Усходняе Палессе

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Рэгіёны Беларусі (XIX-пач. XX ст.):
     Панямонне      Паазер'е      Падняпроўе      Заходняе Палессе      Усходняе Палессе      Цэнтральная Беларусь

Усхо́дняе Пале́ссе — гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі. Займае большую частку Палескай нізіны ў Гомельскай, Мінскай і Брэсцкай абласцях. На ўсходзе мяжуе з Падняпроўем (на правабярэжжы Дняпра і ніжняй Бярэзіне), на поўначы — з Цэнтральнай Беларуссю (па лініі Парычы — Любань — Старобін — Чудзін), на захадзе — з Заходнім Палессем (ад Выганаўскага возера па міжрэччы Ясельды і Бобрыка на Лахву, Лунінец і далей па Прыпяці і правабярэжжы Гарыні). Паўночная мяжа рэгіёна сумяшчаецца з зонай кампактнага рассялення водараздзельнага тыпу, дзе характэрныя палескія ландшафты змяняюцца даўно абжытымі лёсавымі раўнінамі Цэнтральнай Беларусі з густой сеткай сельскіх пасяленняў. Межы гэтых рэгіёнаў адлюстроўваюць арэалы мясцовых этнонімаў — палешукоў на поўдні і палян (ці палевікоў) на поўначы.

Мясцовыя мазырскія гаворкі складаюць асобную групу паўднёва-заходняга дыялекту.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У жалезным веку Усходняе Палессе з'яўлялася асноўнай тэрыторыяй рассялення мілаградскай культуры (3—7 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры (3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.).

У 8—9 ст. Усходняе Палессе засялялі дрыгавічы, якія мелі сваё палітычнае аб'яднанне «княжанне». У 9 ст. яны дайшлі на поўначы да верхняга басейна Бярэзіны, на захадзе дасягнулі левабярэжжа Нёмана, дзе сустрэліся з яцвягамі, паклаўшы пачатак славянізацыі апошніх.

У 12—13 ст. асноўная тэрыторыя Усходняга Палесся ўваходзіла ў склад Тураўскага (Турава-Пінскага) княства, Мазырскае Палессе — Кіеўскага княства.

У перыяд ВКЛ і Рэчы Паспалітай землі Усходняга Палесся ўваходзілі ў склад Менскага, Наваградскага і Берасцейскага ваяводстваў. Разам з тым па этнаграфічных рысах у той час Палессе вылучалася ў асобную гістарычную правінцыю, што знайшло адлюстраванне на геаграфічных картах (карты Т. Макоўскага 1613; Г. дэ Баплана 1651 і інш.).

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Усходняе Палессе ўвайшло ў склад Мінскай губерні.

Гаспадарчыя заняткі[правіць | правіць зыходнік]

У рэльефе Усходняга Палесся кампактныя ўзвышшы чаргуюцца з балоцістымі нізінамі Прыпяцкага Палесся. Да нядаўняга часу вялікія плошчы займалі адкрытыя балоты (галы).

Шырокія веснавыя разлівы, забалочаныя землі і няўдобіцы накладвалі адбітак на характар рассялення, становішча шляхоў зносін і транспартныя сродкі, гаспадарчыя заняткі і паўсядзённы побыт.

У земляробчай практыцы побач з трохполлем захаваліся лясныя пералогі і лядная (падсечна-агнявая) сістэма. Зямлю апрацоўвалі валамі з дапамогай палескай сахі. На чаўнах сяляне перапраўляліся з аднаго вострава на другі, ставілі буданы-курані, што служылі ім часовым жыллём, і паслядоўна апрацоўвалі адзін участак за другім. Такім жа спосабам збіралі ураджай з палёў, абмалочвалі снапы ці складвалі іх неабмалочанымі на высокіх адонках, а пасля вывозілі на чаўнах або санях.

Мясцовыя жыхары трымалі буйную рагатую жывёлу і свіней, якіх выганялі на выпас у лес ці адвозілі ў чаўнах на суседнія астравы, дзе яны знаходзіліся ў натуральных умовах без нагляду. Статкі рагатай жывёлы пасвілі ўдалечыні ад вёсак, заганяючы на ноч у спецыяльную загарадку з куранём і лёгкай будынінай тыпу хлява (кашара).

У традыцыйнай гаспадарцы побач з земляробствам і жывёлагадоўляй былі пашыраны рыбалоўства, збіральніцтва, пчалярства, хатнія промыслы.

Паселішчы[правіць | правіць зыходнік]

Сельскія пасяленні нераўнамерна размяркоўваліся на тэрыторыі рэгіёна. Найбольш густа населенымі здаўна былі Хойніцка-Брагінскае і Юравіцкае ўзвышшы, Мазырская града, на захадзе — Тураўская лёсавая раўніна. Побач з мнагадворнымі сустракаліся невялікія пасяленні (5—10 хат), засценкі і хутары-выселкі. Будоўлі звычайна размяшчаліся ў сістэме сядзібы: хата + сенцы + істопка + павець + хлявы + адрына. Найбольш распаўсюджаныя тыпы жылля: хата + сенцы + істопка, хата + сенцы.

На поймавых і балоцістых месцах хаты мелі драўляную падлогу і ставіліся на палі. Стрэхі рабілі на самцах («закотам»), крылі дошкамі, чаротам, саломай. Па вечарах хаты асвятлялі стацыянарным лучніком (светачам).

Адзенне[правіць | правіць зыходнік]

У народным адзенні Усходняга Палесся захаваліся традыцыйныя рысы, у якіх выяўляецца агульнаславянская аснова. У жаночым адзенні найбольш пашыранай была панёва-плахта, якую насілі з шарсцяным фартухом (запаскай). У больш ранні перыяд насілі 2 запаскі — спераду і ззаду. Кашуля мела ўзорны (часцей вышываны) дэкор на каўняры, рукавах, грудзях, унізе на падоле. Ва ўзоры дамінавалі буйныя раслінныя формы, якія ў познім сярэдневякоўі выцеснілі геаметрызаваны дробнараслінны арнамент. Жаночыя гарсэты ўпрыгожвалі аплікацыяй. У Прыпяцкім Палессі яны больш доўгія, прыталеныя, з шарсцяной тканіны, у Мазырскім — кароткія, з даматканага палатна ці фабрычнай тканіны (гл. калінкавіцкі строй, брагінскі строй, турава-мазырскі строй, давыд-гарадоцка-тураўскі строй).

Кераміка[правіць | правіць зыходнік]

У керамічнай вытворчасці вядомы цэнтры па вырабе задымленага і паліванага посуду ў Парычах, Юравічах, Лоеве.

Песенны фальклор[правіць | правіць зыходнік]

Рэгіянальныя асаблівасці мае песенны фальклор: для вясельных напеваў Усходняга Палесся ўласцівы святочна-прыўзнятыя лірычныя матывы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Усходняе Палессе // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 1: Дадатак: Шчытнікі — Яя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. С. 464—465.
  • Сержпутовский А. Очерки Белоруссии. СПб., 1907.
  • Сербов И. А. Поездки по Полесью 1911 и 1912 гг. Вильна, 1914.
  • Лексіка Палесся ў прасторы і часе. Мн., 1971.
  • Якімовіч Ю. А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся, XVII—XIX стст. Мн., 1978.
  • Можейко З. Я. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
  • Титов В. С. Историко-этнографическое районирование материальной культуры белорусов, XIX — начало XX в. Мн., 1983.
  • Цітоў В. С. Народная спадчына: Матэрыял. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]