Расціслаў Алегавіч Стэфановіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Расціслаў Алегавіч Стэфановіч
Род дзейнасці архітэктар, дызайнер інтэр'ераў, палітычны вязень
Дата нараджэння 12 мая 1988(1988-05-12) (35 гадоў)
Грамадзянства
Альма-матар
Член у

Расціслаў Алегавіч Стэфановіч (нар. 12 мая 1988) — беларускі дызайнер і архітэктар, сябра пашыранага складу Каардынацыйнай рады, палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў БНТУ па спецыяльнасці «Архітэктурны дызайн». Працаваў па спецыяльнасці, ствараў архітэктурныя праекты і дызайны інтэр’ераў, аўтар шматлікіх праектаў будынкаў у Беларусі і за мяжой, у тым ліку, ВК «Алімпік-Парк», будынкаў ДВА «Белэнерга», кафэ «Масква».

Шмат гадоў захапляецца амерыканскім футболам, больш за 15 гадоў з’яўляецца гульцом каманды «Мінскія Зубры», у складзе якой стаў срэбным прызёрам ЧУ 2009, 2010, і 2011 гадоў, срэбным прызёрам Eastern Cup, чэмпіёнам УЛАФ 2013, УЛАФ 2016, BSL 2016[1].

У жніўні 2020 года стаў сябрам пашыранага складу Каардынацыйнай рады.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жонка Крысціну, у сям’і два непаўнагадовых дзіцёнка, дачка Ніколь і сын Марк.

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Расціслаў Стэфановіч быў затрыманы ўвечары 29 верасня 2020, калі паехаў на сустрэчу з іншымі ўдзельнікамі чата. Сустрэча планавалася каля станцыі метро «Уручча», там удзельнікаў чата чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа (якія фактычна самі арганізавалі сустрэчу праз акаўнт аднаго з раней затрыманых). «Пасля затрымання мяне завялі ў мікрааўтобус, паклалі тварам у падлогу і наносілі ўдары дубінкай… у вобласць ног і ягадзіц. Мяне білі і адначасова задавалі пытанні… што мы збіраліся падпальваць „Табакеркі“. Усяго нанеслі не менш за 20 удараў. Хтосьці сказаў, што здымуць з мяне штаны, каб згвалціць: штаны пацягнулі, але не знялі» — пазней на судзе сведчыў Стэфановіч[2]. Пры затрыманні Стэфановіч быў збіты, цялесныя пашкоджанні ў яго былі зафіксаваныя ў ІЧУ на Акрэсціна і ў СІЗА на Валадарскага, але судмедэксперт аглядзеў Расціслава толькі праз два месяцы пасля затрымання[3][4].

7 кастрычніка шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН-цэнтр і Беларуская асацыяцыя журналістаў Расціслаў Стэфановіч быў прызнаны палітычным зняволенным: «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[5].

9 кастрычніка былі выстаўленыя абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках).

5 лістапада 2020 сімвалічным «хросным» Расціслава Стэфановіча стаў дэпутат Бундэстагу Кай Герынг  (англ.): «Я заклікаю да неадкладнага і безумоўнага вызвалення і абароны жыцця і здароўя Расціслава Стэфановіча»[6][7].

Пасля Акрэсціна быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага, пасля ў СІЗА Жодзіна, адтуль зноў у СІЗА на Валадарскага. З СІЗА дасылаў свае малюнкі і вершы[8][9][10].

Суд над удзельнікамі чата (усяго па справе прахадзіла 12 чалавек, Давід Слашчоў знаходзіўся на волі, пасля першага пасяджэння ён з’ехаў з краіны, таму ў СМІ справа мела назву «справа 11 удзельнікаў чата», усе падсудныя, за выключэннем Аляксандра Юрчыка, былі прызнаны палітвязнямі), распачаўся ў чэрвені 2021, паседжанні адбываліся ў Ленінскім судзе Мінска, справу вёў суддзя Дзмітрый Астапенка[11], дзяржабвінавачанне падтрымліваў старшы памочнік пракурора Ленінскага раёна Аляксандр Рамановіч. Суд праходзіў у напаўзакрытым рэжыме: на яго пускалі не ўсіх ахвочых, слухачоў прымушалі выдаляць аўдыёзапісы з пасяджэнняў. На судзе стала вядома, што мужчын акрамя арт. 293 таксама абвінавачваюць па ч. 3 арт. 218 КК (Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры) на падставе таго, што яны нібыта збіраліся пашкодзіць адзін з кіёскаў «Табакеркі». Пры гэтым дырэктар «Табакерак» падчас следства напісаў заяву, што ніякай шкоды прычынена не было і што ён не мае ніякіх прэтэнзій, але абвінавачванні з фігурантаў так і не знялі[12].

