Разьбяныя абразы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Двухбаковы абразок «Маці Божая — Апостал Пётр» з Мінскага замчышча

Разьбяны́я абразы́ — рэльефныя выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых і сюжэтаў Святога Пісання.

Касцяны кубік з евангельскімі сюжэтамі з Мінска. Канец 15 ст.

У Беларусі найбольш старажытныя з іх — абразкі з косці і каменю работы (верагодна) візантыйскіх майстроў — датуюцца XII—XIII стст. Сярод знойдзеных археолагамі пры раскопках гэтага перыяду разьбяныя абразкі: «Хрыстос Эмануіл» з Пінска, «Канстанцін і Алена» з Полацка, трыпціх з Ваўкавыска, «Мікола і Стэфан» і 2-баковы абраз «Маці Божая — Апостал Пётр» з Мінска, «Мікола» з Навагрудка. Да твораў мясцовага паходжання беларускія мастацтвазноўцы адносяць загадкавы кубік канца XV ст. з евангельскімі сюжэтамі з Мінска і абразок XV—XVI стст. з Турава.

Створкі абразка-складня «Прамудрасць стварыла сабе храм» і «Святы» (Ананія, каля 1517—1525).

Выдатнымі ўзорамі старажытна-беларускай дробнай пластыкі з'яўляюцца рэльефныя абразкі з дрэва пачатку XVI ст., выкананыя ў Пінску разьбяром Ананіем: «Прамудрасць ствары сабе храм» (для князя Фёдара Яраславіча), «Сабор Багародзіцы», «Святы». Аб працяглым уплыве візантыйска-балканскай іканаграфіі сведчыць абраз «Маці Божая Мінская» з Усходняга Палесся.

Басценавіцкі майстар. «Цалаванне Іакіма і Ганны». 1723—1728. НММ РБ

3 другой паловы XVIII ст. ў перыяд позняга барока ў Брэсцка-Кобрынскім рэгіёне пашырыліся алтарныя абразы, у якіх тэмперай малявалі толькі адкрытыя часткі цела (твары і рукі), а адзенне, фон і інш. часткі кампазіцыі выконваліся рэльефам па ляўкасе. У такой тэхніцы выкананы абразы «Нараджэнне Багародзіцы», «Святая Варвара», «Маці Божая», «Цалаванне Іаахіма і Ганны» басценавіцкага майстра і інш.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]