П’еса (музыка)
П'е́са (ад фр.: Pièce — кавалак, частка) — у музыцы — невялікі закончаны пераважна інструментальны твор для сольнага, ансамблевага або аркестравага выканання. Вылучаецца разнастайнасцю зместу і формы. У музычнай практыцы абазначае сінонім паняцця «твор» або прыналежнасць да сферы камернай музыкі, што выяўляе ўзаемасувязь паняцця «п'еса» з рознымі музычнымі жанрамі, прадстаўленымі самастойнымі творамі — мініяцюрамі.
Беларусь
[правіць | правіць зыходнік]У беларускай музыцы сярод п'ес: прэлюдыі (М. Аладава, П. Падкавырава, Р. Суруса і інш.), імправізацыі (для віяланчэлі сола Г. Гарэлавай, імправізацыя і танец для скрыпкі з фартэпіяна Э. Тырманд), рапсодыі для 2 цымбалаў і народнага аркестра Дз. Смольскага, фантазіі (на 2 беларускія народныя песні для народнага аркестра Я. Глебава), экспромты, музычныя моманты (для ансамбля скрыпачоў і фартэпіяна А. Мдывані), скерца (для цымбалаў з фартэпіяна І. Лучанка), вальсы, маршы і інш.
Часам інструментальныя п'есы ўзнікаюць як сінтэз музычных жанраў з літаратурнымі (балада, незакончаная казка для скрыпкі з фартэпіяна А. Багатырова; казка, п'еса для фартэпіяна С. Картэса; эпіталама, канцэртная п'еса для ансамбля скрыпачоў і фартэпіяна К. Цесакова; навелета, п'еса для скрыпкі і фартэпіяна У. Солтана; паэма для фартэпіяна Ф. Пыталева), тэатральна-драматычнымі (2 драматычныя маналогі для габоя сола Дз. Смольскага, Маскі для скрыпкі з фартэпіяна Г. Вагнера), жывапіснымі (Акварэлі для віяланчэлі з фартэпіяна К. Цесакова, фрэскавыя ўзоры для цымбалаў сола Л. Шлег). Інструментальныя п'есы ўзнікаюць таксама на аснове вакальнага жанраў (напрыклад, раманс, калыханка для віяланчэлі з фартэпіяна М. Аладава; арыета для валторны з фартэпіяна А. Багатырова).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).