Рамуальд Райс
Рамуальд Райс | |
---|---|
Дата нараджэння | 30 лістапада 1913 |
Месца нараджэння |
|
Дата смерці | 30 снежня 1949 (36 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род войскаў | Армія Краёва |
Званне | капітан |
Бітвы/войны |
Другая сусветная вайна Польска-беларускі канфлікт |
Узнагароды і званні | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Рамуальд Адам Райс (польск.: Romuald Adam Rajs; 30 лістапада 1913, Яблонка, Бжазоўская акруга, Галіцыя і Ладамерыя, Аўстра-Венгрыя — 30 снежня 1949 г., Беласток, ПНР), таксама вядомы пад мянушкай «Буры» — польскі афіцэр, камандзір падраздзяленняў Арміі Краёвай у 1945—1946 гадах. Пакараны смерцю за злачынствы супраць мірнага насельніцтва.
У студзені — лютым 1946 года банда Райса здзейсніла масавае забойства 79 беларусаў на Падляшшы, прызнанае пасля актам генацыду.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў вёсцы Яблонка (цяпер Бжазоўскі павет, Падкарпацкае ваяводства, Польшча).
Скончыў агульную школу і гімназію ў Санаку, у 1929 паступіў у унтэр-афіцэрскую школу для малалетніх. У 1934 годзе ў званні капрала камандзіраваны ў 85-ы полк пяхоты 19-й дывізіі пяхоты ў Новую Вілейку (цяпер раён Вільні), а ў 1936 пераведзены ў 13-ы пяхотны полк. У 1938 пераведзены ў конны ўзвод 85-га пяхотнага палка.
Падчас вераснёўскай кампаніі 1939 года 85-ы полк дзейнічаў у раёне Ловіч у складзе Арміі «Прусы». 5-6 верасня пад Тамашавам Мазавецкім полк быў разбіты немцамі, а конныя часткі Райса былі канчаткова разбіты 15 верасня 1939 года пад Люблінам. Група Райса, якая адступала, была была затрыманая і раззброеная часткамі РСЧА пад Ковелем і адпраўлена ў турму у Бярозу-Картузскую. Неўзабаве Рамуальд Райс быў вызвалены і выехаў у Вільню.
У 1940 годзе быў затрыманы і правёў два месяцы ў працоўным лагеры. Пасля вызвалення дзейнічаў у складзе Саюза ўзброенай барацьбы, а пасля ў Арміі Краёвай. З 1943 г. быў намеснікам камандзіра 1-й штурмавой роты 3-й Віленскай брыгады АК. Паспяхова ваяваў з часткамі вермахта і літоўскімі калабарантамі.
У ліпені 1944 года прымаў удзел у вызваленні Вільні. Пасля арышту камандзіра Грацыяна Фруга органамі НКУС, прыняў камандаванне і вывеў падраздзяленне з савецкага акружэння ў Рудніцкую пушчу (цяпер тэрыторыя Пастаўскага раёна Рэспублікі Беларусь), а пасля распусціў. У кастрычніку 1944 года пераехаў у Беласток і па падробленых дакументах на імя Ежы Гураль далучыўся да Народнага войска польскага. Са студзеня 1945 года камандаваў узводам у батальёне Аховы дзяржаўных лясоў у Гайнаўцы. У маі 1945 завербаваны маёрам Зігмундам Шэндзеляжам у 5-ю Віленскую брыгаду АК, куды Райс дэзерціраваў з НВП разам з яшчэ 29 салдатамі.
7 верасня 1945 года маёр Шэндзеляж выдаў загад аб самароспуску 5-й Віленскай брыгады, але Райс адмовіўся выканаць загад і разам са сваім падраздзяленнем перайшоў у Нацыянальны ваенны супраціў, дзе быў павышаны да звання капітана. Яго падраздзяленне атрымала папаўненне (дасягнула 228 салдат) і з гэтага часу называлася 3-я Віленская брыгада НВС. Атрад Райса вёў тэрарыстычную барацьбу, знішчаючы аператыўныя групы НКУС, часткі Войска польскага і міліцыянераў.
Забойствы беларусаў у 1946 годзе
[правіць | правіць зыходнік]28 студзеня 1946 года салдаты капітана Райса ўвайшлі ў вёску Лазіцы, дзе на працягу наступных дзён затрымлівалі сялян праваслаўнага веравызнання і рабавалі іх. Пасля частку затрыманых, якія мелі хрысціцца і чытаць малітвы на польскай мове, адпусцілі. Банда Райса адправілася ў Гайнаўку.
