Полацкае дваранскае павятовае вучылішча

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Полацкае Дваранскае павятовае вучылішча — колішняя навучальная ўстанова ў Полацку.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1776 годзе, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай, Полацк стаў цэнтрам губерні. Новы статус даваў гораду шмат прывілегій. Змены закранулі не толькі адміністрацыйны ўклад, але і сістэму адукацыі. У 1788 г. Камісіяй аб зацвярджэнні вучылішчаў прымаецца рашэнне аб адкрыцці на тэрыторыі Беларусі, якая ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, двух галоўных вучылішчаў. У выніку, 15 красавіка 1789 г. у Полацку было адкрыта Полацкае галоўнае народнае вучылішча[1]. Гэта была ўсесаслоўная пачатковая навучальная ўстанова адкрытага тыпу, падпарадкаваная Міністэрству народнай асветы  (руск.), пасля заканчэння якой хлопчыкі маглі паступаць у гімназіі. На жаль, звестак пра дзейнасць вучылішча захавалася даволі мала. Вядома, што ў 1789 г. тут навучалася 117 чалавек, праз 6 гадоў колькасць вучняў павялічылася да 235.

У 1796 г. Полацкае намесніцтва было скасавана, і Полацк стаў павятовым горадам. У выніку гэтага колькасць вучняў пачала рэзка змяншацца. Захаваліся звесткі, што ў 1803 г. адукацыю атрымлівалі толькі 22 хлопчыкі (8 вучняў у малодшым класе і 14 — у старэйшым). У сувязі з адукацыйнымі рэформамі дадзеная навучальная ўстанова некалькі разоў мяеняла сваю назву. З 1804 г. яна стала называцца павятовым, а з 1828 г. — Полацкім дваранскім павятовым вучылішчам. Становішча палепшылася ў 30-я гг. ХІХ стагоддзя. У 1828 годзе ў вучылішчы быў адкрыты чацвёрты клас. У 1842 г. класаў было ўжо 5 (магчыма, з 1836 г.).

Ведаючы пра рэформы адукацыі, можна меркаваць, што дадзеная ўстанова пасля 1872 года атрымала назву Полацкага гарадскога вучылішча, а пасля 1912 — Полацкага вышэйшага пачатковага 6-класнага вучылішча.

Будынак вучылішча[правіць | правіць зыходнік]

Полацкае дваранскае вучылішча ўтрымлівалася за кошт Дзяржаўнай казны і платы бацькоў. Але асобныя вучні — дзеці выкладчыкаў і са збяднелых дваранскіх сем'яў, згодна прадстаўленых пасведчанняў аб беднасці — вызваляліся ад аплаты, якая складала 1 руб. 43 кап. у год (дадзеныя на 1841 г.). Зразумела, каб размясціць дзяцей розных класаў адной установы разам, патрэбен будынак з дзесяткам пакояў. На карце горада Полацка 17961802 гг. народнае вучылішча размяшчалася на вуліцы Ніжне-Пакроўскай, у былым эканамічным доме Богаяўленскага манастыра. Пасля закрыцця Полацкай езуіцкай акадэміі і вучылішчаў пры ёй, на галоўнай плошчы павятоваму вучылішчу разам з 1-класным прыхадскім вучылішчам належалі 3 мураваныя будынкі: дом і 2 флігелі. У адным з флігеляў размяшчаўся падрыхтоўчы ланкастарскі клас прыхадскога вучылішча, а таксама пакоі настаўніка і вартаўніка. Іншы флігель доўга нікім не быў заняты. У 1830 г., калі прымаецца рашэнне аб адкрыцці ў Полацку кадэцкага корпуса, флігелі, а ў 1831 г. і дом, перадалі пад новую навучальную ўстанову, а вучылішча атрымала два новыя дамы. Адзін з іх хутка забралі для гарадскіх патрэб. Іншы, верагодна, пабудаваны ў 1813 г., быў адрамантаваны ў 1833 годзе. Праўда, двухпавярховы мураваны будынак быў невялікім, у ім не хапала месца для заняткаў замежнымі мовамі, аб чым і паведамлялася папячыцелю Беларускай вучэбнай акругі  (руск.) Р. І. Карташэўскаму  (руск.). У 1837 г., згодна са звесткамі архіва, вучылішча размяшчалася ў доме яўрэя Гардэна, а ў 1842 г., пасля рамонту, мураваны двухпавярховы дом, дзе месцілася вучылішча, знаходзіцца ўжо на казённым забеспячэнні.

