Помнік Тадэвушу Касцюшку (Косава)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Помнік
Помнік Тадэвушу Касцюшку
Monument to Kosciuszko, Belarus.jpg
52°46′02″ пн. ш. 25°07′31″ у. д.HGЯO
Краіна
Горад
Скульптар Гэнік Лойка
Дата пабудовы 2018 год

Помнік Тадэвушу Касцюшку — помнік у горадзе Косава Івацэвіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Размешчаны на тэрыторыі музея-сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне, недалёка ад Косаўскага палаца. Першы поўнафігурны помнік Касцюшку ў Беларусі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Прапановы паставіць поўнафігурны помнік Тадэвушу Касцюшку гучалі ўжо даўно. Раней былі пастаўлены бюсты на тэрыторыі пасольства ЗША ў Мінску і ў вёсцы Малыя Сяхновічы, дзе была радавая сядзіба Касцюшкаў. У 2016 годзе з такой прапановай да ўлад звярталася Таварыства беларускай мовы, аднак справа з месца не рушыла[1].

Ідэя паставіць помнік у Беларусі зноў узнікла пасля таго, як беларуская дыяспара ў 2017 годзе паставіла помнік Касцюшку ў швейцарскім Золатурне, дзе ён дажываў свае гады. Сродкі на помнік Тадэвушу Касцюшку ў Косаве збіралі ў інтэрнэце. Праект падтрымалі 690 чалавек, якія сабралі больш за 22 тысячы беларускіх рублёў[1]. Імёны ўсіх ахвярадаўцаў будуць захоўвацца ў музеі. Скультура была створана беларускім скульптарам Гэнікам Лойкам і адліта ва Украіне[2]. Архітэктары помніка — Уладзімір Казакоў і Аляксандра Баярына, якая стварыла праект пастамента, безкаштоўна выканага фірмай «Гранітны свет». Аўтарамі шыльды сталі Кацярына Горская і Ігар Засімовіч, яна была таксама безкаштоўна выканана фірмай «БелСтэнд»[3].

Урачыстае адкрыццё помніка адбылося 12 мая 2018 года. На адкрыцці было шмат бел-чырвона-белых сцягоў. Сярод іншых прысутнічалі дыпламаты ЗША, Польшчы, Украіны, Расіі, мясцовыя ўлады, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, стваральнікі помніка і госці з многіх гарадоў[1].

Белую тканіну з помніка ўрачыста знялі старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук і скульптар Гэнік Лойка. Грыцук падкрэсліў важнасць помніка для розных людзей незалежна ад іх перакананняў. Ініцыятар збору сродкаў на помнік Глеб Лабадзенка ў сваёй прамове падкрэсьліў, што яго адкрыццё з’яўляецца добрым прыкладам «прыватна-дзяржаўнага супрацоўніцтва»[1].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Скульптура Касцюшкі вышынёй 2,2 м адліта з бронзы. Тадэвуш Касцюшка глядзіць удалячынь, у адной руцэ трымаючы шаблю, а іншай прыціскаючы да грудзей капялюш[4].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]