Польска-беларускае таварыства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Польска-беларускае таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі — грамадска-палітычная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1919—1920 гг. у Варшаве. Складалася з асобных прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху і маянткоўцаў-кансерватараў, галоўным чынам — з Магілёўскай і Мінскай губерняў.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Таварыства было створана 31 мая 1919 г. у Варшаве па ініцыятыве Лявона Дубейкаўскага і Эдварда Вайніловіча для палітычнай падтрымкі ідэі федэрацыйнага саюза Беларусі і Польшчы («для ўзаемнага пазнання і збліжэння Польшчы і Беларусі») у час існавання Грамадзянскай управы ўсходніх земяль і вырашэння лёса беларускіх земляў ва ўмовах польска-савецкай вайны (1919—1920).

Асобныя прадстаўнікі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руха і ўплывовыя маянткоўцы-кансерватары Беларусі, якія, ратуючыся ад бальшавікоў, аселі ў Варшаве і былі прыхільнікамі палітычнай суб'ектнасці Беларусі (у першую чаргу — Эдвард Вайніловіч), вырашылі аб'яднацца. На думку Вайніловіча, збліжэнне часткі прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху з кансерватыўна настроенымі польскамоўнымі і каталіцкімі землеўласнікамі Беларусі («палякамі») было вынікам пераканання, што бальшавікі жадаюць «адзінай і непадзельнай Расіі» і ніколі не дадуць магчымасці беларусам нацыянальна развівацца, а Беларусь «патоне ў рускім моры» і асімілюецца. З іншага боку, і самі польскамоўныя і каталіцкія землеўласнікі Беларусі («палякі»), асабліва з ліку членаў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і Польскай рады беларускіх зямель, былі гарачымі прыхільнікамі палітычнай суб'ектнасці Беларусі і хацелі саюза, а не інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы. Эдвард Вайніловіч быў перакананы, што ва ўмовах бальшавіцкай пагрозы толькі саюз Беларусі і Польшчы (праз адраджэнне федэратыўнай Рэчы Паспалітай) можа гарантаваць культурнае развіццё беларусаў і палітычную суб'ектнасць Беларусі.

Паводле прынятага статута, таварыства ставіла за мэту дамагацца «цяснейшай прыязнасці паміж беларускім і польскім народамі, грунтоўнае і шырокае азнаямленне польскага грамадства з Беларуссю і, наадварот, беларускага грамадства з Польшчай, будаўніцтва ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне культурнай, эканамічнай і асабліва палітычнай, як роўны з роўным, вольны з вольным». У склад кіраўніцтва ўваходзілі Міраслаў Абязерскі (старшыня), Лявон Дубейкаўскі (віцэ-старшыня), Канстанцін Гардзялкоўскі (сакратар і скарбнік), Павел Аляксюк, Эдвард Вайніловіч, Т. Галуўка, Аляксандр Лядніцкі, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч, В. Цывінскі, Чэслаў Янкоўскі і інш.

Грамадзянская ўправа ўсходніх зямель (Zarząd Cywilny Ziem Wschodnich) — польская грамадзянская адміністрацыя на літоўска-беларускіх землях, не інкарпараваных у склад Польшчы, а занятых у 1919—1920 гадах польскім войскам

Таварыства арганізоўвала сумесныя публічныя канферэнцыі, лекцыі па польска-беларускай праблематыцы, праз польскую і беларускую прэсу асвятляла грамадска-палітычнае становішча і перспектывы дзяржаўнай федэрацыі абодвух краін, дамагалася стварэння свайго часопіса, наладжвання сумесных музейных выставак, увядзення ў школьныя праграмы польскіх і беларускіх навучальных устаноў прадметаў па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі Польшчы і Беларусі. Таварыству ўдалося вызваліць у Варшаве з лагероў ваеннапалонных шмат беларусаў, якія не па ўласнай волі ваявалі ў шэрагах бальшавікоў супраць польскіх войск.

У кастрычніку 1919 г. створаны Мінскі аддзел таварыства, у працы якога ўдзельнічалі Магдалена Радзівіл, Ежы Чапскі, С. Лянкоўскі, В. Янчэўскі і інш. У верасні 1919 г., у разгар польска-савецкай вайны, выдала адозву да грамадзян беларуска-літоўскіх зямель, у якой заклікала да яднання Польшчы і Беларусі. 15 студзеня 1920 г. звярнулася з мемарандумам да генеральнага камісара Грамадзянскай управы ўсходніх зямель, у якім звяртала ўвагу на ўціск польскай акупацыйнай адміністрацыяй беларускага школьніцтва, прэсы, грамадска-палітычных арганізацый і культурна-асветных гурткоў, арышты беларускіх нацыянальных дзеячаў. Для паляпшэння польска-беларускіх адносін і вырашэння палітычных канфліктаў у Беларусі прапаноўвалася стварыць пры Грамадзянскай управе ўсходніх зямель спецыяльны камітэт з ліку мясцовых землеўласнікаў і інтэлігенцыі.

