Беларускае выдавецкае таварыства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Беларускае выдавецкае таварыства (БВТ) існавала ў Вільні ў 19131915 і 19191930 гг., выдавала і распаўсюджвала творы беларускай літаратуры.

Заснавана таварыства 01(14) ліпеня 1913 г. на базе выдавецтва «Нашай Нівы» Б. Даніловічам, І. Луцкевічам, К. Шпакоўскім і іншымі. Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Галоўную мэту сваёй дзейнасці бачыла ў духоўным адраджэнні беларускага народа. У 1913—1914 сакратаром выдавецтва працаваў Я. Купала. Старшынёй яго стаў Вацлаў Іваноўскі, які прадставіў суполцы памяшканне і грашовыя сродкі, значныя субсідыі таварыству выдзяляла княгіня Магдалена Радзівіл.

Першы этап існавання (1913—1915)[правіць | правіць зыходнік]

На першым этапе існавання выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 50 тыс. экз. Сярод іх творы Я. Коласа, М. Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К. Буйло, П. Беларуса, Я. Лёсіка і інш., «Велікодная пісанка», «Апавяданні і легенды вершам», «Беларускія календары» на 1914, 1915.

Цэнтрам распаўсюджання выдадзеных кніг стала заснаваная ў жніўні 1913 пры ўдзеле БВТ беларуская кнігарня Вацлава Ластоўскага. У той час гэта было адзінае беларускае выдавецтва, якое выплачвала аўтарскія ганарары.

Выдавецтва спыніла дзейнасць у 1915 з прычыны Першай сусветнай вайны.

Другі этап існавання (1919—1930)[правіць | правіць зыходнік]

Таварыства аднавіла дзейнасць у 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»). Выпускала навукова-папулярную, навучальную і мастацкую літаратуру. Уздым нацыянальна-вызваленчага руху ў сярэдзіне 1920-х гадоў актывізаваў працу выдавецтва. У яго кіраўніцтва (працавала на кааператыўных пачатках) уваходзілі вядомыя культурна-грамадскія дзеячы Заходняй Беларусі. Вядчае месца заняло выданне мастацкай літаратуры.

У другі перыяд існавання ў таварыстве выйшлі «Выбраныя творы» Я. Коласа, п'есы «У іншым шчасці няшчасце схавана» К. Каганца, «Суд» У. Галубка, «Атрута» М. Гарэцкага, «Лекары і лекі» А. Гаротнага, зборнік вершаў «зорным шляхам» Х. Ільяшэвіча, зборнік заходнебеларускіх паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І. Дварчаніна, крытычныя нарысы «Адбітае жыццё» А. Навіны, філасофскія эцюды «Адвечным шляхам» І. Абдзіраловіча (І. Канчэўскага), успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903-1928)» А. Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М. Доўнар-Запольскага і інш.

У перакладзе на беларускую мову выдадзены творы М. Лермантава, У. Караленкі, У. Гаршына, Г. Сянкевіча. Выдала кнігу палітычных і эканамічных артыкулаў «Зборнік «Наша ніва», працы па педагогіцы С. Паўловіча, вучэбныя дапаможнікі «Беларуская правапісь з практыкаваннямі» і «Правапісь чужых слоў» Я. Станкевіча, зборнік артыкулаў аб кааперацыі, кнігі па сельскай гаспадарцы Я. Пачопкі, «Беларускі спеўнік з нотамі» (вып. 1, у яго ўвайшлі народныя песні і творы, народжаныя вызваленчым рухам), «Беларускія календары» на 1926, 1927 і 1929.

Спыніла дзейнасць у пачатку 1930-х гадоў пасля забароны ўрадам Польшчы легальных форм вызваленчага руху.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Александровіч, С. Пуцявіны роднага слова. - Мн., 1971.
  • Туронак, Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі / Юры Туронак. - Мн., 2006.