Богаяўленскі манастыр (Полацк)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Богаяўленскі манастыр
55°29′03″ пн. ш. 28°46′06″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Богаяўленскі манастыр
Былая брацкая школа манастыра

Богаяўленскі манастыр — помнік архітэктуры барока з элементамі класіцызму. У цэнтры Полацка, на правым беразе Заходняй Дзвіны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаваны ў XVI ст., з'яўляўся цэнтрам праваслаўнага полацкага брацтва. Уключаў Богаяўленскую царкву і жылы корпус (цяпер выкарыстоўваецца пад музей). У XVI—XVII стст. пастаўленыя драўляныя будынкі манастыра і брацкай школы. У пачатку XVII ст. будынкі манастыра згарэлі. Паводле некаторых звестак, галоўная манастырская царква згарэла ў 1682 г. і замест яе пабудавана капліца; пасля пажару 1757 г. на сродкі жыхароў у 1761 г. пачалося аднаўленне храма, былі напалавіну ўзведзеныя сцены, але праз год зноў згарэлі. У 1779 г. будаўніцтва царквы было завершана (у далейшым неаднаразова перабудоўвалася).

Пасля наведвання ў 1780 г. Кацярынай II Полацка ўказам ад 10.12.1781 г. было выдзелена 35 221 руб. на ўпарадкаванне манастыра. У 1782 г. архітэктар Дж. Кварэнгі распрацаваў праект яго расшырэння: прадугледжваў раскрыццё кампазіцыі ансамбля будынкаў уздоўж вуліцы Вялікай (сучасная вуліца Леніна) — царкву фланкіравалі два двухпавярховыя будынкі, размешчаныя па чырвонай лініі вуліцы. У 1782—85 гг. з захаду ад царквы на месцы драўлянага будынка брацкай школы (у 1656—59 гг. у ёй выкладаў Сімяон Полацкі) быў узведзены Г-падобны ў плане корпус: у ім знаходзіліся келлі манахаў, пакоі ігумена і две цёплыя царквы — Ефрасіннеўская і Кацярынінская. З усходу ад царквы ў пачатку XIX ст. пабудаваны «эканамічны дом» (з 1835 г. мужчынскае духоўнае вучылішча[1]; не захаваўся).

У 17841791 гг. і 18121819 гг. у жылым корпусе размяшчалася народнае вучылішча, у 1792—1812 гг. — багадзельня. У 1959 г. на будынку манастыра ўстаноўлена мемарыяльная дошка Сімяону Полацкаму[1].

У 1970-я гады будынак манастыра рэстаўрыраваны, выкарыстоўваўся як жылы дом. У Богаяўленскай царкве пасля рэстаўрацыі з 1981 г. размяшчалася карцінная галерэя[1].

У наш час у жылым корпусе размяшчаюцца Музей беларускага кнігадрукавання і Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага.

Царква[правіць | правіць зыходнік]

Царква ўяўляе сабой аднаапсідны крыжова-купальны мураваны храм з двухвежавым галоўным фасадам і высокім светлавым барабанам са сферычным купалам, завершаным ліхтарамі, ліхтары завяршаюць і аднаярусныя вежы. Напачатку над сценамі ўзвышаліся чатыры франтоны: у 1839 г. заходні і ўсходні былі разбураны («бо надавалі каталіцкі выгляд»), а паўночны і паўднёвы паменшаныя. З заходняга боку былі дзве вежы. У паўночнай знаходзілася званіца (з сямю званамі), да яе вялі ўсходы з паўднёвай вежы. Сцены, вежы, барабан купала прарэзаныя высокімі паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і расчлянёныя пілястрамі. Інтэр'ер двухсветлавы, у заходняй частцы — хоры. Перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкай. У 1836 г. сцены і ўнутраная паверхня купала былі распісаны; захаваліся рэшткі насценнага фрэскавага жывапісу (у прасценках барабана фігуры трох свяціцеляў), выкананага ў тэхніцы тэмперы, паводле іншых звестак размалёўка выкананая ў 2-я палавіна 18 ст. і часткова адноўлена ў 19 ст[1].

Манастыр[правіць | правіць зыходнік]

Жылы корпус Г-падобны ў плане. Ва ўсходнім крыле размяшчаліся келлі манахаў, пакоі ігумена, у вуглавой частцы — 2 цёплыя царквы: Ефрасіннеўская і Кацярынінская (планіроўка зменена). З-за няроўнасці рэльефу частка будынка мае наўпадвальны паверх. Галоўны (паўночны) фасад арыентаваны на вул. Ніжне-Пакроўскую[1]. У кампазіцыі галоўных фасадаў будынкаў выкарыстаны характэрны для класіцызму прынцып ордара, але без яго вертыкальных частак. Першы паверх трактаваўся як своеасаблівы п’едэстал пад больш парадным другім паверхам, быў дэкарыраваны рустам і расчлянёны невялікімі лучковымі аконнымі праёмамі. На гладкай паверхні сцен 2-га паверха — шырокі паясок, вокны больш выцягнутыя, з простымі ліштвамі. Будынкі завершаныя развітым прафіляваным карнізам. Кутняя частка (тут знаходзіліся келлі) вылучана чатырма дарычнымі паўкалонамі, завершана франтонам і невялікай вежай1830-я гады пабудаваны купал на цыліндрычным барабане, адноўлены)[1].

Зноскі

  1. а б в г д е 1843.  // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]