Беларуская школа ў Латвіі (часопіс)
| «Беларуская школа ў Латвіі» | |
|---|---|
| Тытульны аркуш часопіса «Беларуская школа ў Латвіі» № 1 (11), 1932 | |
| Арыгінальная назва |
Беларуская школа ў Латвіі |
| Тып | часопіс |
| Заснавальнік | Таварыства беларускіх вучыцялёў у Латвіі |
| Краіна |
|
| Галоўны рэдактар | Кастусь Езавітаў |
| Заснавана | 1926 |
| Спыненне публікацый | 1933 |
| Тэматыка | навукова-папулярны, педагагічны і літаратурна-грамадскі часопіс |
| Мова | беларуская |
| Перыядычнасць | штомесячны (з 1933 года — раз у 2 месяцы) |
«Белару́ская шко́ла ў Ла́твіі» — навукова-папулярны, педагагічны і літаратурна-грамадскі часопіс беларускай нацыянальнай меншасці ў міжваеннай Латвіі. З’яўляўся адным з галоўных інтэлектуальных і асветніцкіх выданняў беларускай дыяспары.
Гісторыя выдання
[правіць | правіць зыходнік]Часопіс быў заснаваны ў Рызе як афіцыйны друкаваны орган «Таварыства беларускіх вучыцялёў у Латвіі». Першапачаткова выходзіў як педагагічны дадатак да газеты «Голас беларуса». Выдаваўся выключна на беларускай мове. Адказным (галоўным) рэдактарам часопіса з’яўляўся вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, педагог Кастусь Езавітаў[1].
Часопіс меў два перыяды актыўнага выдання: з 1926 па 1929 год і з 1932 па 1933 год. Першапачаткова ён з’яўляўся штомесячнікам, аднак пачынаючы з № 4 за 1933 год, з-за фінансавых цяжкасцей, пачаў выходзіць адзін раз на два месяцы. Агулам за ўвесь час існавання ўбачылі свет 24 нумары часопіса[1]. Выданне было канчаткова закрыта ў 1934 годзе пасля ўсталявання ў Латвіі аўтарытарнай дыктатуры Карліса Улманіса, якая пачала наступ на правы і прэсу нацыянальных меншасцей[2].
Тэматыка і змест
[правіць | правіць зыходнік]Адукацыя і грамадска-палітычнае жыццё
[правіць | правіць зыходнік]На старонках выдання ўздымаліся найбольш актуальныя грамадска-палітычныя і асветніцкія пытанні жыцця беларускай меншасці ў Латвіі. Часопіс шырока асвятляў працу і становішча беларускіх навучальных устаноў, у тым ліку Дзвінскай, Люцынскай і Рыжскай беларускіх гімназій, а таксама арганізацыю ў іх навучальнага працэсу і пазакласнага жыцця. Выданне пісала пра гістарычныя падзеі 1917—1919 гадоў на Беларусі, у тым ліку пра Першы Усебеларускі з’езд, узнікненне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) і дзейнасць яе лідараў, рэгулярна паведамляла пра нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі[1].
Часопіс таксама служыў важнай пляцоўкай для каардынацыі моладзевага руху. Ён падрабязна асвятляў хроніку дзейнасці Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ), інфармаваў пра маладзёжныя з’езды, курсы і тэатральныя пастаноўкі[3].
Навука і краязнаўства
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку 1930-х гадоў часопіс «Беларуская школа ў Латвіі» фактычна стаў галоўнай друкаванай трыбунай для новаўтворанага Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі (БНКТЛ), паколькі яно не мела ўласнага перыёдыка. На старонках часопіса публікаваліся статуты таварыства, справаздачы аб яго дзейнасці, а таксама афіцыйны зварот-заклік і праграма па збіранні беларускага фальклору сярод латгальскіх беларусаў[4].
Сярод значных навукова-гістарычных і краязнаўчых публікацый:
- «Беларусь у мінулым і сучасным» К. Езавітава;
- «Літоўская метрыка і яе каштоўнасць для вывучэння мінуўшчыны Беларусі» Змітра Даўгялы;
- «Люцынскі замак у канцы XVI ст.» Вацлава Ластоўскага (пад псеўданімам Власт);
- «Ахова помнікаў старажытнасці на Віцебшчыне» прафесара Баляслава Брэжгі;
- «Як вучыць у новай школе» Антона Луцкевіча[1].

Культура і літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Рэдакцыя аддавала значную ўвагу культурнаму жыццю як у дыяспары, так і ў Савецкай Беларусі. Часопіс пісаў пра пастаноўкі Беларускага дзяржаўнага тэатра і яго кіраўніка Еўсцігнея Міровіча, працу Беларускага дзяржаўнага музея, Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу 1926 года і Усебеларускую нараду архівістаў. Інфармаваў пра дзейнасць Беларускага народнага тэатра ў Рызе і Дні беларускай культуры ў Латвіі[1].
Шырока асвятляліся юбілеі выбітных дзеячаў. У ліпені 1932 года выйшаў спецыяльны артыкул К. Езавітава, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, таксама адзначаліся юбілеі Якуба Коласа і Уладзіслава Галубка[5]. Часопіс змяшчаў матэрыялы ў сувязі са смерцю выдатнага латышскага паэта Яніса Райніса, падкрэсліваючы яго ролю як абаронцы правоў беларускай меншасці ў Латвіі. Публікаваліся пераклады твораў Я. Райніса і Андрайса Упітса на беларускую мову.
На старонках выдання рэгулярна змяшчаліся літаратурныя творы і вершы мясцовых беларускіх аўтараў Латвіі, такіх як Віктар Вальтар, Пятро Масальскі (пад псеўданімам Пятро Сакол), Вольга Нікановіч-Сахарава (пад псеўданімам В. Лепельчанка), Я. Воркуль, С. Слядзеўскі, А. Навамір, а таксама латгальскай паэтэсы Веры Вайцюлевіч (Вера Гаротная)[1][6].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 Ліс, Панізнік, с. 422—423.
- ↑ Грыбоўскі (Улманіс) 2022, с. 595—596.
- ↑ Грыбоўскі (моладзь) 2023, с. 121, 126.
- ↑ Грыбоўскі (БНКТЛ) 2023, с. 61, 73.
- ↑ Панізнік 2017, с. 43.
- ↑ Панізнік 2017, с. 40.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ліс А. С., Панізнік С. С. «Беларуская школа ў Латвіі» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — 494 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.
- Грыбоўскі Ю. Беларусы Латвіі ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму Карліса Улманіса (1934—1940 гг.) // Запісы БІНіМ : часопіс. — 2022. — № 42. — С. 589—621.
- Грыбоўскі Ю. Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі: стварэнне і дзейнасць (1932–1936) // Беларускі Гістарычны Агляд : часопіс. — 2023. — Т. ХХХ. — С. 52—77.
- Грыбоўскі Ю. Беларускі моладзевы й студэнцкі рух у міжваеннай Латвіі // Запісы БІНіМ : зборнік. — 2023. — № 43. — С. 116—145.
- Панізнік С. Глядзіце сонцу ў вочы (з берагоў латвійскага Надзвіньня) // Культура. Нацыя : часопіс. — 2017. — Снежань — № 20. — С. 39—50. — ISSN 2291-4757.