся даследаваннем становішча насельніцтва, школьнай справы, адміністрацыйнага кіраўніцтва і суду на тэрыторыі Беларусі пасля падзелу Рэчы Паспалітай; працаваў над гісторыяй інвентароў і пачатку сялянскай рэформы на Беларусі XIX ст.

У 1917 годзе браў удзел у працы Усерасійскага царкоўнага сабору[3]. Пасля закрыцця Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1918) працаваў навуковым супрацоўнікам у Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына. На прадстаўленне акадэміка Івана Пальмава быў абраны членам-карэспандэнтам Расійскай акадэміі навук па аддзяленні рускай мовы і славеснасці. Уваходзіў у Беларускае вольнаэканамічнае таварыства ў Петраградзе, складаў бібліяграфію па гісторыі Беларусі.

Памёр у 1919 годзе, пахаваны 30 лістапада. Ягоную бібліятэку ў 1921 годзе набыла Дзяржаўная бібліятэка БССР. Па тэматыцы і тыпах выдання гэта навуковыя манаграфіі па гісторыі «Заходняй Русі», артыкулы з перыядычных выданняў, матэрыялы да біяграфіяў асобных дзеячаў царкоўнай гісторыі і асветы, навучальных духоўных устаноў Беларусі, апісанне манастыроў, рукапісаў і нявыдадзеных кніг, рэцэнзіі, водгукі, інструкцыя па збору помнікаў народнай творчасці і іншае. Сярод аўтараў выяўленых кніг — Павел Баброўскі, Антон Будзіловіч, Аляксандр Ельскі, сам Платон Жуковіч, Іван Лапа, Аляксандр Мілавідаў, Стэфан Рункевіч, Іларыён Чыстовіч і іншыя[4].

Сачыненні[правіць | правіць зыходнік]

  • Кардинал Гозий и польская церковь его времени (СПб., 1882, магистерская диссертация);
  • Об основании и устройстве главной духовной семинарии при Виленском университете (1803—1832 гг.) (СПб., 1887);
  • О профессорах богословского факультета Виленского ўниверситета в настоящем столетии (СПб., 1888);
  • Русская гражданская история (СПб., 1895);
  • О русском землевладении в Северо-Западном крае со времён присоединения его к России (СПб., 1895);
  • Борьба против унии на современных ей литовско-польских сеймах (1595—1600 гг.) (СПб., 1897);
  • Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией (СПб., 1901, докторская диссертация);
  • Из лекций русской гражданской истории, читанных студентам 1-га и 2-га курсов в 1900—1909 гг. (СПб., 1901);
  • Сеймовая борьба православного западно-русского дворянства с церковной унией с 1609 (вып. I, 1609—1614 гг.; ib., 1903, вып. II, 1615—1619 гг.; ib., 1904).
  • Брестский собор 1591 г. По новооткрытой грамоте, содержащей деяния его (СПб, 1907);
  • О неизданных сочинениях Иосафата Кунцевича (СПб, 1910);
  • Россия под скипетром Романовых: Очерки из рус. истории за время 1613 по 1913 г. (СПб., 1912 [ред.]);
  • Смутное время и воцарение Романовых (СПб., 1913).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]