Псалтыр (Скарына, 1517)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Псалтыр, Скарына 1517)

ПсалтырПесни царя Давида еже словуть Псалтыръ») — першае пражскае выданне Скарыны, якое выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года.

Падставы выдання[правіць | правіць зыходнік]

Той факт, што Скарына выдаў першай менавіта гэтую кнігу, можа тлумачыцца тым, што з даўніх часоў усходне-славянскія народы выкарыстоўвалі гэтую кнігу для навучання грамаце, а праваслаўная царква — для богаслужэння. Першыя ўсходне-славянскія пераклады Псалтыра адносяцца да 11 ст.

Змест кнігі[правіць | правіць зыходнік]

Гравюра «Цар Давід» на тытульным аркушы
Гравюра «Генеалагічнае дрэва Ісуса» на адвароце тытульнага аркуша

На тытульным лісце змешчана гравюра Цар Давід і пашыраная назва кнігі, а на адвароце — гравюра Генеалагічнае дрэва Ісуса. На 2 — 4-ых аркушах знаходзіцца прадмова, у якой выдаўца знаёміць чытачоў з прызначэннем і прыёмамі выдання. Адна з крыніц прадмовы — «Беседы Василия Великого на первую часть первого псалма». Скарына падкрэслівае важнасць кнігі Псалтыр, які «детем малым початок всякое доброк наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Асветнік падкрэслівае навучальны характар выдаваемай кнігі: «Хощеши ли умети граматику или, по-рускы говорячи, грамоту, еже добре чести и мовити учить, знайдеши в зуполной Бивлии, Псалтыру, чти ее». У прадмове Скарына раскрывае прыёмы выдання, апісваючы сістэму спасылак і глосы на палях, якія павінны былі растлумачыць чытачам незнаёмыя словы: «… положил есми на боцех некоторыи слова для людей простых… руским языком, что которое слово знаменуеть». На аркушы 5-129-м змешчаны тэкст 150 раздзелаў кнігі, на аркушы 130-142-м — выбраныя песні Майсеевы.

Друкарскія асаблівасці выдання[правіць | правіць зыходнік]

Літара П

Кніга выдадзена на царкоўна-славянскай мове беларускай рэдакцыі. Фармат выдання — у чвэрць аркуша, аб'ём — 142 аркушаў, якія сабраны ў 17 сшыткаў. Набор выкананы пражскім шрыфтам Скарыны — у 10 радкоў вышынёй 75 мм. Сігнатура адсутнічае. Фаліяцыя змешчана на верхнем баку аркуша ўнізе справа. На 38-м аркушы — памылка фаліяцыі: замест 38 стаіць 30. Выданне ўпрыгожана 3 ілюстрацыямі (гравюра «Цар Давід» — на тытульным лісце, паўторана на спускавой паласе). Застаўка мае знак друкарскага знака Скарыны, другая застаўка папярэднічае «Песням Майсеевым». Ініцыялы, агульнай колькасцю 165 адбіткаў, змешчаны ў пачатку псалмаў і прадмоў.

Гісторыя вывучэння[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню Псалмы сталі вядомыя ў 1776 годзе, калі пецярбургскі кнігагандляр І.Волак набыў канвалют, у якім было 6 пражскіх выданняў Скарыны і ўрывак з кнігі Псалмаў. У тым жа годзе ў навуковы ўжытак увёў Бакмейсцер, аднак паведамленне апошняга засталося амаль незаўважаным, а канвалют у выніку быў згублены. У 1860-ых гадах І.А. Хлудаў набыў на Ніжагародскім кірмашы добразахаваны экзэмпляр (у ім не было толькі першага і 130 аркуша), а А.Я. Віктараў у 1867 годзе ўвёў яго ў навуковы ўжытак. Гэты экзэмпляр знаходзіўся ў бібліятэцы маскоўскага Нікольскага адзінаверчаскага манастыра, цяпер у Дзяржаўным гістарычным музеі. Другі вядомы экзэмпляр у 1904 годзе быў набыты пецярбургскай Публічнай бібліятэкай, цяпер знаходзіцца ў Расійскай нацыянальнай бібліятэцы. Таксама апісаны шэраг рукапісных копій Псалтыра, зробленых у 16-17 ст.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Францыск Скарына і яго час: Энцыкл. давед./ Беларус. Сав. Энцыклапедыя; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — 608 с.: іл. ISBN 5-85700-003-3

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]