Рыгор Кійко

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Рыго́р Іва́навіч Кійко́
Імя пры нараджэнні: Рыго́р Іва́навіч Кійко́
Дата нараджэння: 27 чэрвеня 1951
Месца нараджэння: Цалуйкава, Луганская вобласць
Дата смерці: 3 кастрычніка 2014
Месца смерці: Мінск, Беларусь
Грамадзянства: Беларусь
Адукацыя: мастак
Партыя:
Род дзейнасці: палітык
Жонка: Алена
Дзеці: Алена, Наталля

Рыго́р Іва́навіч Кійко́ (нар. 27 чэрвеня 1951, вёска Цалуйкава Луганскай вобласці, Украінская ССР — 3 кастрычніка 2014, Мінск, Беларусь) — беларускі мастак, ветэран партыі БНФ , адзін з ініцыятараў стварэння мемарыялу ў Курапатах, сябра Беларускага саюза мастакоў, удзельнічаў ў працы мастацкай суполкі «Пагоня», палітвязень Беларусі, вязень сумлення[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся у в. Цалуйкава Луганскай вобласці Украіны ў настаўніцкай сям’і. Неўзабаве сям’я пераехала на радзіму маці ў Бабруйск. У 1980 г. Р. Кійко скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спецыяльнасці мастак-кераміст.

У партыі БНФ ад моманту ўтварэння руху і партыі. Пасля расколу БНФ у 1999 г. — сябра Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ.

Удзельнічаў у першай масавай акцыі дэмакратычнай апазіцыі ў мітынгу-рэквіеме Дзяды 30 кастрычніка 1988 г.

Каталік. Пэўны час працаваў бібліятэкарам у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску.

У 1997 г. у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску была выстава творчасці Рыгора Кійко «Беларускі космас».[2]

Храналогія пераследу

Неаднойчы затрымліваўся міліцыяй. У1996 г. Р. Кійко быў асуджаны на восем сутак зняволення за ўдзел у пікеце каля СІЗА-1 у падтрымку грамадзян Украіны, затрыманых у Мінску падчас Чарнобыльскага шляху.

1 красавіка 1997 г. Р. Кійко быў зняволены і абвінавачаны ў хуліганскіх дзеяннях падчас святкавання Дня Волі 23 сакавіка 1997 г., якое вылілася ў той дзень у сутычкі з міліцыяй. Агулам па справе Дня Волі-97, акрамя Р. Кійко, праходзілі ў якасці абвінавачаных яшчэ 4 чалавекі: Уладзімір Лыско, Анатоль Сарокін, Алесь Коваль, Алесь Бондараў. Неўзабаве справу перакваліфікавалі і ўсіх затрыманых абвінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў і актыўным удзеле ў іх.

Утрымліваўся ў мінскім СІЗА №1 тры месяцы, у ліпені 1997 г. быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе.

Суд пачаўся 30 кастрычніка 1997 г. Асуджаны 16.12.1997 г.  па арт. 186 і 187 КК РБ за «супраціўленне супрацоўнікам міліцыі» і «агрэсіўныя дзеянні з мэтай прынясення шкоды» да двух гадоў абмежавання волі з прымусовымі працамі. Да такога ж тэрміну пакарання быў асуджаны У. Лыско. А. Бондараў, А. Коваль і А. Сарокін былі асуджаныя на два гады выпраўленчых прац па месцы працы з утрыманнем 20% заробку.[3]

Адбываў пакаранне ў Зэмбінскай спецкамендатуры, каля г. Барысаў. Працаваў фізічна ў калгасе, затым мастаком на Барысаўскім мастацкім камбінаце.

26 студзеня 1999 г. выйшаў на волю.

Быў прызнаны Amnesty Internatoinal вязнем сумлення.

Працягваў палітычную дзейнасць. На Дзень Волі ў 2000 годзе быў жорстка затрыманы ў цэнтры Мінска разам з жонкай і дачкой Наталляй.[4]

У 2001 г. быў удзельнікам лагеру абароны Курапатаў, адзін з аўтараў народнага мемарыялу «Алеі крыжоў». Вырабляў драўляныя крыжы і ставіў іх, браў удзел у акцыях пратэсту супраць пашырэння аўтамагістралі, якая праходзіць праз некропаль. 8 лістапада 2001 г. быў моцна збіты АМАПам у лагеры абаронцаў Курапатаў, затрыманы разам з дачкой Ліліяй і асуджаны на штраф. Стала займаўся і далей мемарыялізацыяй Курапатаў.

27 ліпеня 2003 г. сябры арганізацыі «Зубр» праводзілі на плошчы Незалежнасці  несанкцыянаваны пікет у гонар 13-й гадавіны падпісання Дэкларацыі незалежнасці Беларусі. Пад час затрымання супрацоўнікамі міліцыі удзельнікаў пікету Р. Кійко выходзіў у гэты час з касцёлу св. Сымона і Алены і кінуўся іх бараніць. У выніку, ён быў таксама затрыманы.[5]

Р. Кійко быў удзельнікам «Плошчы Каліноўскага» — пратэста ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 г.

Быў жанаты. Меў двух дачок, Наталлю і Лілію. Наталля, была актывісткай «Маладога Фронта».[6]

Памёр 3 кастрычніка 2014 г. ў 10 клінічнай бальніцы г. Мінска ад анкалагічнай хваробы.[7]

Зноскі

  1. http://spring96.org/be/news/71639 Аднаму з першых беларускіх палітвязняў Рыгору Кійко патрэбная дапамога
  2. https://pieramoha.org/artykuly/kijko-ryhor-ivanavicz-1950-3-10-2014 КІЙКО РЫГОР ІВАНАВІЧ (1950 – 3.10.2014)
  3. http://old.memo.ru/hr/politpr/lists1/belorus.htm
  4. http://ds.ru/vs00325.htm Пресс-релиз
  5. https://spring96.org/ru/news/7541 27 июля в Минске прошли акции оппозиции, приуроченные к 13-й годовщине подписания Декларации независимости Беларуси.
  6. http://www.svaboda.org/a/1048446.html
  7. http://www.racyja.com/hramadstva/pamyor-mastak-rygor-kijko/

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Palitviazni.info Хронікі беларускіх палітвязняў. - 2013г. - 131 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]