Навучанне[правіць | правіць зыходнік]

Міністэрства народнай асветы, ведаючы пра палітычныя матывы 1770-х гадоў на тэрыторыі Беларусі, кіравала народнай адукацыяй «имея главным намерением правительства упрочение в крае русской народности»[2]. Паўстанне 1830—1831 гадоў пацвердзіла думкі царскага ўрада наконт забароны польскай мовы. Галоўнымі навукамі становяцца руская мова і руская гісторыя. Акрамя гэтых прадметаў, у вучылішчы выкладаліся яшчэ матэматыка, геаграфія, некалькі замежных моў (французская, нямецкая, лацінская, а да 1837 г. і польская), чыстапісанне і маляванне. Значнае месца адводзілася і Закону Божаму. Паколькі Полацк быў горадам шматканфесійным, тут выкладалі асновы праваслаўя, каталіцтва і ўніяцтва. Але пасля скасавання уніі ў 1839 г. заняткі па асновах уніяцкай царквы спыніліся.

Навучальны год працягваўся з 1 жніўня і да канца чэрвеня наступнага года. У дзяцей былі калядныя, велікодныя і летнія вакацыі, перад якімі яны здавалі іспыты. Вучні, якія закончылі 4-ы клас, атрымлівалі пасведчанне і маглі працягнуць далейшую адукацыю ў Віцебскай гімназіі.

Выкладчыкі[правіць | правіць зыходнік]

Выкладчыкамі Полацкага дваранскага вучылішча былі добраадукаваныя людзі, большасць з якіх атрымалі вышэйшую адукацыю ва універсітэтах і акадэміях Вільні, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Полацка. Так, у 1834 г. з 8 выкладчыкаў такіх было 6. Яны валодалі адразу некалькімі еўрапейскімі мовамі, але абавязковай умовай, паводле загаду Міністэрства народнай асветы, было веданне настаўнікамі любых навучальных устаноў рускай мовай. З 1832 г. болей за 10 гадоў штатным наглядчыкам вучылішча быў тытулярны саветнік Аляксандр Плота. Законанастаўнікамі працавалі протаіерэй Іаакім Капаевіч, ксёнз Уладзіслаў Ражычка, былы ігумен Полацкага францысканскага кляштара Варфаламей Кутоўскі. Некаторыя настаўнікі адначасова выкладалі ў іншых навучальных установах Полацка.

Бібліятэка[правіць | правіць зыходнік]

Вучылішча мела даволі багатую бібліятэку. На паліцах, яшчэ ў першыя гады існавання вучылішча, поруч з поўным зборам М. Ламаносава, захоўваліся працы яго паслядоўнікаў — Д. Анічкава, Я. Казельскага, М. Галавіна, С. Кацельнікава. Перадавая руская мастацкая літаратура і журналістыка былі шырока прадстаўлены творамі М. Новікава, М. Карамзіна, Д. Фанвізіна. Тут жа можна было ўбачыць працы Вальтэра, Русо, Мантэск’ё, Мальера, Лока. Захаваліся і літаратурныя творы настаўніка Івана Сакольскага. Некаторыя з яго од былі пастаўлены вучнямі ў школе. Калі ў 1834 г. яна налічвала 249 назваў ў 760 тамах, то ў 1837—1838 гг. стала 425 назваў у 1035 тамах. Праз 5 гадоў кніжны фонд павялічыўся да 1496 тамоў, большасць з якіх былі на рускай мове. Вучылішча мела бібліятэку і фізічны кабінет, дзе знаходзіліся падшыўкі перыядычных выданняў, геаграфічныя карты, глобус, астралябія, эстампы, карціны, методыкі.


Зноскі

  1. Філатава А. М., Глазырын Я. У., Савіцкі Э. М. У складзе Расійскай імперыі // Памяць. Полацк. Мн.,2002. С. 228.
  2. Ступакевіч М. А. Жаночая адукацыя ў Беларусі. (другая палова XIX ст. — 1917). Гродна, ГДУ, 2006. С. 18.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Полацкае Дваранскае павятовае вучылішча / Воднева І. П. // Матэрыялы навукова-практычнай канферэнцыі : (па выніках навукова-даследчай работы …). ― Полацк, 2009. (1Н//219745(039))