Падчас допытаў абвінавачаных яны звярталі ўвагу на жорсткае затрыманне, парушэнні падчас следчых дзеянняў, фізічны і маральны ціск на допытах, а таксама сведчылі, што іх паказанні першапачаткова былі зафіксаваны пад прымусам. Напрыклад, Дзмітрый Ластоўскі сцвярджаў наступнае: "супрацоўнікі ўзялі мяне за рукі, вывелі да смеццевых кантэйнераў і сказалі: «Калі нічога не скажаш па фактах, мы цябе можам прыстрэліць, нам за гэта нічога не будзе». Другі абвінавачаны, Яўген Прапольскі: «Мне пагражалі, катавалі — білі маім электрашокерам. Добраахвотна я не пісаў заяву». У некалькіх вязняў меліся дакументы, дзе былі зафіксаваны іх траўмы, але суддзя адхіліў гэтыя дакументы, як і сведчанні саміх вязняў пра факты гвалту, ад далучэння да справы, нягледзячы на тое, што доказы, сабраныя з парушэннем закона, не могуць быць прынятыя для разгляду згодна з беларускім заканадаўствам[2].

Падчас спрэчак бакоў 5 і 6 ліпеня пракурор Рамановіч запрасіў для дзесяці палітвязняў пазбаўленне волі, тэрмінам ад пяці да дзевяці гадоў, у калоніі ўзмоцненага рэжыму. 19 ліпеня 2021 суддзя Астапенка вынес менавіта такія прысуды, як раней запрасіў пракурор, Расціслаў Стэфановіч атрымаў восем гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму[13][14].

Пасля прысуду Стэфановіч быў пераведзены ў турму № 4 у Магілёве, з сярэдзіны снежня 2021 знаходзіцца ў папраўчай калоніі № 17 у Шклове.

Зноскі

  1. РОСТИСЛАВ СТЕФАНОВИЧ (руск.)
  2. а б Амаль месяц разглядаецца справа дзесяці палітвязняў: некаторыя з іх заяўляюць пра катаванні (бел.)
  3. Гісторыя палітвязня Расціслава Стэфановіча — архітэктара, які хацеў, каб беларусаў пачулі (бел.)
  4. «Когда мужа избивали силовики, боли он уже не чувствовал». Парень из американского футбола может сесть на 12 лет, у него жена и двое детей (руск.)
  5. Супольная заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 20 новых палітычных зняволеных (бел.)
  6. Members of the Bundestag take over godparenthood for Viktar Kuushynau, Rastsislau Stefanovich and Artsiom Khvashcheuski (англ.)
  7. Дэпутаты еўрапейскіх парламентаў працягваюць кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі (бел.)
  8. Rastislau Stefanovich Архівавана 25 студзеня 2022. (англ.)
  9. «Чырвоным па беламу — Беларусь жыве». Семь стихотворений из-за решетки — из писем политзаключенных (руск.)
  10. «Мы живы! Не уничтожите нас!» Что сочиняют и рисуют политзаключенные — это надо видеть (руск.)
  11. Остапенко Дмитрий Андреевич (руск.)
  12. Фігурант «справы 11-ці ўдзельнікаў чата»: Карпянкоў асабіста здымаў «пакаяльнае відэа» на камеру (бел.)
  13. Дзесяцярых палітвязняў асудзілі па справе ўдзельнікаў чата (бел.)
  14. Сваякі палітвязняў па справе чата: «Па парушэннях у судзе можна напісаць цэлую кнігу» (бел.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]