Расціслаў Уладзіміравіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Расціслаў Уладзіміравіч
Князь тмутараканскі
1064 — 1067
Папярэднік: Глеб Святаславіч
Пераемнік: Глеб Святаславіч
 
Веравызнанне: праваслаўе
Нараджэнне: 1038(1038)
Смерць: 3 лютага 1067(1067-02-03)
Тмутаракань[d], Расія
Дынастыя: Род Рурыкавічаў
Бацька: Уладзімір Яраславіч
Дзеці: Рурык, Валадар, Васілька

Расціслаў Уладзіміравіч, хроснае імя Міхаіл (1038 — 3 лютага 1067) — князь тмутараканскі (1064—1067).

Раннія гады, праблема ўдзела[правіць | правіць зыходнік]

Сын Уладзіміра Яраславіча. З-за ранняй смерці бацькі, паводле лесвічнага права, Расціслаў не мог разлічваць на старшыя стальцы і мусіў задаволіцца воласцю, якую дадуць старшыя родзічы. Няма пэўнасці які ўдзел атрымаў 15-гадовы Расціслаў па смерці бацькі. Яшчэ В. М. Тацішчаў пад 1052 годам пісаў, што Расціслаў па смерці бацькі застаўся на княжанні ў Ноўгарадзе і Растове. Аднак далей, пад 1064 годам, В. М. Тацішчаў паведамляе ўжо, што Расціслаў у 1052 г. атрымаў Растова-Суздальскую воласць, а ў 1060 годзе па смерці Ігара Яраславіча быў пераведзены дзядзькамі ва Уладзімір-Валынскую воласць.[1]

Выпадае, аднак, што гэта толькі здагадкі В. М. Тацішчава, бо яго звесткі супярэчаць з некаторымі летапісамі. У Наўгародскім I летапісе малодшага ізводу пад 989 г. запісана, што ў 1054 г. Растова-Суздальскую воласць паводле тастаменту Яраслава Уладзіміравіча атрымаў яго сын Усевалад разам з Пераяслаўскай і Белазерскай воласцю і Паволжам. «Аповесць мінулых гадоў» кажа пра атрыманне Усеваладам толькі Пераяслаўскай воласці. А. Рапаў больш слушнымі лічыць наўгародскія звесткі, бо атрыманне Усеваладам толькі Пераяслаўскай воласці азначала б, што любімы сын быў абдзелены валасцьмі — Пераяслаўская воласць мела дужа абмежаваныя памеры і падвяргалася пастаянным наездам качэўнікаў.[1]

Таксама зусім не зразумела, чаму Расціслаў мусіў бы атрымаць Уладзімір-Валынскі толькі па смерці Ігара, бо Ігар апошнія тры гады жыцця трымаў не Уладзімір-Валынскі, а Смаленск. Таму звесткі В. М. Тацішчава адносна ўладанняў Расціслава ў 1050-х — пачатку 1060-х гадоў наўрад ці верныя.[1]

Захоп Тмутаракані і смерць[правіць | правіць зыходнік]

Далей, у «Аповесці мінулых гадоў» пад 1064 г. запісана: «Пабег Расціслаў да Тмутаракані, сын Уладзіміраў, унук Яраславаў і з ім пабеглі Парэй і Вышата, сын Астраміра, ваяводы наўгародскага. І прыйшоў і выгнаў Глеба з Тмутаракані, а сам сеў на яго месца». Шэраг летапісаў паведамляе, што Расціслаў бег у Тмутаракань з Ноўгарада, аднак ні адзін з іх, у т.л. наўгародскія, не кажуць, што Расціслаў у 1064 годзе трымаў Наўгародскую воласць. Ноўгарад у 1060-я гады трымаў сам вялікі князь Ізяслаў Яраславіч або адзін з яго сыноў. А. Рапаў прапануе версію, магчыма, Расціслаў Уладзіміравіч, які атрымаў ад старэйшых родзічаў нейкую воласць, збіраўся захапіць бацькаў сталец з дапамогай наўгародскіх баяр, але пацярпеў няўдачу і вымушаны быў бегчы на поўдзень.[1]

У 1065 г. Святаслаў Яраславіч прыйшоў да Тмутаракані, Расціслаў не хочучы ваяваць з дзядзькам пакінуў горад, а Глеб Святаславіч зноў заняў тмутараканскі сталец. Аднак, калі Святаслаў з войскам вярнуўся да Чарнігава, Расціслаў зноў заняў Тмутаракань, а Глеба выслаў да бацькі.[2]

Княжыўшы ў Тмутаракані, Расціслаў заваяваў касогаў і наклаў на іх даніну. Паводле адной з версій, актыўная дзейнасць князя занепакоіла грэкаў, яны паслалі да яго херсанескага катапана, які на піру атруціў Расціслава.

Сям'і і нашчадкі[правіць | правіць зыходнік]

Магчыма, Расціслаў быў у Тмутаракані без сям'і. В. М. Тацішчаў у свой час пісаў, што расціславава жонка, даведаўшыся пра смерць мужа, хацела разам з дзецьмі выехаць у Венгрыю да свайго бацькі, але вялікі князь Ізяслаў Яраславіч дзяцей ёй не аддаў, а самой ехаць дазволіў. Звесткі гэтыя, аднак, як і усе тацішчаўскія, падлягаюць пільнай рэвізіі. Вядома, пасля смерці Расціслава, не магло і весціся пра перадачу Тмутаракані яго дзецям, княства вярнулася ва ўладанне Святаслава Яраславіча.[3]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 Рапов О. Княжеские… С. 68.
  2. Рапов О. Княжеские… С. 68-69.
  3. Рапов О. Княжеские… С. 69.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Плахонин А. Г. Потомство Владимира Ярославича и Волынь // Вестник Удмуртского университета. 2003. Серия «История». — С. 98-107.
  • Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.