Нарушэвічы
| Нарушэвічы | |
|---|---|
| Герб «Вадвіч» | |
| Роданачальнік | Наруш |
| Падданства | Вялікае Княства Літоўскае |
Нарушэвічы (польск.: Naruszewicz, літ.: Naruševičiai) — шляхецкі род Вялікага Княства Літоўскага гербу «Вадвіч», галіна роду Мантыгірдавічаў[1]. У XVI—XVII стагоддзях прадстаўнікі роду займалі вышэйшыя дзяржаўныя пасады ВКЛ — вялікага падскарбія, падканцлера, вялікага пісара, кашталянаў[1]. У Расійскай імперыі род быў унесены ў радаводныя кнігі шэрагу губерняў[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Пачынальнік роду літоўскі баярын Мантыгерд (Мантыгірд), намеснік полацкі (1396), адначасова і родапачынальнік Мантыгірдавічаў. Мантыгерд меў сына Пятрашку, маршалка земскага літоўскага. Сын Пятрашкі Наруш даў імя роду, а ад унука Пятрашкі — Войткі Нарушэвіча, пайшлі галіны роду[1].
Сын Войткі Павел Нарушэвіч (памёр у 1544 годзе) быў пісарам канцылярыі ВКЛ і ў 1532 годзе ездзіў паслом у Маскву. Яго сын Станіслаў (памёр у 1589 годзе) стаў кашталянам смаленскім, а Мікалай Ян (памёр у 1575 годзе) з 1566 года быў вялікім падскарбіем літоўскім. Сыны Мікалая Яна Мікалай і Ян займалі пасаду вялікага лоўчага літоўскага; Ян у 1582 годзе быў абраны першым маршалкам Трыбунала ВКЛ, а Мікалай у 1588—1603 гадах быў кашталянам жамойцкім. Іх брат Крыштоф (каля 1570—1630) стаў надворным (1615), а потым вялікім (1618) падскарбіем літоўскім. З яго сыноў Станіслаў з 1630 года быў вялікім пісарам літоўскім, Ян з 1661 года — падскарбіем надворным, а Аляксандр Крыштоф у 1658—1668 гадах — падканцлерам літоўскім[1].
У другой палове XVI — першай палове XVII стагоддзя многія Нарушэвічы вызнавалі кальвінізм: кальвіністамі былі Станіслаў Паўлавіч, кашталян Мікалай і лоўчы Ян, а сын апошняга Аляксандр, кашталян жамойцкі з 1645 года, старшынстваваў на кальвінісцкіх сінодах ВКЛ у 1628, 1650 і 1652 гадах. Крыштоф у 1611 годзе перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва[1].
Нарушэвічам належалі маёнткі ў розных частках ВКЛ: Хомск і Жабер у Пінскім павеце (Мікалай Ян і яго сын Мікалай), палова мястэчка Косава і Палачаны ў Ашмянскім павеце (кашталян Мікалай), мястэчкі Круглае ў Аршанскім і Відзы ў Браслаўскім паветах (Станіслаў Паўлавіч), Ганусішкі ў Трокскім, Мажэйкава і Лебяда ў Лідскім паветах (Крыштоф)[1].
Пасля далучэння зямель ВКЛ да Расійскай імперыі род Нарушэвічаў быў унесены ў VI і I часткі радаводных кніг Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай, Мінскай, Кіеўскай і Падольскай губерняў[2].
Радавод
[правіць | правіць зыходнік]- Мантыгерд, намеснік полацкі (1396)
- Пётр Мантыгірдавіч (каля 1390 — 1459), маршалак земскі літоўскі
- Наруш
- Войтка Нарушэвіч
- Павел (? — 1544), пісар канцылярыі ВКЛ пры Жыгімонце Старым
- Станіслаў (? — 1589), кашталян смаленскі
- Мікалай Ян Нарушэвіч (? — 16 красавіка 1575), вялікі падскарбі літоўскі (з 1566)
- Мікалай (каля 1560 — лістапад 1603), вялікі лоўчы літоўскі (1582—1589), кашталян жамойцкі (1588—1603)
- Ян (? — каля 1613), вялікі лоўчы літоўскі (з 1589), маршалак Трыбунала ВКЛ (1582)
- Аляксандр (? — каля 1653), кашталян жамойцкі (з 1645)
- Крыштоф (каля 1570 — 1630), падскарбі надворны літоўскі (1615—1618), вялікі падскарбі літоўскі (1618—1630)
- Станіслаў (? — 27 мая 1650), вялікі пісар літоўскі (з 1630), рэферэндар (1642—1650)
- Ян (? — 1663), падскарбі надворны літоўскі (з 1661)
- Аляксандр Крыштоф (? — 21 чэрвеня 1668), вялікі пісар літоўскі (1654—1658), падканцлер літоўскі (1658—1668)
- Павел (? — 1544), пісар канцылярыі ВКЛ пры Жыгімонце Старым
- Войтка Нарушэвіч
- Наруш
- Пётр Мантыгірдавіч (каля 1390 — 1459), маршалак земскі літоўскі
Вядомыя прадстаўнікі
[правіць | правіць зыходнік]- Аляксандр Крыштоф Нарушэвіч (? — 1668) — падканцлер літоўскі[1][2]
- Адам Нарушэвіч (1733—1796) — рымска-каталіцкі дзеяч, філолаг, гісторык, перакладчык, паэт і пісьменнік[2]
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 5 6 7 Пазднякоў В. Нарушэвічы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 349. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- 1 2 3 4 Нарушевичи // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.