Пятро Сакол

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Пятро Сакол (сапр. Пётр Аляксандравіч Масальскі, інш. псеўд. Пятрусь; 1 (14) ліпеня 1905, м. Пасінь Люцынскага пав. Віцебскай губ., цяпер воласць Пасіенас Зілупскага края, Латвія — 6 ліпеня 1985) — беларускі паэт, перакладчык.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

У 1922-23 вучыўся ў Люцынскай беларускай гімназіі, у 1925-26 — на Беларускіх 2-гадовых настаўніцкіх курсах у Рызе. У 1927 атрымаў месца настаўніка-практыканта ў Дзвінскай беларускай гімназіі. Удзельнік Латгальскага рабочага прафсаюза і партыі незалежных сацыялістаў, член культурна-асветнага таварыства «Бацькаўшчына» і «Таварыства беларускіх вучыцеляў» у Латвіі. У 1928 за ўдзел у левым радыкальным руху пазбаўлены права выкладання, жыў пад наглядам паліцыі. З 1929 да 1936 атрымліваў толькі часовую работу ў Ліепаі і Рызе (быў таксама карэктарам-перакладчыкам часопіса «Беларуская школа ў Латвіі»). З 1936 працаваў бухгалтарам на фанернай фабрыцы. У час нацысцкай акупацыі ў 1942-44 карэктар-перакладчык часопіса «Новы шлях». Складаў картатэку беларуска-латышскага слоўніка. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1945. У 1945-47 праходзіў «фільтрацыю» ў Хабараўскім краі, у Ніжнеамурскім папраўча-працоўным лагеры МУС СССР. Вярнуўся ў Рыгу ў сакавіку 1947. Працаваў рабочым.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Друкаваўся з 1923. У Люцынскай беларускай гімназіі выдаваў на шапірографе штомесячнік вучнёўскай творчасці і фальклорных запісаў «Ластаўка» (выйшлі 9 нумароў). Вершы, прасякнутыя духам пратэсту супраць сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту, змяшчаў у газеце «Голос беларуса», часопісах «Беларуская школа ў Латвіі», «Студэнцкая думка». Перакладаў творы рускіх і ўкраінскіх паэтаў, прозу Я. Порука і паэзію Я. Райніса. Аўтар зборніка перакладаў з латышскай мовы «Дайны» (1987). Асабісты архіў Пятра Сакола захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Мінску.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • На світанні. Рыга. 1929.
  • Дайны: Латышскія народныя песні / З латышскай. Мн., 1987.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускія пісьменнікі: Біябібліягр. слоўнік. Т. 5. Мн., 1995;
  • Кекелева Т. Беларускі пясьняр з-пад Люцына // Спадчына. 2000. № 1.
  • Ліс А. Два перакладчыкі з Латвіі // Далягляды. Мн., 1979;
  • Маракоў Л. Рэпрэсаваныя лiтаратары, навукоўцы, работнiкi асветы, грамадскiя i культурныя дзеячы Беларусi. 1794—1991.
  • Панізнік С. Вяртанне голасу // Дайны. Мн., 1987;