Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Цэнтральная беларуская рада Віленшчыны і Гродзеншчыны — орган палітычнага прадстаўніцтва беларускага нацыянальнага руху ў заходняй частцы Беларусі, якая знаходзілася пад кантролем польскіх улад у 1919-21.

Утворана 9-10.6.1919 на Беларускім з'ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны. У першы склад прэзідыума ўвайшлі: К. Дуж-Душэўскі (старшыня), М. Кахановіч (віцэ-старшыня), Я. Станкевіч, Б. Тарашкевіч, Я. Чарапук, святар Кушнеў, ксёндз М. Пятроўскі і інш. Выступала ў абарону сацыяльных і нацыянальных правоў беларускага народа, спрыяла развіццю беларускай школы, выдавецкай справы, кааперацыі, займалася дабрачыннасцю на карысць пацярпелых ад вайны і дзяцей-сірот. Знаходзілася пад уплывам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая стаяла ў апазіцыі да польскіх улад. У палітычнай дзейнасці прытрымлівалася актаў БНР за незалежную і дэмакратычную беларускую рэспубліку. У 1919, калі Рада БНР фактычна не функцыянавала, прэтэндавала на ролю галоўнага палітычнага цэнтра беларускага вызваленчага руху. 2.8.1919 ініцыіравала стварэнне Беларускай ваеннай арганізацыі (пазней пераўтворана ў Беларускую ваенную камісію), 15.7.1919 — выдавецкага таварыства «Веда» (кіраўнік Я. Станкевіч). 22.9.1919 у Вільні арганізавала настаўніцкія курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў беларускіх школ (навучалася больш за 70 настаўнікаў з Віленшчыны і Гродзеншчыны). Спробы стварэння прафесійнага беларускага тэатра ў Вільні не былі рэалізаваны. 3 18.9.1919 выдавала інфармацыйны бюлетэнь Рады лацінкай і кірыліцай на шапірографе (выйшла больш за 10 нумароў). У верасні 1919 у склад Рады кааптаваны прадстаўнікі ад Беларускага настаўніцкага саюза ў Вільні, Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, Віленскага Белнацкома, Віленскага саюза кааперацыі і іншых арганізацый: А. Карабач, Ф. Ярэміч, Ф. Кушаль, В. Ластоўскі, І. Канчэўскі і інш. 18.9.1919 ў новы склад прэзідыума Рады ўвайшлі Б. Тарашкевіч (старшыня), М. Кахановіч, А. Карабач (віцэ-старшыні), В. Ластоўскі (сакратар), Ф. Ярэміч (скарбнік). На працягу сваёй дзейнасці Рада неаднаразова выступала з пратэстамі супраць рэпрэсій і рэквізіцый беларускіх жыхароў, арыштаў беларускіх нацыянальных дзеячаў, закрыцця беларускіх школ. Ініцыіравала збор подпісаў за аднаўленне закрытай Будслаўскай беларускай гімназіі. У пач. 1920 з-за адсутнасці Б. Тарашкевіча абавязкі старшыні выконваў А. Карабач. У гэты час у сувязі з моцным палітычным і адміністрацыйным уціскам улад Рада фактычна спыніла сваю дзейнасць. Яе функцыі па апекаванні беларускіх школ, па развіцці культурна-асветнай і кааператыўнай справы ў рэгіёне ўзялі на сябе Часовы Беларускі нацыянальны камітэт у Мінску, Беларуская Цэнтральная школьная рада, Цэнтральны беларускі саюз сельскай гаспадаркі і інш. Спробы актывізаваць працу Рады ў канцы 1920 — пач. 1921 поспеху не мелі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі Т. 1. кн. 1. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998.
  • Ляхоўскі У. Беларуская спрана падчас польскай акупацыі 1919-1920 гг. // Спадчына. 1994. №6.