Пасля расколу Рады БНР ў лістападзе—снежні 1919 г. і паслаблення пазіцый прыхільнікаў незалежнасці беларускай дзяржавы, Вацлаў Іваноўскі, упаўнаважаны Найвышэйшай Радай БНР (прыхільнікамі супрацоўніцтва з Польшчай), заключыў 24 сакавіка 1920 г. пагадненне з Леанам Васілеўскім, які прадстаўляў Начальніка польскай дзяржавы — Юзафа Пілсудскага. Пагадненне рэгулявала польска-беларускае сужыццё на Міншчыне, але ўжо не было адпаведнай атмасферы нават на ажыццяўленне падпісаных абавязкаў. У палітычных колах Польшчы ў той час ішла працяглая шматмесячная барацьба: ствараць федэрацыю ці інкарпараваць занятыя польскімі войскамі беларускія і ўкраінскія землі. Паступова перамагалі польскія «эндэкі» — прыхільнікі інкарпарацыі беларускіх і ўкраінскіх зямель, прычым не ўсіх, а толькі невялікай часткі, каб прасцей было іх паланізаваць.

8 мая 1920 г. Эдвард Вайніловіч спецыяльна прыехаў у Варшаву з Мінска, каб паўдзельнічаць у паседжанні «Польска-беларускага таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі», бо, хоць на Міншчыне і іншых беларускіх землях была ўсталявана польская грамадзянская ўлада, Эдвард Вайніловіч быў прыхільнікам палітычнай суб'ектнасці Беларусі і не хацеў, каб беларускія землі (ці іх частка) увайшлі ў склад Польшчы ў статусе звычайных польскіх ваяводстваў. У гэты час у Варшаве адбываліся святочныя маніфестацыі і ў эйфарыі спявалі ўрачыстыя гімны ў касцёлах па прычыне заняцця польскімі войскамі 6 мая 1920 г. горада Кіева і ўкраінскіх зямель. На паседжанні малалікія асобныя прадстаўнікі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руха выказаліся аб дзяржаўнай незалежнасці Беларусі. Эдвард Вайніловіч жа звярнуў увагу на той факт, што самі беларускія нацыянал-дэмакраты нічога не здолелі рэальнага зрабіць для незалежнасці — не сабралі ні грошай, ні войска. Ён выказаўся, што заўсёды прытрымліваўся прынцыпа непадзельнасці тэрыторыі Беларусі, і тлумачыў, што ў гэтай сітуацыі трэба адмовіцца ад ідэі самастойнасці Беларусі, бо самастойная Беларусь непазбежна будзе захоплена альбо Польшчай, альбо бальшавіцкай Расіяй. Вайніловіч пераконваў, што трэба згаджацца на саюз (унію) Беларусі з Польшчай, умовы якога можна будзе ў далейшым карэктаваць. Ён выступіў з ініцыятывай напісаць адпаведную дэкларацыю і прадставіць яе ў польскі ўрад. Беларускі бок згадзіўся з правільнасцю аргументаў Вайніловіча. Дэкларацыя была апублікавана ў польскіх газетах — падкрэсліваўся прынцып суб'ектнасці і непадзельнасці Беларусі, але не мовілася аб незалежнасці[1].

З лета 1920 г. фактычна таварыства бяздзейнічала. У час Слуцкага паўстання ў лістападзе 1920 г. асобныя члены таварыства (Лявон Дубейкаўскі, Канстанцін Гардзялкоўскі, Чэслаў Крупскі) безвынікова намагаліся правесці сумесную Палітычную нараду па абмеркаванні ваенна-палітычнага становішча ў Беларусі і наладжванні каардынацыі паміж польскімі фарміраваннямі, удзельнікамі «слуцкай акцыі» і вайсковымі аддзеламі Станіслава Булак-Булаховіча з мэтай арганізацыі ўзброенага выступлення супраць савецкай улады.

У верасні 1921 г. Польска-беларускае таварыства спыніла сваё існаванне, бо не ўдалося дасягнуць галоўнай мэты — стварэння польска-беларускай федэрацыі: паводле рашэнняў Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г. толькі заходнебеларускія землі былі ўключаны ў склад Польшчы (Другой Рэчы Паспалітай), прычым — у статусе звычайных польскіх ваяводстваў, нават без аўтаномнага іх уладкавання.

Зноскі

  1. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia … С. 277—279.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ляхоўскі, У. Польска-беларускае таварыства // ЭГБ, у 6 т. Т. 6, кн .ІІ. — Мн., 2003.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — cz. 1. — Wilno: Józef Zawadzki, 1931. — 368 с. — ((польск.) ).
  • Войнилович, Э. Воспоминания / Э. Войниллович; пер. с польск., общ. ред. В. Завальнюка. — Мн.: Издание Минской римо-католической парафии св. Симона и Елены, 2007. — 380 с. — 250 экз. (руск.) 
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jurkowski, R. Rada Polska Ziemi Mińskiej wobec I Korpusu polskiego gen. J. Dowbór-Muśnickiego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане: Матэрыялы Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 ліст. 2006 г. / Польскі Ін-т у Мінску; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: Польскі Ін-т у Мінску, 2007. — С. 65—81.