Камерная музыка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канцэрт для флейты Фрыдрыха Вялікага ў Сан-Сусі

Ка́мерная му́зыка — галіна музычнага мастацтва, якая ўключае вакальныя і інструментальныя творы для невялікага складу выканаўцаў (сола або ансамбляў). Ёй уласцівы дэталізацыя музычнай драматургіі, адмысловая распрацоўка матэрыялу, тэндэнцыя да індывідуалізацыі ўсіх партый.

Асноўныя разнавіднасці твораў камернай музыкі — раманс, вакальны цыкл, саната, санатна-цыклічныя ансамблі (трыа, квартэт, квінтэт і інш.), інструментальныя п’есы і цыклы п’ес.

Тэрмін «камерная музыка» вядомы з 16 ст. як вызначэнне стылявой дыферэнцыяцыі свецкай музыкі, звязанай пераважна з бытавым (хатнім) музіцыраваннем, царкоўнай і тэатральнай музыкі. Вырашальную ролю ў фарміраванні камерна-інструментальных жанраў адыгралі прадстаўнікі венскай класічнай школы, камерна-вакальных — кампазітары-рамантыкі Ф. Шуберт, Р. Шуман. 3 19 ст. выконваецца ў канцэртных залах. У 19—20 стст. значныя дасягненні ў камернай музыцы належаць Ф. Шапэну, І. Брамсу, А. Дворжаку, Х. Вольфу, К. Дэбюсі, Л. Яначаку, Б. Бартаку, П. Хіндэміту, М. Глінку, А. Даргамыжскаму, М. Мусаргскаму, П. Чайкоўскаму, С. Танееву, С.Рахманінаву, А. Скрабіну, М. Метнеру, Дз. Шастаковічу, С. Пракоф’еву, М. Мяскоўскаму, Г. Свірыдаву.

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі ансамблевае музіцыраванне вядома з 17 ст. У канцы 18 ст. пашырана ігра на клавесіне, клавікордзе, у 19 ст. — фартэпіяннае, скрыпічнае, квартэтнае музіцыраванне. Арыгінальныя камерныя творы належаць А. Абрамовічу, І. Глінскаму, М. Ельскаму, Н. Орду, Ф. Міладоўскаму, В. Казлоўскаму.

У 20 ст. камерная музыка фарміравалася ў рэчышчы агульнага развіцця беларускай музычнай культуры. У інструментальных творах 19201930-х гг. характэрная рыса — цытаванне фальклорнага матэрыялу (квартэты М. Крошнера, М. Чуркіна, В. Яфімава). Больш складаныя сувязі з фальклорам у творах М. Аладава, А. Багатырова, П. Падкавырава, Р. Пукста, Я. Цікоцкага. Вакальная камерная музыка беларускіх кампазітараў ахоплівае рамансы і вакальныя цыклы (Л. Абеліёвіч, А. Багатыроў, Г. Гарэлава, Дз. Лукас, Р. Пукст, Дз. Смольскі, Э. Тырманд, Л. Шлег). Інструментальныя мініяцюры ёсць ва ўсіх беларускіх кампазітараў, але найбольш іх стварылі Л. Абеліёвіч, Я. Глебаў, В. Карэтнікаў, П. Падкавыраў, Дз. Смольскі. Цыклы п’ес для дзяцей пішуць В. Войцік, С. Картэс, А. Навахрост, Ф. Пыталеў, Э. Тырманд, К. Цесакоў, Л. Шлег і інш. Побач з традыцыйнымі інструментальнымі складамі беларускія кампазітары шырока выкарыстоўваюць у камернай музыцы духавыя, ударныя і народныя музычныя інструменты, узбагачаецца вобразная сфера (С. Бельцюкоў, Г. Гарэлава, У. Кур’ян, Дз. Смольскі, Л. Шлег).

На стылістыцы камернай музыкі адбіліся ўсе характэрныя тэндэнцыі беларускага музычнага мастацтва на розных этапах яго развіцця.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]