29 студзеня жаўнеры «Бурага» здзейснілі напад на Гайнаўку, забіўшы двух савецкіх салдат і параніўшы яшчэ двух. Таксама 13 савецкіх салдат было раззброена. Пасля атрад адправіўся да Бельска.
30 студзеня ў лесе каля вёскі Старыя Пухалы 31 беларускі селянін быў забіты (гаворка ідзе аб сялянах, захопленых у Лазіцах), забойствы былі здзейсненыя абухамі сякер з асаблівай жорсткасцю. 31 студзеня салдаты Райса напалі на вёскі Заляшаны і Волька-Выганоўская, дзе забілі 16 мясцовых жыхароў, уключаючы жанчын і дзяцей.
2 лютага 1946 года былі спалены вёскі Зані (24 забітых жыхара) і Шпакі (9 забітых жыхароў).
30 красавіка 1946 3-я Віленская брыгада НВС была разбіта войскамі Корпуса ўнутранай бяспекі Польшчы. У лістападзе 1946 года капітан Райс выехаў спачатку ў Эльблёнг, а ў красавіку 1947 у Карпач, дзе ўладкаваўся на працу ў кіраўніцтва раёна. Летам 1947 года набыў пральню, якой кіраваў разам з жонкай.
17 лістапада 1948 быў арыштаваны па абвінавачванню ў здзяйсненні ваенных злачынстваў. У ходзе следства выдаў месцазнаходжанне свайго намесніка падпаручніка К. Хмялеўскага, на якога спрабаваў перакласці адказнасць. На судовым працэсе ў Беластоку 1 кастрычніка 1949 года быў прысуджаны да смяротнага пакарання. Прысуд прыведзены ў выкананне 30 снежня 1949 года.[1]
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]У 1995 годзе суд Варшаўскай ваеннай акругі адмяніў смяротны прысуд Рамуальда Райса з фармулёўкай, што забойствы праваслаўных сялян здзяйсняліся ва «ўмовах вышэйшай неабходнасці для аднаўлення незалежнасці польскай дзяржавы».
У 2005 годзе польскі Інстытут нацыянальнай памяці правёў следства ў выніку якога былі зроблены высновы, што дзеянні Райса «мелі прыкметы генацыду» ў адносінах да праваслаўных беларусаў[2]. У сакавіку 2019 Інстытут нацыянальнай памяці паведаміў, што ранейшыя высновы аб удзеле Рамуальда Райса ў генацыдзе беларускага насельніцтва былі хібнымі.
12 сакавіка 2019 года ў Міністэрства замежных спраў Беларусі быў выкліканы пасол Польшчы для тлумачэнняў, ці з’яўляецца перагляд ацэнкі дзеянняў Бурага афіцыйным пунктам гледжання польскіх уладаў і наколькі гэта суадносіцца з крокамі па выбудоўванні дыялога, у тым ліку гістарычнага, паміж краінамі[3]. У той жа дзень БЕЛТА паведаміла, што ў Нацыянальным сходзе Беларусі з абурэннем успрынялі апраўданне Інстытутам нацыянальнай памяці польскага ваеннага злачынца[4].
Персона Рамуальда Райса з’яўляецца аб’ектам гераізацыі для праварадыкальных палітычных сіл Польшчы, што выклікае асуджэнне з боку палітыкаў Рэспублікі Беларусь. 10 сакавіка 2021 года пракуратура Брэста ўзбудзіла крымінальную справу па факце гераізацыі ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса. Разгарэўся дыпламатычны скандал між Беларуссю і Польшчай. Консул Польшчы ў Брэсце Ежы Цімафеюк быў вымушаны пакінуць краіну. У той жа час беларусы і палякі ўдзельнічалі ў сумесных мерапрыемствах па ўшанаванні памяці ахвяр Рамуальда Райса ў Гайнаўцы[5].
Зноскі
- ↑ "Внук Райса «Бурого»: «Дед убивал врагов народа, а среди них было много белорусов»". Наша Ніва(руск.). Праверана 2018-02-20.
- ↑ 79 белорусов, сжег пять деревень. Кто такой Бурый и почему его оправдали в Польше(недаступная спасылка)
- ↑ У МЗС Беларусі выклікалі пасла Польшчы для тлумачэнняў
- ↑ В парламенте Беларуси возмущены оправданием польского военного преступника Ромуальда Райса Политика 12.03.2019
- ↑ nn.by